Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянскі адвакат папрасіў суд выклікаць у Геную Віку Мароз


Алена Струвэ, Менск Адвакат Джавані Рыка, які абараняе інтарэсы сямейнай пары з горада Кагалета Алесандра Джуста і Марыі К’яры Барначын, зьвярнуўся да італьянскіх судовых інстанцыяў з просьбай выклікаць на працэс у Геную беларускую сірату Віку Мароз. Адвакат лічыць, што яе паказаньні могуць прасьвятліць складаную судовую справу, ініцыяваную летась беларускай амбасадай у Італіі. Але прадстаўнікі беларускіх дзяржаўных органаў апекі, ад якіх залежыць паездка 11-гадовай дзяўчынкі ў Італію, цалкам выключаюць такую магчымасьць. Суд у Генуі мае распачацца ў першыя дні кастрычніка.

Як паведаміў адвакат сям’і Джуста-Барначын Джавані Рыка, ягоныя падабаронныя, галоўныя падазраваныя ў справе, знаходзяцца ў чаканьні пастановы аб выкліку ў суд.

У размове зь італьянскім выданьнем Il Vostro Giornale Джавані Рыка адзначае, што “падабаронныя паведамілі яму ўсе падрабязнасьці мінулагодняй гісторыі, і зь іх дапамогай можна атрымаць дакладныя адказы на пытаньні: чаму сужэнцы вырашылі хаваць дзяўчынку ў Альпах, чаму не захацелі, каб тая вярталася назад у беларускі інтэрнат”. Менавіта гэтыя акалічнасьці, паводле адваката, “можа пацьвердзіць сама дзяўчынка”.

Ініцыюючы працэс, беларускі бок настойваў на фармулёўцы “выкраданьне чалавека”, што азначае вельмі сур’ёзнае злачынства. Аднак італьянскі бок не пагадзіўся з гэтым, і, паводле іх заканадаўства, інкрымінуе Алясандру Джуста, Марыі К’яра Барначын, іх бацькам і сьвятарам, якія непасрэдна хавалі дзяўчынку, “незаконнае ўтрыманьне”. Гэта больш мяккае злачынства. Аднак, у выпадку доказаў віны падазраваных, арганізатараў утойваньня можа чакаць турэмнае зьняволеньне, а саўдзельнікаў – умоўнае пазбаўленьне волі.

Тым часам, у Менскім абласным упраўленьні адукацыі, у чыёй кампэтэнцыі выезд непаўналетняй сіраты за мяжу, абураныя самой магчымасьцю ўдзелу Вікі Мароз ў генуэскім судовым працэсе. Прадстаўніца Менскага абласнога ўпраўленьня адукацыі Тамара Лойка кажа:

“Я лічу, што цягаць дзіця па судах, улічваючы, што яно там перанесла з маральнага гледзішча, недапушчальна. Я гляджу на сытуацыю вачыма маці: навошта яшчэ раз турбаваць дзяўчынку, бо яна адчувае сябе добра ў гэтай жодзінскай сям’і. Там вельмі дабразычлівая прыёмная маці, жывуць яны разам са сваім брацікам. Па-мойму, пытаньне вырашанае. Навошта турбаваць дзіця? Якая ў яе псыхіка? Хай у судзе вырашаюць з дарослымі, і тыя адказваюць за тое, што нарабілі!”

• У Італіі завершанае расьледаваньне па справе сямейнай пары Джуста-Барначын, 17.09.2007 • В. Чаму Віку Мароз ня выпусьцілі ў Італію?, 08.08.2007
XS
SM
MD
LG