Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень палітвязьня Васіля Лявонава


Алена Струвэ, Менск Сёлета ў лютым і летась у ліпені на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.

Да лістападу 1997-га кар’еру Васіля Лявонава можна параўнаць з дыяграмай вытворчасьці чыгуну ў былым Савецкім Саюзе. Чым далей, тым вышэй і болей. А пасьля лістападу 1997- з тым, што здарылася з гэтай вытворчасьцю ў выніку развалу СССР.

Сам Васіль Лявонаў такі паварот лёсу ніякім крахам ня лічыць. Ён кажа, што тры гады за кратамі дапамаглі яму адчуць сябе свабодным чалавекам. Прашу суразмоўцу ўзгадаць самы вызначальны у гэтым сэнсе дзень у няволі. На што Лявонаў адказвае: нейкага аднаго вырашальнага дня ані ў турме, ані на волі, ані ўвогуле ў жыцьці быць ня можа.

Існуюць імгненьні, перажытыя ў самыя розныя дні. Менавіта яны ўсё і вырашаюць. Гэтыя імгненьні некалькіх дзён свайго жыцьця і ўзгадвае ў часе нашай размовы былы міністар і вязень, а цяпер вольны чалавек Васіль Лявонаў. Паводле ягоных словаў, уся гісторыя пачалася за некалькі месяцаў да арышту, калі ён упершыню задумаўся пра добраахвотную адстаўку.

“Напачатку 1997 думаў пра тое, як сыйсьці з пасады міністра”

Лявонаў: “Кажу абсалютна афіцыйна: да магілёўскай групоўкі я належаў ўмоўна, выключна з-за паходжаньня. Ані Лукашэнку, ані магілёўскі клан я ніколі ў барацьбе за ўладу не падтрымліваў. У часе выбараў 1994 быў за Кебіча. Перамогу Лукашэнкі прыняў, паколькі гэта быў дэмакратычны выбар народу. Сваёй пазыцыі ніколі ні ад каго не хаваў. Нават, калі стаў міністрам, ня ўдзельнічаў ані ў якіх гульнях Лукашэнкі. Ганаруся тым, што сам сябе гэтым не запэцкаў…

У год свайго арышту я стаў актыўна думаць пра тое, як сыйсьці з пасады. Я разумеў, што беларускі народ будзе доўга падтрымліваць Лукашэнку, паколькі яму, народу, бачна далёка ня ўсё. У мяне ж было шмат нерэалізаваных рынкавых ідэй, якія я прывёз зь Нямеччыны. Ажыцьцявіць іх у Беларусі я ня бачыў магчымым.

У сакавіку 1997 я атрымаў першую цікавую прапанову аб працы ў Расеі і вырашыў падаць у адстаўку. Аднак мне паведамілі пра сэлектарную нараду, на якой трэба было быць. У выніку праца ў Расеі сарвалася. Потым была новая прапанова.

Я нават жонку на гэта новае месяца звазіў. Потым высьветлілася, што ўвесь гэты час мяне пасьвілі людзі Лукашэнкі, нават у Сочы за мной езьдзілі, дзе адпачываў… Калі вярнуўся з адпачынку, вырашыў пакласьці заяву на стол. Аднак мяне арыштавалі літаральна на наступны дзень у маім кабінэце”.

“У дзень арышту я ўсьміхаўся і думаў, што гэта нейкая паранойя”

Струвэ:“Ваш арышт 11 лістапада 1997 паказалі на ўсю краіну…”

Лявонаў:“Я бачыў гэты рэпартаж, калі сядзеў у "амэрыканцы" -- ізалятары КДБ. Дарэчы, ў чаканьні прысуду я сядзеў у трох сьледчых ізалятарах -- КДБ, у Жодзіне і на Валадарцы. А пакараньне адбываў у Воршы. Праз пару дзён пасьля таго першага сюжэту ўбачыў і другі сюжэт, калі Лукашэнка публічна абвінаваціў мяне ў забойстве Мікалуцкага…

Я добра памятую літаральна кожную дэталь таго дня, 11 лістапада. У сюжэце па БТ паказалі дзьве карцінкі. Першая, у маім кабінэце, калі бачна, што я ў роспачы. У гэтыя хвіліны мне паведамілі, што дома ўжо быў ператрус. Там узламалі ў хаце сэйф. Нічога, зразумела, не знайшлі. А я ўявіў сабе, як гэтая каманда бандытаў ходзіць па маёй хаце, хаміць маёй жонцы, як ёй цяжка, а яна адна на тым хутары.

Другая карцінка, калі мяне вялі па калідоры. Я ўсьміхаюся. Я бачыў ва ўсім гэтым нейкую паранойю. Я яшчэ напярэдадні атрымаў інфармацыю пра магчымы арышт, аднак вырашыў па-мужчынску ўсё высьветліць. Што я такога антыдзяржаўнага мог зрабіць? У мяне добрая партыйна-савецкая кар’ера, я добра працаваў за мяжой. Калі мяне вялі, я думаў, што гэта вар’яцкія гульні Шэймана. У яго былі свае рахункі да мяне. Я быў перакананы, што справа лопне як мыльны пухір. Па сутнасьці так і адбылося на працэсе. Выставіць мне штосьці ў якасьці віны суд так і ня змог”.

“Турма не ламае чалавека ў адзін дзень, яна робіць гэта мэтадычна й паступова”

Струвэ:“У шэрагу вашых інтэрвію вы кажаце, што ў турме ламаюцца многія людзі. Вы можаце ўзгадаць такі дзень, калі спрабавалі зламаць вас. Як вам удалося выстаяць?”

Лявонаў:“Маё перакананьне -- тры з чатырох вязьняў у беларускіх турмах сядзяць дарэмна. Іхныя прысуды сьмеху вартыя. І толькі адзін з чатырох -- сапраўдны злачынца, бандыт ці забойца. Турма не ламае чалавека ў адзін дзень, яна робіць гэта мэтадычна і паступова. Дзеля таго, каб чалавек прызнаўся ў тым, чаго не рабіў, ужо ня ставяць іголкі ў пазногці. Існуюць, напрыклад, самыя розныя псыхалягічныя і псыхічныя сродкі ўзьдзеяньня.

Аднойчы на Валадарцы Алег Алкаеў пасадзіў мяне ў адну камэру з такім 45-гадовым "прыгажуном" -- рэцыдывістам у наколках. І мне гэты сусед сказаў: “Я камуністаў рваць буду!”. Я стаў перад ім і спакойна адказаў: “Калі ласка, пачынай, ірві”. Я ведаў, што па-за камэрай усё падслухоўваюць. Чакаю, што будзе рабіць ён і тыя, якія на калідоры. Сусед пакрычаў, пабегаў. Аднак з таго часу, мне ніхто не пагражаў.

Яшчэ мяне паілі нейкімі псыхатропнымі прэпаратамі, якія адбіваюць памяць. Прыйшоў нейкі сьледчы, размаўляў са мной. Гаварылі, пілі ваду. У камэры заўсёды адчуваеш смагу. Ня памятаю, як страціў прытомнасьць і што са мной было. Калі прыйшоў у сябе, пачуў, як начальнік гучна скандаліў з тым чалавекам. Вось так гэта было. Вырубілі з той мэтай, каб я пачаў штосьці гаварыць. Што, ня ведаю. Аднак я быў ўпэўнены ў сабе, што нічога такога супраць сябе і сваіх блізкіх я сказаць ня мог. Больш такіх экспэрымэнтаў са мной не рабілі”.

“Самы цяжкі дзень ў няволі -- дзень спатканьня з жонкай”

Лявонаў:“Гэта было, калі мне сказалі пра спатканьне з жонкай. Паведамілі пра гэта загадзя. Гэтыя дні чаканьня былі для мяне самымі жахлівымі. Некалькі начэй перад гэтым я ня спаў. Я ўсё думаў -- лепш бы яна не прыходзіла. Я ня ведаў, як сустрэну яе ў турме. Я ня мог дараваць сабе тыя хвіліны і гадзіны, якія перажыла мая жонка ў часе ператрусу. Я адчуваў і дагэтуль адчуваю сваю віну перад ёй і дзецьмі за тое, што ўцягнуў іх у сваю сытуацыю. У мяне не было праблем сувязі з воляй, паколькі турэмнае кіраўніцтва не лічыла мяне крымінальнікам. І сказаў жонцы перад спатканьнем: не прыходзь…

Жонка прыйшла на спатканьне. Прычым вельмі спакойнай. Потым я даведаўся, што яна таксама шмат начэй не спала і напярэдадні, дзеля таго, каб трымацца, выпіла шмат розных мэдыкамэнтаў. Гэта сустрэча працягвалася дзесьці 40 хвілін. Мы гаварылі, як і ўсе, праз шкло. Кожны з нас імкнуўся падбадзёрыць і падтрымаць адзін аднаго. Гэта спатканьне, аднак, стала для мяне вырашальным. Я зрабіў для сябе першую вельмі важную выснову: ніхто не прымусіць мяне адмовіцца ад маіх прынцыпаў і зрабіць нейкае глупства”.

“Я вельмі ўдзячны таму дню, калі турэмнікі паклалі мне ў камэру Біблію”

Струвэ: “Вы сказалі “зрабіў першую важную выснову”. Былі яшчэ іншыя важныя высновы?”

Лявонаў: “Гэта было ў жодзінскім ізалятары. Мяне накіраваў туды з “амэрыканкі” на перавыхаваньне тагачасны намесьнік міністра ўнутраных спраў спадар Лапацік. Ён вёў справы зьніклых і быў адзіным, хто прытрымліваўся вэрсіі адносна забойства мной Мікалуцкага. У Жодзіне адчуваў сябе нават маральна горш, чым ва ўсіх іншых сьледчых ізалятарах, бо мне нават не давалі чытаць. Усім давалі чытаць, а мне -- не. У маю камэру паклалі толькі Біблію. Чытаць яе было нейкім прымусам для мяне. Але, як кажуць, азнаёміўся. Пазьней узьнік інтарэс.

Самае галоўнае, ня трэба разумець літаральна, што там напісана. Гэта такі прымітыўны падыход і асэнсаваньне. Зусім іншае - прыйсьці да глыбіні сэнсу. Я вельмі ўдзячны таму дню, калі ў рукі трапіла Біблія. З таго часу я пастаянна думаю пра розьніцу паміж Богам і д’яблам. Бог дазваляе чалавеку рабіць выбар і такім чынам не пазбаўляе яго гэтай свабоды. Д’ябал яго гэтага пазбаўляе”.

“Дзень суду перанёс лягчэй за дзень вызваленьня”

Лявонаў: “Пра суд магу сказаць наступнае: гэта былі нечаканыя і нават яркія ўражаньні. Прыемна ўразіла, што мяне прыйшлі падтрымаць тыя людзі, якіх я ня надта ведаў. Яны бывалі ў мяне на прыёме, калі я працаваў міністрам, штосьці прасілі і я рабіў, што было ў маіх сілах. Некалькі жанчын, якіх я таксама ня надта ведаў, прынесьлі мне кветкі і сказалі: “дзякуй!” Вельмі сьмешна было, калі агучвалі абвінавачваньне, асабліва шкада было судзьдзю. Быў толькі адзін псыхалягічна цяжкі момант. Людзі глядзелі на мяне праз клетку. Так мне паказалі ўнучку. Яна нарадзілася, калі я быў ужо ў няволі.

Калі ты ў клетцы, ёсьць адчуваньне, што зь цябе робяць зьвера. Аднак усё ж гэты дзень суду перанёс значна лягчэй за дзень вызваленьня.Псыхалягічна дзень вызваленьня апісаць цяжка… Мяне вызвалялі ня ў складзе групы, аднаго. Выклікалі, аддалі мае рэчы. Напярэдадні пазванілі зяцю, каб прыехаў і сустрэў. Інакш, як можна такога злачынцу, як я, пускаць аднаго па горадзе Ворша? Выпускалі мяне з такімі словамі: “Ты ж глядзі, не займайся палітыкай, бо ізноў трапіш да нас”.

Калі выйшаў на волю, убачыў зяця, то ізноў прыйшло пачуцьцё віны перад блізкімі. Мае блізкія па-ранейшаму застаюцца закладнікамі маёй сытуацыі. Мая дачка, якая жыве ў Магілёве, ня можа знайсьці сябе працу. Другая дачка, якая абараняла мяне ў судзе, змагла ўладкавацца на працу толькі ў Маскве.

Увогуле чалавек выходзіць на волю іншым, адрозным ад таго, якім ён трапіў за краты. Калі цябе не чакаюць на волі, то лепш на яе не вяртацца. Патрабуецца шмат часу, шмат сіл, шмат любові блізкіх, шмат -- шмат чаго іншага для гэтак званай адаптацыі. Мне спатрэбіліся месяцы. Пакуль я ня зьехаў зь Беларусі. Ужо потым я змог вяртацца сюды больш-менш нармальным чалавекам. Цяпер мне ня цяжка прыяжджаць сюды”.

“Я чакаю дня, калі фактычна будзе прызнаная мая невінаватасьць”

Лявонаў: “Спадзяюся, што аднойчы настане дзень, калі змагу зьвесьці рахункі з тымі, хто пазбавіў мяне волі. Я не кажу пра помсту. Гэта пачуцьця ў мяне няма. Я чакаю сатысфакцыі, фактычнага прызнаньня сваёй невінаватасьці. Мой абвінаваўчы пратакол сфабрыкаваны з грубымі парушэньнямі працэдуры, на аснове паказаньняў тых, хто на судзе ня быў. Як толькі рэжым рухне, старшыня Вярхоўнага суду мусіць адмяніць гэты прысуд. Гэта і будзе маім зьвядзеньне рахункаў”.

Струвэ: “Сёньня вам знаёмае такое пачуцьце як любоў да радзімы?”

Лявонаў: “Не любіць сваю радзіму нельга. Што да аптымізму адносна яе сьветлай будучыні, то яго няма. Хаця я вывучаючы гісторыю іншых народаў, я разумею, што ўсё часова. Я тры гады пражыў у Бэрліне. Я бачыў гэтых ветлівых, паважлівых адзін да аднаго людзей, а потым бачыў гэтак званыя бэрлінскія сопкі. Калісьці пасьля Другой Усясьветнай на гэта месца вывезьлі рэшткі разбураных бомбамі будынкаў і засыпалі бэтон зямлёй. Цяпер тут расьце лес. Калі глядзіш на сопкі, прыходзяць асацыяцыі са знаёмых кінакадраў: на шырокіх бэрлінскіх вуліцах людзі вітаюць Гітлера. Потым яны ідуць зьнішчаюць іншых. А вось цяпер мы бачым іншых немцаў, іншую Нямеччыну, дэмакратычную і пацыфісцкую.

Мы таксама станем іншымі. У часе нядаўняга судовага працэсу ў Беларусі, адзін малады чалавек сказаў: “Вы мяне можаце застрэліць, аднак я буду працягваць сваю справу!”. Гэтыя людзі і будуць рабіць справу. Маё ж пакаленьне, я вельмі шкадую, аказалася, на гэта няздольным”.

Васіль Лявонаў нарадзіўся 16 красавіка 1938 ў вёсцы Дубянец Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці. У 1964 скончыў Беларускі інстытут мэханізацыі, а потым Менскую вышэйшую партыйную школу. Працаваў цесьляром, шахцёрам, інжынэрам-мэханікам, старшынём саўгасу. Ад 1972 - на савецкай і партыйнай працы.

У 1984-1989 старшыня Мандатнай камісіі, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. У 1991 на некалькі месяцаў прызначаны вядучым спэцыялістам Галоўнага упраўленьня эканамічных сувязяў з капіталістычнымі краінамі ў Маскве. Пасьля забароны КПСС быў накіраваны гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Нямеччыну (1991-1994).

Ад 1994 па 1997 займаў пасаду міністра сельскай гаспадаркі Беларусі. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь(1990-1995). 11 лістапада 1997 арыштаваны ў сваім рабочым кабінэце. Падазраваўся ў падрыхтоўцы тэракту супраць старшыні Магілёўскага дзяржкантролю Я.Мікалуцкага.

14 студзеня 2000 году рашэньнем Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь быў прызнаны вінаватым ў раскраданьні дзяржаўнай маёмасьці ў буйных памерах і атрыманьні хабару ў суме эквівалетнай $115. Быў асуджаны на чатыры гады пазбаўленьня волі. Праз дзевяць месяцаў пасьля суду, 5 кастрычніка 2001 быў вызвалены паводле амністыі. Сёньня мае сельскагаспадарчы бізнэс у Расеі, жыве ў Маскве.


• Адзін дзень у сям’і палітвязьня Валер’я Шчукіна, 23.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня (усе перадачы), 7.03.2007
XS
SM
MD
LG