Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце пачнецца “віртуальная партызанка”?


Віталь Цыганкоў, Менск Як чыноўнікі зьбіраюцца выконваць даручэньне Аляксандра Лукашэнкі, які нядаўна загадаў “спыніць анархію” ў інтэрнэце? Да чаго можа прывесьці спроба паставіць пад кантроль усясьветнае сеціва? Як незалежныя інтэрнэт-рэсурсы могуць падрыхтавацца да магчымых дзеяньняў улады? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза Свабоды” палітоляг, аўтар уласнага блогу на сайце газэты “Наша Ніва” Аляксандар Класкоўскі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

Цыганкоў: “Пасьля знакамітай заявы Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць “спыніць анархію” ў інтэрнэце некалькі чыноўнікаў самага рознага рангу ў сваіх інтэрвію дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі паспрабавалі патлумачыць грамадзкасьці, якім чынам будзе адбывацца рэгуляваньне ўсясьветнага сеціва. Прыклад – інтэрвію “Інтэрфаксу” намесьніка міністра інфармацыі Аляксандра Слабадчука. Якую выснову можна зрабіць з гэтых заяваў? Якім шляхам беларуская ўлада хоча ўнармаваць інтэрнэт?”

“Тэрарысты і распаўсюднікі парнаграфіі пойдуць рэгістравацца?”

Класкоўскі: “Па-першае, адзначыў бы, што ў піяраўскім сэнсе ўлада зараз стала болей тонка, болей завуалявана фармуляваць гэтыя мэты. Калі некалькі гадоў таму ўжо былі прэцэдэнты, былі спробы, распрацоўваўся праект, які мусіў рэглямэнтаваць інтэрнэт, – тады наўпрост казалася пра жаданьне ў палітычным сэнсе болей жорстка ўзяць пад кантроль неўпадабаныя інтэрнэт-мэдыі. Цяпер найперш падкрэсьліваюць, што ўлада заклапочана такімі зьявамі, як тэрарызм, экстрэмізм, парнаграфія.

Але відочна, самае галоўнае, дзеля чаго гэта ўсё робіцца – жаданьне ўвесьці рэгістрацыю інтэрнэт-мэдыяў. Давайце паразважаем лягічна: хіба тэрарысты, які рэцэпты выбухоўкі ў інтэрнэт зьмяшчаюць, ці ўладальнікі порнарэсурсаў, – хіба яны пойдуць па пасьведчаньне аб рэгістрацыі ў беларускае Міністэрства інфармацыі? Натуральна, наіўнае пытаньне.

І застаецца выснова, што найперш гэтая аброць будзе накінутая на тыя рэсурсы і на тыя рэдакцыі, якія ў межах дасягальнасьці. То бок, на нейкія незалежныя сайты, якія, безумоўна, не займаюцца парнаграфіяй і прапагандай тэрарызму, але друкуюць крытычную, непажаданую для ўладаў інфармацыю, камэнтары і гэтак далей”.

Цыганкоў: “Я нагадаю, што Аляксандр Класкоўскі вядзе свой блог на сайце газэты “Наша Ніва”, дзе нядаўна ўжо выказаўся па гэтай тэме Вычварэнцы ўсіх масьцяў, рэгіструйцеся!. А Аляксандар Старыкевіч зьяўляецца рэдактарам газэты “Салідарнасьць”, якая зараз існуе толькі ў інтэрнэце. Аляксандр, што Вы чакаеце ад гэтых заяваў, ад гэтых намераў улады?”

“Кантроль за інтэрнэтам узмоцніцца па меры набліжэньня 2011 году”

Старыкевіч: “Уласна кажучы, нічога новага, бо спробы падпарадкаваць сабе інтэрнэт улады робяць досыць даўно. Яны ўжо “навялі парадак”, як яны лічаць, у галіне друкаваных выданьняў, ня кажучы ўжо пра электронныя СМІ, такія, як тэлебачаньне і радыё, – таму, у прынцыпе, яны падступаюцца да інтэрнэту ўжо фактычна некалькі год.

Гэты працэс быў даволі “вялацякучы”, але апошняя заява Аляксандра Лукашэнкі, калі ён пад час наведваньня “Советской Белоруссии” запатрабаваў “спыніць анархію” ў інтэрнэце, натуральна, актывізавала чыноўнікаў. І цалкам магчыма, што па меры набліжэньня 2011 году, чарговай выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі, кантроль над інтэрнэтам і менавіта над сайтамі, дзе зьмяшчаецца грамадзка-палітычная інфармацыя, яны будуць спрабаваць ўсталёўваць”.

Цыганкоў: “У сваіх выступах беларускія чыноўнікі настойваюць якраз на тым, што ў інтэрнэце можна знайсьці ўсялякія асабістыя абразы, зьнявагі на адрас вядомых асобаў, кадры жорсткасьці – мы, маўляў, хочам ўвесьці розныя ўнармаваньні толькі дзеля таго, каб спыніць вось гэтыя нэгатыўныя зьявы. Аляксандар Старыкевіч, інтэрнэт павінен падпадаць над нейкае ўнармаваньне, ці гэта зусім не патрэбна?”

