Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўшанавалі двух мясцовых сьвятых, пацярпелых ад савецкае ўлады


Радыё Свабода, Віцебск У віцебскай царкве Казанскае Божае Маці прайшло ўшанаваньне мясцовых сьвятых – сьвятара Мікалая Акаловіча і сьвецкае асобы Ўладзімера Елянеўскага, рэпрэсаваных савецкай уладай за адданасьць праваслаўнай веры.

На ўрачыстасьці да дня кананізацыі віцебскіх сьвятых прыехаў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філярэт. З гэтае нагоды ў Віцебску сабраліся ўсе 12 архірэяў Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Ушанаваньне праваслаўных сьвятых Мікалая Акаловіча і Ўладзімера Елянеўскага, рэпрэсаваных савецкай уладай, Віцебск, 4.11.2007; мітрапаліт Філарэт
Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філярэт узяў удзел у хросным ходзе вакол царквы Казанскае Божае Маці

Протагіерэй Мікалай Акаловіч у 1920-30-я гады актыўна супрацьстаяў царкоўнаму расколу, а таксама змагаўся за тое, каб падчас рэквізыцыі каштоўнасцяў з віцебскіх храмаў не пацярпелі людзі. Паводле абвінавачаньня ў антысавецкай агітацыі быў асуджаны сасланы і памёр у зьняволеньні ў 1934 годзе. Месца ягонага пахаваньня засталося невядомае. Мікалай Акаловіч быў рэабілітаваны 12 верасьня 1989-га году Пракуратурай Віцебскай вобласьці.

Віцебскі сьвятар айцец Уладзімер Гарыдавец адшукаў нашчадкаў Мікалая Акаловіча. Ягоны ўнук Эдуард Пятровіч Акаловіч, які ўсёжыцьцё адпрацаваў на віцебскай фабрыцы КІМ, толькі нядаўна даведаўся, што ягоны дзед кананізаваны за заслугі перад праваслаўнай царквой.

Ушанаваньне праваслаўных сьвятых Мікалая Акаловіча і Ўладзімера Елянеўскага, рэпрэсаваных савецкай уладай, Віцебск, 4.11.2007; мітрапаліт Філарэт
Эдуард Пятровіч Акаловіч і ягоная дачка Алена, нашчадкі кананізаванага сьвятога Мікалая Акаловіча

Уладзімер Елянеўскі быў вядомы ў Віцебску юрыст і шчыры вернік. За актыўны ўдзел у царкоўным жыцці ён таксама быў рэпрэсаваны. Адбыўшы тэрмін ссылкі, ён ізноў вярнуўся ў Віцебск і напрыканцы жыцьця напісаў нарыс па гісторыі Віцебскай Епархіі. Памёр Уладзімер Елянеўскі ў 1954-м годзе, а рэабілітаваны быў толькі ў 1989-м.

Ушанаваньне праваслаўных сьвятых Мікалая Акаловіча і Ўладзімера Елянеўскага, рэпрэсаваных савецкай уладай, Віцебск, 4.11.2007; мітрапаліт Філарэт
Абраз з выявай сьвятога Ўладзімера Елянеўскага

Сёньня абразы з выявамі Мікалая Акаловіча і Уладзімера Елянеўскага ўрачыста абнесьлі вакол царквы Казанскае Божае Маці падчас хроснага ходу. Ушанаваць памяць сьвятых, пакутнікаў ад савецкае ўлады сабраліся некалькі соцень віцебскіх вернікаў.
XS
SM
MD
LG