Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Кароль: “Я веру, што мне ня здрадзяць мае дзеці”


Радыё Свабода Аляксей Кароль – удзельнік праграмы “Ў што я веру”

У што я веру? У маім узросьце, калі большая частка жыцьця за плячыма, гэтае пытаньне гучыць ужо па іншаму: “У што верыў і верыш? А што ня спраўдзілася, аказалася падманам, ілюзіяй, хімэрай? І якія сымбалі веры ты хацеў, каб успрынялі твае дзеці?”

Думаю, што гэты шлях веры – ад юнацкіх надзей і мараў, ідэалістычных памкненьняў праз расчараваньні і зьдзяйсьненьні – пражывае кожны чалавек. Хаця, безумоўна, кожны па-свойму. І ў сваім часе, у сваім пакаленьні, у сваёй прасторы – на бацькаўшчыне, малой і вялікай радзіме, стала ці ў вандроўках. І безумоўна, што час, на які выпала тваё жыцьцё, традыцыі (ці іх адсутнасьць), абставіны, стэрэатыпы і стандарты, прынятыя ў сям’і, грамадзтве, уплываюць на фармаваньне тваіх уласных сымбаляў веры. Добра, калі гэтыя сымбалі не навязваюцца жорсткім мэханізмам пад назвай улада.

Вось я і выйшаў, бадай што, на галоўны сымбаль маёй сёньняшняй веры – веры ў свабоду. Свабоду выбару, свабоду слова, свабоду веравызнаньня, свабоду выказваньняў, свабоду на сваё меркаваньне, сваю думку, свабоду на ўласнае рашэньне.

Мо, таму, што маё пакаленьне – пасьляваеннае – ня мела гэтай свабоды. Хаця і добрую частку свайго жыцьця верыла, што мае. І толькі ў 1960-я гады перад намі адкрылася праўда, драматычная і трагічная праўда пра “самую справядлівую ўладу ў сьвеце”.

Я спрычыніўся да гэтай праўды прафэсійна, як гісторык, калі вывучаў справы рэпрэсаваных у закрытых архіўных сховішчах, рыхтуючы даведкі на рэабілітацыю Ўсевалада Ігнатоўскага, Зьмітра Жылуновіча, іншых так званых “нацдэмаў”.

Але непасрэдны штуршок да ўспрыняцьця, разуменьня гэтай праўды атрымаў раней. Памятаю, як на пачатку 1960-х мы, школьныя актывісты, сабраныя ў Менск на сэмінар, у інтэрнаце, што месьціўся тады на вуліцы Энгельса (будынак гэты ўжо не існуе), у пакоі чалавек на 20, спрачаліся ўсю ноч аб кульце асобы.

Нам навязвалі гэты сымбаль веры – правадыра, зямнога бога. Нас вучылі “делать жизнь” з “рыцараў рэвалюцыі”, таго ж “жалезнага Фелікса”. Нас вучылі любіць вялікую радзіму – СССР.

Слава Богу, рассыпаліся ў гістарычную труху гэтыя сымбалі веры. Але ж якой цаной? Напрошваецца рэмаркаўскае – пра страчанае пакаленьне.

Рэмарк, Хэмінгуэй – гэта таксама сымбалі новай веры майго пакаленьня. Веры ў мужчынскую суровую дружбу, у чалавечыя адносіны бяз здрадаў і зайздрасьці.

І ўсё ж такі мы – ня страчанае пакаленьне. Мы атрымалі большае – сваю бацькаўшчыну, сваю Беларусь. Сваю гісторыю, свае традыцыі. Свае сымбалі веры, якія не разыходзяцца з агульначалавечымі. І пасьпелі для гэтага нешта зрабіць.

Дэмакратызацыю распачало маё пакаленьне – малодшае пакаленьне шасьцідзесятнікаў. На жаль, яна пакуль не знайшла свайго лягічнага завяршэньня. Але веру, што менавіта пакуль. Веру, што час гэты не за гарамі.

Тэма “ў што я веру” міжволі падштурхоўвае на ўзьнёслы стыль. Імкнуўся пазьбягаць гэтага заўсёды і ў любой сытуацыі.

Веру ў непасрэднасьць і шчырасьць чалавечых адносін. Так было ў нашых з жонкай бацькоўскіх сем’ях. Так імкнёмся жыць і мы ў сваёй сям’і. Не павучаць, а размаўляць, слухаць і чуць, разумець адзін аднаго.

Лепш быць, чым здавацца; гонар і годнасьць даражэй за ўсё – такія простыя і такія важныя сымбалі веры. Мо, таму мне і пашанцавала ня мець канфлікту пакаленьняў ні са сваімі бацькамі, ні са сваімі дзецьмі. Пашанцавала ня проста верыць, а цьвёрда ведаць, што яны табе ніколі ня здрадзяць, не падвядуць, заўсёды падтрымаюць.

***

Аляксей Кароль – гісторык, адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі, шэф-рэдактар газэты “Новы час”.
XS
SM
MD
LG