Старыкевіч: “Я думаю, што ў інтэрнэце, безумоўна, павінны дзейнічаць пэўныя правілы. Іншая справа, што ў нашым выпадку гутарка ідзе не пра абарону ад дзіцячай парнаграфіі, не пра абарону ад экстрэмізму (ва ўяўленьні нармальным, цывілізаваным, бо беларускія ўлады экстрэмізмам лічаць любыя захады супраць сябе, любую апазыцыю сабе).

Сытуацыя будзе разгортвацца так, што з сусьветнага досьведу будзе запазычана ўсё самае дрэннае, адаптаванае пад нашыя рэаліі. Бо, натуральна, паўночнакарэйскі варыянт, калі там доступ да інтэрнэту мае Кім Чэн Ір і, можа, яшчэ пара асобаў, у нас ужо ня пройдзе. Але тое, што ўлада паспрабуе максымальна ўскладніць дзейнасьць менавіта грамадзка-палітычных сайтаў і тое, што ўсе сёньняшнія захады скіраваны менавіта на барацьбу зь незалежнымі крыніцамі інфармацыі, гэта факт”.

У інтэрнэце пачнецца “віртуальная партызанка”?

Цыганкоў: “Давайце паспрабуем на заканчэньне нашай размовы даць прагноз: як павінна рыхтавацца незалежная інтэрнэт-супольнасьць, ведаючы такія намеры ўлады, каб выстаяць? Ці пойдзе, на вашую думку, хто-небудзь з інтэрнэт-СМІ на рэгістрацыю, калі яна будзе ўведзена, ці проста яны будуць існаваць пад замежнымі сэрвэрамі? Якія варыянты выстаяць ёсьць у незалежнай супольнасьці і ці ўдасца гэта?”

Класкоўскі: “Па-першае, сапраўды, на паўночнакарэйскі і нават на кітайскі варыянт жорсткай фільтрацыі інтэрнэту, я думаю, улады ня пойдуць. Калі ўсё ж гэтае фільтраваньне набудзе большыя маштабы, то ёсьць дастаткова простыя спосабы, каб абыходзіць гэта ўсё, – ананімайзэры, проксы-сэрвэры. Таму інтэрнэт-публіка хутка навучыцца.

Што тычыцца абавязковай рэгістрацыі, то гэта можа ўскладніць жыцьцё некаторым у дамэне “by” і тым рэдакцыям, каторыя фізычна знаходзяцца ў Беларусі. Натуральна, гэта ў нейкай ступені абцяжарыць жыцьцё, але тыя рэсурсы, якія зараз дзейнічаюць з адкрытым забралам, – працуюць паводле крытэраў прафэсійнай журналістыкі, не дапускаюць дэзінфармацыі, паклёпу ды іншых такіх рэчаў, – ім толькі давядзецца прайсьці праз нейкія бюракратычныя бар’еры”.

Цыганкоў: “Ёсьць яшчэ варыянт, напрыклад, сайту Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які заяўляе, што гэта ня сайт партыі, ён існуе за мяжой і да нас ня мае ніякага дачыненьня”.

Класкоўскі: “Так, безумоўна. Пачнуцца вось такія гульні. У адным з камэнтароў я ўжо напісаў, што пачнецца этап такой віртуальнай партызанкі. І, дарэчы, каб улады былі дальнабачнымі, яны б падумалі, ці вартая аўчынка вырабу, таму што жорсткія захады ў сфэры інтэрнэту звычайна радыкалізуюць. Бо тыя аўтары, якія сёньня легальна, ад свайго імя пішуць на нейкіх рэсурсах, яны заўтра сыдуць у блогі, будуць пісаць пад нікамі і будуць пісаць, мусіць, болей востра і хвостка. Таму гэта можа даць эфэкт бумэрангу”.

Цыганкоў: “Аляксандар Класкоўскі кажа, што пачнецца этап “віртуальнай партызанкі”. Наколькі Вы згодны з такім прагнозам?”

Старыкевіч: “Ён можа і пачнецца, але пытаньне ў тым, хто будзе ў гэтай барацьбе перамагаць. Калі ўлада здолее блякаваць доступ да прафэсійна зробленых інтэрнэт рэсурсаў, а астатнія падпарадкаваць сабе (хаця б праз унутраную цэнзуру), то гэтая так званая “віртуальная партызанка” можа мець беспасьпяховыя вынікі, прынамсі, на першым этапе.

Бо гэта сапраўды пойдзе ўраздроб па блогах, якія наведваюць 10-15, 20, 50 чалавек. Цалкам перакрыць доступ да інфармацыі немагчыма, але там ужо цяжка будзе весьці гутарку пра прафэсійную працу зь інфармацыяй, і таму інтэрнэт як крыніца інфармацыі можа быць у пэўнай ступені дыскрэдытаваная”.

А. Лукашэнка: "Спыніць анархію ў інтэрнэце". Ці магчыма цэнзураваць сеціва? 3.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG