Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ мае прыняць рэзалюцыю па Беларусі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Кіеве пачала працаваць летняя сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. У яе праграме — два мерапрыемствы, якія маюць беспасярэдняе дачыненьне да Беларусі. 6 і 7 ліпеня тры парлямэнцкія камітэты разгледзяць праект спэцыяльнай рэзалюцыі “Сытуацыя ў Беларусі”. А на 7 ліпеня заплянаваны і круглы стол па Беларусі. Яго правядзе кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ, дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф.

На беларускія мерапрыемствы атрымалі запрашэньне і тры суб’екты зь Беларусі: афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, чатыры сустаршыні Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў і былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.

Усе яны маюць свае заўвагі й папраўкі да праекту беларускай рэзалюцыі. Заўвагі цяпер зьбірае і вывучае першы парлямэнцкі камітэт — у палітычных пытаньнях і бясьпецы.

Дакладчыкам па гэтым дакумэнце зьяўляецца сябра рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ парлямэнтар з Даніі Крыстыян Піль Лёрэнтсэн.

Анатоль Лябедзька: “Узважаная рэзалюцыя. Яна вытрымліваецца ў агульнай стратэгіі адносна Беларусі”.
Сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька так ацэньвае праект беларускай рэзалюцыі:

“Агульны мэсыдж дакумэнту ў тым, што вітаюцца вядомыя прапановы Эўрапейскага Зьвязу для Беларусі. І выказваецца занепакоенасьць, што няма дэмакратычных выбараў у Беларусі.

Таксама нэгатыўна ацэньваюцца апошнія выбарчыя кампаніі. І ідзе заклік, каб усё-такі зьмяніць сытуацыю ў Беларусі — і ў кантэксьце выбараў, і вызваленьня палітвязьняў, і стварэньня ўмоваў для нармальнай дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў.

Гэта такая ўзважаная рэзалюцыя. Яна вытрымліваецца ў агульнай стратэгіі адносна Беларусі, якую мы сёньня бачым з боку міжнародных структураў”.

Сёньня ўвечары сустаршыні Палітрады выяжджаюць у Кіеў.

Андрэй Кусяльчук: “Мілінкевіч вымушаны быў паехаць у Страсбур: было б непрыгожа, калі б упершыню ляўрэат прэміі Сахарава там ня выступіў”.
А дарадца Аляксандра Мілінкевіча ў палітычных пытаньнях Андрэй Кусяльчук паведамляе, што Мілінкевіч знаходзіцца ў Страсбуры:

“Там Рада Эўропы ладзіць Летні ўнівэрсытэт для палітолягаў і аналітыкаў зь пятнаццаці краінаў Эўропы. Традыцыйна туды запрашаюць ляўрэатаў Міжнароднай прэміі імя Андрэя Сахарава. І ёсьць такі звычай, што яны там штогоду выступаюць. І Мілінкевіч вымушаны быў туды паехаць, бо было б непрыгожа, калі б упершыню ляўрэат прэміі Сахарава там ня выступіў.

Наконт Кіева пакуль яшчэ ня вырашанае пытаньне. Мы паведамілі ў АБСЭ, што Мілінкевіч проста фізычна ня здольны паехаць адначасова туды і туды. І папрасілі, каб даслалі запрашэньне на Віктара Карняенку. І ён паедзе, калі пасьпеюць своечасова даслаць неабходныя дакумэнты”.

Накіравалася ў Кіеў і сталая дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яе ачольвае віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Сяргей Забалоцец. У дэлегацыю таксама ўваходзяць Натальля Андрэйчык з Савету Рэспублікі і Міхаіл Орда з Палаты прадстаўнікоў.

Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ створаная ў 1991 годзе. Цяпер у яе складзе прадстаўлены парлямэнты 56 краінаў. Ачольвае Асамблею парлямэнтар з Швэцыі Ёран Ленмаркер, якога абралі прэзыдэнтам Асамблеі ў ліпені 2006 году.
• Лідэраў апазыцыі запрасілі на сэсію ПА АБСЭ , 02.07.2007 • Дэпутатка Бундэстагу за пасаду ўпаўнаважанага ў справах Беларусі, 03.04.2007 • Ута Цапф: “Пазытыўныя зьмены могуць ісьці вельмі нялёгка й павольна”, 07.05.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG