Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтарам ліста ў падтрымку Клімава пагражаюць судом


Алег Грузьдзіловіч, Менск Некалькі аўтараў звароту ў падтрымку палітвязьня Андрэя Клімава атрымалі лісты ад начальніка Мазырскай калёніі Юрыя Збароўскага. Міліцыянт патрабуе выбачэньняў за нібыта паклёп ў справе Клімава, інакш пагражае судом.

Першым ліст ад начальніка Мазырскай калёніі, дзе знаходзіцца Андрэй Клімаў, атрымаў гомельскі актывіст Уладзімер Кацора і быў вельмі зьдзіўлены: зьвесткі пра тое, што ў Андрэя Клімава ў калёніі забралі харчы, друкаваліся, але ніхто іх не абвяргаў. Уладзімер Кацора мяркуе, што міліцыянтам бракуе юрыдычных ведаў.

“Каб прыцягнуць да адказнасьці за паклёп, паводле суду спачатку трэба, каб была заведзеная адміністрацыйная справа. У гэтым выпадку прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. А ўжо потым магчымае судовае разьбіральніцтва. Верагодна, пра гэта ня ведаюць юрысты калёніі, якія рыхтавалі адказ, ды начальнік калёніі. Але ён мусіць мець юрыдычную адукацыю”.

Уладзімер Кацора кажа, што яго не запалохала пагроза сустрэцца з адміністрацыяй калёніі ў судзе. Актывіст асабіста ведае Андрэя Клімава і гатовы далей змагацца за тое, каб правы вязьня не парушаліся.

У прэсавай службе АГП, дзе рыхтаваўся зварот у абарону Андрэя Клімава, паведамілі: падобныя лісты-папярэджаньні атрымалі яшчэ некалькі сябраў партыі. Сярод іх кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Леў Марголін. Актывіст не давярае адміністрацыі Мазырскай калёніі, паводле якой у Андрэя Клімава ўжо няма прэтэнзіяў да тых, хто адбіраў у яго харчы. Леў Марголін гатовы зьмяніць сваё меркаваньне, але толькі на падставе зьвестак незалежных назіральнікаў. Хай адміністрацыя калёніі дапусьціць іх, кажа актывіст.

“Наколькі я ведаю, шмат хто спрабаваў атрымаць дазвол наведаць Андрэя Клімава, у тым ліку замежныя дыпляматы, але нікому такі дазвол не далі”.

Ці сапраўды ў Андрэя Клімава ўжо няма прэтэнзій да сваіх турэмшчыкаў? Сваякі палітвязьня зь ягоных лістоў ведаюць ня шмат: “Ён пра гэта нічога ня піша, але лісты вельмі кароткія. Я б адзначыла, што ён нібыта абыходзіць гэтыя моманты”,– кажа жонка апазыцыянэра Тацяна.

Дык ці ёсьць пагрозы наконт суду мясцовай, як кажуць, самадзейнасьцю, або гэта – новая палітыка рэпрэсіяў супроць тых, хто выказвае салідарнасьць з палітвязьнямі? Меркаваньне начальніка калёніі Юрыя Збароўскага даведацца не ўдалося.

“Не, сёньня вы ніяк зь ім не пагаворыце”,– сказала супрацоўніца спэцаддзелу адміністрацыі калёніі, паводле якой начальнік быў у ад’ездзе. Непасрэдна пра Андрэя Клімава проста сказала, што “зь ім усё добра”.

Праваабаронца Алег Гулак заклікае карыстацца толькі праверанай інфармацыяй, а што да выпадку зь лістом у абарону Клімава, ён ня бачыць падстаў для крымінальнай адказнасьці за магчымыя памылкі. Праваабаронца не выключае, што папярэджаньне мазырскага міліцыянта будзе падхоплена:

“Канешне, няма падстаў падазраваць, што гэты зварот пісалі ў пад дыктоўку чыноўнікаў адміністрацыі прэзыдэнта. Пра сыстэмны падыход казаць рана, але гэта дрэнны знак”.

• Андрэй Клімаў у турме ачуняў ад прастуды, але хварэе на сэрца , 16.11.2007 • Апошні ліст ад сына Ала Клімава атрымала два тыдні таму , 12.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG