Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Менск – горад на касьцях"


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Захар Шыбека Эфір 20 верасьня 2007 году

“Знойдзены на гарышчы дакумэнт аб пахаваньні на менскіх могілках дзеда не даваў настаўніку гісторыі Навасельскай школы спакою. Хацелася паглядзець, дзе знайшоў свой вечны спачын поўны кавалер Георгіеўскага крыжа, які памёр ад ранаў у менскім шпіталі 24 верасьня 1915 году.

Роўна праз 50 год Пятровіч, як яго звалі блізкія і сваякі, усеўся ў цягнік “Сьвярдлоўск – Брэст” і імчаў да месца пахаваньня. Але ў Менску пра брацкія вайсковыя могілкі ніхто ня ведаў. У Менскай гарадзкой даведцы, Акадэміі навук, архівах, Менгарвыканкаме – усюды ў адзін голас казалі: першы раз чуем. У роспачы расейскі падарожнік ужо скіраваўся ў бок вакзала ды сустрэў маладога чалавека, які працаваў у Менскіх рэстаўрацыйных майстэрнях. У тое, што сказаў рэстаўратар, не хацелася верыць. Такога проста ня можа быць! Селі ў таксі, і праз колькі хвілінаў на свае вочы Пятровіч пабачыў, што на месцы могілак, на касьцях расейскіх і беларускіх салдат, віраваў кірмаш: прадаваліся сабакі, кошкі, птушкі...”


Вячаслаў Ракіцкі: У менскай студыі без бар’ераў мы гутарым зь гісторыкам Захарам Шыбекам.

Легенду пра сабачы ці птушыны рынак, збудаваны на месцы вайсковых могілак, я неаднойчы чуў. Але ня вельмі ў гэта ўсё ж хочацца верыць... Ці сапраўды пад пляцоўкай колішняга рынку, цяпер пад сучаснымі жылымі будынкамі пахаваныя ахвяры першай усясьветнай вайны?

Захар Шыбека: Сапраўды. Старажоўскі жывёльны базар на былых Брацкіх вайсковых могілках дзейнічаў да 1996 году. Такім чынам месца пахаваньня расейскіх і беларускіх салдат ня толькі не захоўвалася дзяржавай, але было апаганена. У 1915 годзе Менск ператварыўся ў прыфрантавы горад, дзе штодня ў шпіталях, на вакзалах і прама на вуліцах паміралі сотнямі расейскія салдаты і беларускія ўцекачы. Да 1918 году іх хавалі разам на Брацкіх і Варфаламееўскіх могілках. Да канца 1916 году Варфаламееўскія могілкі, заснаваныя ў 1915 годзе для пахаваньня памерлых у цягніках і на чыгунцы ў час эпідэміяў, прынялі больш як 2500 памерлых. У верасьні 1915 году санітары менскага чыгуначнага вузла штодзённа хавалі да 100 памерлых. Кальварыйскія могілкі прыйшлося пашырыць, бо недзе было хаваць сканалых ваеннапалонных немцаў і аўстрыйцаў”. Ракіцкі: “А дзе дакладна гэтыя могілкі знаходзіліся?” Шыбека: “Брацкія вайсковыя могілкі ахвяраў першай усясьветнай вайны зараз займаюць гарадзкія кварталы паміж Старавіленскім трактам і вуліцай Чарвякова, а на былых Варфаламееўскіх могілках разьмясьціліся гарадзкія кварталы паміж вуліцамі Чыгуначная і Разінская”. Ракіцкі: “У новы, постсавецкі, час стаўленьне да першай усясьветнай вайны зьмянілася. А да могілак, дзе пахаваныя ахвяры той вайны, -- не. У чым жа справа?” Шыбека: “Відаць, таму, што гэта сёньня не дае ніякіх палітычных дывідэндаў. Пра Брацкія могілкі не ўспамінаюць дагэтуль. На іх месцы варта ўзнавіць праваслаўную капліцу, якая была пабудавана там у 1915 годзе і будаўнічыя пляны якой захаваліся. Тым больш, што ў сталіцы няма ніводнага помніка ахвярам першай усясьветнай вайны, нібы гэтая трагедыя і не існавала ў гісторыі Беларусі. Вядомы дасьледчык культуры Менску Уладзімер Дзянісаў зьвяртаўся з прапановай да гарадзкога начальства аб узнаўленьні капліцы, але яго ніхто не пачуў”.

Ракіцкі: “Дзіўна, калі ўлічыць, што ў якасьці аднаго з прыярытэтаў сёньняшняя ўлада ў Беларусі дэкляруе свой клопат пра памяць аб ахвярах другой усясьветнай вайны?”

Шыбека: “ А колькі салдат другой усясьветнай вайны яшчэ ляжыць у зямлі?! Дый ня толькі салдат, а ўвогуле загіблых у тыя гады людзей?! Дакладны ўлік ахвяраў ня вёўся. Ніхто іх настойліва не шукаў. Савецкі чалавек нічога не каштаваў. Зь яго сьмерцю не зьвязвалася права на пераемнасьць маёмасьці, спадчыны, як гэта было на Захадзе. Так здарылася, што Менск апынуўся ў гушчы падзеяў другой усясьветнай вайны. Расстрэлы тут пачаліся адразу пасьля далучэньня Заходняй Беларусі.

Потым у горадзе адбываліся ваенныя дзеяньні, і пры наступленьні немцаў, і пры іх адступленьні. Мерцьвякоў не пасьпявалі прыбіраць, проста хуценька закапвалі. Немцы расстрэльвалі ваеннапалонных на тэрыторыі цяперашняга бульвара Талбухіна. Касьцямі ўсыпана менскае гета. Людзі паміралі ад эпідэміяў, канчалі жыцьцё самагубствам. Цэлыя вуліцы пасьля забойства Кубэ (Цнянская, Коласа) былі застаўленыя шыбеніцамі. Тады былі пакараныя былі болей як дзьве тысячы чалавек, іхныя целы прыбіралі мясцовыя жыхары і хавалі дзе папала. Аля ня толькі нацысты расстрэльвалі беларускіх грамадзянаў. Вельмі паказальна, што праз галоўную вуліцу (цяпер праспэкт Незалежнасьці), літаральна насупраць цяперашняга бульвара Талбухіна, дзе расстрэльвалі нацысты, на тэрыторыі цяперашняга парка Чалюскінцаў савецкія энкэвэдысты пасьля вайны расстрэльвалі тых, хто аказваў супраціў вяртаньню сюды савецкай улады, дый проста паводле хлусьлівых абвінавачваньняў. Месцам ахвяраў бальшавіцкага тэрору зьяўляецца таксама і Лошыцкі парк. Практычна ў рысе гораду знаходзяцца Курапаты.

Таму сапраўды атрымліваецца так, што Менск усыпаны касьцямі і што Менск пасьля вайны адбудоўваўся на касьцях. Ачыстка завалаў ад мерцьвякоў не вялася. Усё ішло пад бульдозэр, а наверх касьцей клаўся асфальт ці ставіўся фундамэнт забудовы”.

Ракіцкі: “Зразумела, што ахвяры дыктатарскіх рэжымаў не заўсёды знаходзілі свой апошні спачын на цывільных могілках. Менск мае, як найменей, 940-гадовую гісторыю. Менчукі нараджаліся і паміралі. І цывільныя могілкі, як і ва ўсіх гарадох, былі неад''емнай часткай гарадзкога пэйзажу. Дзе раней хавалі месьцічаў? Дзе можна знайсьці калі ня самі пахаваньні, дык хоць бы нейкія іх прыкметы?”

Шыбека: “Складваецца ўражаньне, што Менск будаваўся на могілках. Палац спорту стаіць на першых могілках старажытнага Менску, Палац мастацтваў, што на Залатой Горцы, разьмясьціўся на былых каталіцкіх могілках, якія дзейнічалі ў 1790–1925 гадох. Маладзёжны тэатар (раней – кінатэатар "Спартак") месьціцца на былых праваслаўных могілках, якія мелі назву Старажоўскія (узьніклі ў 1797 годзе і дзейнічалі да 1928 году). На трох былых габрэйскіх могілках раскінуліся прывакзальныя карпусы БДУ, стадыён "Дынама", а таксама жылыя дамы па вуліцах Калектарная (былая Яўрэйская), Сухая і сумежны сквэр.

На былых пратэстанцкіх могілках жывуць менчукі з вуліцы Волаха. А жыхары Ціміразеўскай вуліцы суседнічаюць з былымі Татарскімі могілкамі. Тралейбуснае дэпо па вуліцы Чырвонай – гэта месца былых могілак вайсковага шпіталю, адкрытага ў 1848 годзе. Былыя вясковыя могілкі займае Менская абсэрваторыя, побач з аўтавакзалам "Усходні". Прылеглыя да даўніх Вайсковых могілак вуліцы пракладзены па ўскрайку гэтых могілак. Яны – у самым цэнтры гораду. Нават Маскоўскія могілкі, закладзеныя на ўскрайку гораду, апынуліся ў гушчы гарадзкой забудовы. Таму так і хочацца сказаць: асьцярожна, гараджане -- вы будуецеся і жывяце на чалавечых касьцях, а вакол лятаюць духі продкаў”. Ракіцкі: “Але такая ўжо доля гараджанаў. Калі пашыраецца гарадзкая тэрыторыя, месцы пахаваньняў непазьбежна аказваюцца ў рысе гораду. І яго жыхары проста вымушаны жыць побач з могілкамі”.

Шыбека: “Але не абавязкова на могілках. У Празе габрэйскія могілкі існуюць з 14-га стагодзьдзя. І зараз яны ўяўляюць сабой музэй пад адкрытым небам. У нас жа пра месца знаходжаньня былых, зачыненых могілак нават ня ведаюць”. Ракіцкі: “Чым вы можаце гэта патлумачыць?”

Шыбека: “Скасаваньнем прыватнай ўласнасьці на зямлю бальшавікамі. У дасавецкі час зямля пад габрэйскімі могілкамі, што знаходзіліся ў раёне сучаснага БДУ, належала габрэйскаму пахавальнаму таварыству. І ніхто гэту зямлю ня мог крануць. Тыя габрэйскія могілкі не забудоўваліся і напярэдадні першай усясьветнай вайны, хоць былі закрыты ў 1873 годзе, бо апынуліся ў 50 сажанях ад вакзала Лібава-Роменскай чыгункі. Яны проста пуставалі, а пустку ахоўвалі вартаўнікі. Такая ж ахова існавала і на яшчэ адных, ліквідаваных у 1840-х гадох габрэйскіх могілках у раёне цяперашняга стадыёна "Дынама". Праўда, у летні час могілкі служылі прыстанкам для бяздомных і крымінальных элемэнтаў.

Яшчэ адна прычына. Старажылы Менску пэрыядычна "вычышчаліся" ў выніку войнаў, рэпрэсіяў, ссылак. Для прыежджых жа праблема могілак не існавала. Ім іх можна было руйнаваць і таптаць. Раней месцы пахаваньняў увогуле шанаваліся больш, чым зараз. Па сучаснаму заканадаўству могілкі не належаць да помнікаў гісторыі і культуры, а таму не бяруцца пад асобую ахову дзяржавы”.

Ракіцкі: “Якое выйсьце? Як цывілізавана жыць побач з могілкамі?”

Шыбека: “З падобнай праблемай сутыкаюцца жыхары кожнага старадаўняга гораду. І гэта накладвае на іх маральны абавязак – шанаваць памяць пра памерлых. Усе мясьціны, дзе існавалі гарадзкія могілкі, павінны мець нейкія знакі, сымбалі, мэмарыяльныя дошкі”.

“Адвячоркам 30 траўня 1999 году неба над Менскам нечакана пачарнела, палыхнулі маланкі, ударыў гром, і, нібы з вадаспаду, на цэнтар гораду абрушылася вада. Сотні маладых людзей, якія танцавалі на піўным сьвяце ля Палацу спорту, кінуліся ўцякаць. 59 чалавек знайшлі сваю сьмерць у цісканіне ў падземным пераходзе на станцыі мэтро “Няміга”.

Піўное сьвята адбывалася на былых могілках старажытнага Менску. Мэтро пракладзена на гістарычных “крывавых берагах Нямігі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG