Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Рар: "Беларусь у вялікай энэргетычнай гульні будзе шукаць свае нішы"


Юры Дракахруст, Прага Якую карасьць можа атрымаць Беларусь ад рэформы энэргетычнага рынку Эўразьвязу, прапанаванай нядаўна Эўракамісіяй? Як спалучаюцца заявы чыноўнікаў Эўразьвязу аб недапушчальнасьці дыялёгу зь Менскам і візыт у Беларусь генэральнага сакратара Энэргетычнай хартыі? Чым можна патлумачыць рэзкую крытыку на адрас “Газпрому”, якая прагучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі на “Дажынках”? На пытаньні “Праскага акцэнту” адказвае кіраўнік аддзелу Расеі і СНД нямецкай Рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар.

Дракахруст: “19 верасьня Эўракамісія выступіла з прапановамі аб рэфармаваньні энэргетычнага рынку Эўразьвязу, якія па праву можна назваць рэвалюцыйнымі. Сэнс прапановаў палягае, па-першае, у дэманапалізацыі нацыянальных рынкаў энэргіі ў краінах Зьвязу, а па-другое, у пераносе на ўзровень усяго Зьвязу пытаньняў аб продажы энэргетычнай інфраструктуры краінаў Зьвязу замежным манаполіям. Папросту кажучы, нацыянальныя газавыя і нафтавыя манаполіі , скажам, Францыі, Нямеччыны, Італіі павінны быць падзеленыя, а пытаньне, напрыклад, аб продажы «Газпрому» брытанскіх газаразьмеркавальных сетак павінна вырашаць Эўракамісія, прычым вырашаць хутчэй за ўсё адмоўна.

Варта адзначыць, што беларускія дзяржаўныя мэдыі, ідэалягічна не заўважаныя ў любові да эканамічнай лібэралізацыі, горача віталі гэтыя прапановы Брусэлю, накіраваныя на рэфармаваньне аб''яднанай Эўропы. Узьнікаюць два пытаньні: наколькі гэтая канцэпцыя можа быць рэалізаваная? І другое – якія выгоды ад яе рэалізацыі, ці нават спробаў рэалізацыі можа атрымаць Беларусь?”

Рар: “Вельмі цяжка пакуль сказаць, як Беларусь зможа ўпісацца ў новую энэргетычную дактрыну Эўразьвязу. Трэба сказаць, што ў самім Зьвязе новыя прапановы Эўракамісіі ўспрынятыя неадназначна. Барацьба наконт будучай эўрапейскай палітыкі ідзе ўнутры Эўрапейскага Зьвязу.

Тое, што прапаноўвае Эўракамісія, добра для малых дзяржаў і для тых дзяржаў, дзе газавыя і нафтавыя галіны цалкам прыватызаваныя. Ува Францыі гэта дакладна ня так, у Нямеччыне таксама ёсьць вялікія манаполіі ў газавай і нафтавай галінах, так што як мінімум гэтыя дзьве краіны будуць выступаць супраць гэтых прапановаў.

Расея, якая не ўваходзіць у Эўразьвяз, зразумела, таксама будзе супраць гэтых новых правілаў. Беларусь, якая зьяўляецца адным з галоўных транзытэраў расейскіх энэрганосьбітаў на Захад, зразумела, будзе “за” дзьвюма рукамі, бо яна выйграе ад дэцэнтралізацыі гэтых манаполій у Эўропе, у тым ліку і "Газпрому", калі ён і далей будзе зьяўляцца адным з галоўных пастаўнікоў на эўрапейскі рынак. Так што Беларусь у гэтай вялікай энэргетычнай гульні будзе шукаць свае нішы.

Але ня ўсё так проста. Па-першае, Беларусь вельмі моцна залежыць ад расейскіх энэрганосьбітаў. Я не магу сабе ўявіць, якім шляхам азэрбайджанская нафта можа сёньня патрапіць у Беларусь. А па-другое, Беларусь сама вельмі спазьняецца ў прыватызацыі сваіх энэргетычных транспартных сыстэм. І Эўразьвяз будзе бачыць пэўныя праблемы ў супрацоўніцтве з краінай, дзе дзяржава мае такі вялікі кантроль над эканомікай”.

Дракахруст: “Заявы, які гучаць з вуснаў эўрапейскіх прадстаўнікаў апошнімі днямі, выклікаюць пэўнае зьдзіўленьне. На мінулым тыдні вышэйшы прадстаўнік Эўразьвязу Хаўер Саляна ў інтэрвію ўкраінскаму штотыднёвіку заявіў, што Эўропа ня будзе размаўляць зь Менскам нават у пытаньні энэргетычнай бясьпекі, пакуль Беларусь ня зробіць значных крокаў на шляху дэмакратызацыі. А на гэтым тыдні ў Менск прыяжджае генэральны сакратар Энэргетычнай хартыі Андрэ Мэрнье і вядзе шчыльныя перамовы зь беларускімі ўрадоўцамі наконт таго, што някепска было б Беларусі ратыфікаваць гэты дакумэнт. Прадстаўнікі беларускай улады дэманструюць нібыта і гатоўнасьць, але ж ківаюць на Маскву.

Словам, нейкі дыялёг усё ж відавочна адбываецца, прычым з адным з важных інстытутаў аб’яднанай Эўропы, адказным якраз за энэргабясьпеку. А як жа тады наконт заявы спадара Саляны і іншых прадстаўнікоў Эўразьвязу, што “мы ня можам весьці дыялёг з апошняй дыктатурай Эўропы”? Спадар Рар, як Вы пракамэнтуеце гэтую супярэчлівасьць?”

Рар: “Мяне зьдзіўляюць заявы чыноўнікаў і палітыкаў з Эўрапейскай камісіі, якія любяць выступаць ад імя ўсёй Эўропы, ад імя эўрапейскіх прамысловых колаў, ад прыватнага бізнэсу. Я мяркую, што гэта несур’ёзна. Гэтыя спадары і спадарыні выкладаюць сваё бачаньне таго, як Эўразьвяз павінен весьці справы. Але насамрэч гэта адбываецца ня так.

Спадар Сарказі ў сваёй энэргетычнай палітыцы абсалютна не глядзіць на Брусэль, і робіць у Паўночнай Афрыцы, што хоча. Мяркую, што нямецкія кампаніі, калі яны атрымаюць для сябе выгаду ў Беларусі, таксама ня будуць абмяркоўваць іх камэрцыйныя пляны са спадарыняй Фэрэра-Вальднэр ці са спадаром Салянам.

Тым больш гэта справядліва адносна энэргетычнай палітыкі. Капітал ідзе не туды, куды яму кажа спадар Саляна, а туды, дзе ён можа плённа працаваць. Так што калі Беларусь адкрыецца і будзе прыватызаваць сваю эканоміку з удзелам заходніх інвэстараў, то справы пойдуць пасьпяхова.

Аднак калі Лукашэнка захоча ўсё захаваць у сваіх руках і спадзяецца, што нехта на Захадзе будзе дапамагаць яму кансэрваваць тую сыстэму, якая існуе ў Беларусі, я мяркую, што ён хутка пазбавіцца гэтых ілюзіяў.
“Калі Лукашэнка захоча ўсё захаваць у сваіх руках і спадзяецца, што нехта на Захадзе будзе дапамагаць яму кансэрваваць тую сыстэму, якая існуе ў Беларусі, ён хутка пазбавіцца гэтых ілюзіяў”.
Энэргетычная стратэгія распрацоўваецца разам з энэргетычнымі кампаніямі, а не ў кабінэтах спадарыні Фэрэра-Вальднэр ці спадара Саляны. Калі энэргетычны дыялёг вядзецца з Расеяй, то ў яго будуць уключацца транзытныя дзяржавы – Украіна, Польшча, Прыбалтыка, Беларусь, а як бяз гэтага? І плюс камэрцыйныя выгады ад тых трубаправодаў, якія будуць ці ня будуць пракладацца.

Зразумела, у гэтым дыялёгу палітыка адыграе вялікую ролю. Але нельга забываць і агульнаэканамічны аспэкт. Трубаправоды будуюць не дзяржавы, а кампаніі, мы часта забываем пра гэта.

Але я паўтараю – усё залежыць ад таго, па якім эканамічным шляху пойдзе Беларусь. Я запэўніваю вас, што калі там пачнуцца рэформы, якіх Эўразьвяз чакае ўжо больш за 10 гадоў, то Захад захоча ў гэтым удзельнічаць. І будзе імкнуцца наладзіць эканамічны, палітычны і энэрга-палітычны дыялёг зь Менскам”.

Дракахруст: “Ну нарэшце – пра падзеі тыднёвай даўніны, выступ Аляксандра Лукашэнкі на сьвяткаваньні “Дажынак”. Апроч іншага, кіраўнік дзяржавы абрынуўся з рэзкай крытыкай на “Газпром”, заявіўшы, што цэны для Беларусі расейскі манапаліст усталёўвае такія ж, як для Нямеччыны, і выказаў спадзяваньне, што дамова наконт газу на наступны год будзе падпісаная “да бою навагодніх курантаў”.

Не хацелася б станавіцца ні на чый бок, але здаецца, што летась 31 сьнежня менавіта пад бой курантаў была падпісаная дамова аб пастаўках газу і транзыце ня толькі на гэты год, была вызначаная дакладная формула паступовага падвышэньня цэнаў з выхадам у 2011 годзе на сярэднеэўрапейскую цану. Калі гэта так, то тады ў чым прычына абвінавачваньняў і развагаў, ці атрымаецца сёлета своечасова падпісаць кантракт? А калі гэта ня так, то як?”

Рар: “Я мяркую, што пасьля першага, дастаткова драматычнага падвышэньня цэнаў на газ, калі прайшло паўгода, у Менску пачалі сутаргава лічыць і зразумелі, што ў Беларусі можа і ня быць такіх грошай, каб аплачваць нагэтулькі высокі кошт расейскага газу. І ў Менску шукаюць нейкія магчымасьці, каб дамовіцца з Расеяй па-іншаму. Але гэта вельмі складана.
“Беларусь знаходзіцца ў вырашальнай кропцы сваёй гісторыі, яна павінна дапускаць у сваю краіну інвэстараў, – расейскіх, якія і зараз працуюць у краіне, ці заходніх”.
Беларусь знаходзіцца ў вырашальнай кропцы сваёй гісторыі, яна павінна дапускаць у сваю краіну інвэстараў, – расейскіх, якія і зараз працуюць у краіне, ці заходніх. Гэта важнае палітычнае рашэньне, якое павінны прыняць у кіраўніцтве Беларусі. Гэта складана, таму зараз Лукашэнка і ягоныя паплечнікі зараз спрабуюць у апошні момант дамовіцца з пуцінскай Расеяй ці па-свойму ціснуць на Расею, якая ў эўрапейскім кантэксьце таксама знаходзіцца ў няпростым становішчы. Яна таксама павінна прыдумаць стратэгію, як далей працаваць з Захадам, калі і перад Расеяй многія дзьверы на Захадзе зачыняюцца.

Гэта тактыка, гэта дыпляматыя, якую Беларусь зараз вядзе адносна Расеі. Але я думаю, што ў рэшце рэшт "Газпром" здолее па-свойму дамовіцца і з транзытнымі дзяржавамі, і з Эўразьвязам. Бо вельмі адчувальная, асабліва ў нас у Нямеччыне, залежнасьць ад паступленьня расейскага газу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG