Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыжывуцца ў Беларусі “камэрцыйныя” мамкі?


Ігар Карней, Менск У Віцебску зарэгістраваны выпадак легалізацыі так званага сурагатнага мацярынства. Іншымі словамі, гэта калі сям’я, у якой праблемы мужа ці жонкі не дазваляюць мець дзяцей, юрыдычна дамаўляецца з жанчынай, гатовай для іх вынасіць і нарадзіць дзіця, пасьля чаго ад усялякіх правоў на гэтае дзіця павінна адмовіцца. Такая практыка досыць распаўсюджаная ў сьвеце, аднак у Беларусі стала магчымай толькі ад мінулага году, калі ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і зьявіўся адпаведны артыкул, які так і называецца – “Сурагатнае мацярынства”.

Працэдура дамовы паміж сурагатнай, ці “камэрцыйнай” маці, якая будзе выношваць дзіця, і генэтычнай, якая толькі праз 9 месяцаў ад пачатку працэсу набудзе статус “роднай”, цяжкасьцяў не стварае. За чатыры базавыя велічыні натарыяльнай пошліны (у эквіваленце 60 даляраў) проста выконвай адпаведныя артыкулы пагадненьня. Перадусім гэта выбар мэдычнай установы, дзе будзе весьціся назіраньне за цяжарнай і дзе яе зможа наведваць генэтычная маці, аплата выдаткаў у працэсе выношваньня, харчаваньня і мэдабслугоўваньня. Маюць загадзя абгаворваюцца і ўмовы пражываньня на час цяжарнасьці.

Менскія цэнтры рэпрадуктыўнай мэдыцыны з сурагатным мацярынствам яшчэ не сутыкаліся

Праўда, здольных разважаць пра плюсы ці мінусы такога мэтаду зьяўленьня дзяцей не ў тэорыі, а на практыцы пакуль няшмат.

Менскія цэнтры рэпрадуктыўнай мэдыцыны, якія я абтэлефанаваў напярэдадні, з такім яшчэ не сутыкаліся. У камэрцыйных установах у адзін голас казалі, што спэцыялізуюцца на штучным асемяненьні жанчын, якія цяжараць і нараджаюць для сябе. А ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Маці і дзіця”, куды сьцякаецца ўся інфармацыя пра навацыі ў галіне нараджальнасьці, падсумавалі:

“Разумееце, калі гэта першы выпадак сурагатнага мацярынства, то ў нас, натуральна, ніякага досьведу ў гэтай справе няма. Таму і зьвяртацца трэба да тых, хто ставіць задачы для краіны. Мы ж практычных напрацовак ня маем, а вам трэба спэцыяліст, які мае практычныя веды. Бо калі ў нас прыняты закон у гэтым пытаньні (я ведаю, што папраўкі ўносілі, адно ня ў курсе ці прайшлі яны), але ў любым разе трэба шукаць галоўнага спэцыяліста ў дадзеным пытаньні”.

“Гэта юрыдычная таямніца, і пра гэта зьвестак ні ў кога ня будзе”

Пошукі кампэтэнтнай асобы вывялі на галоўную акушэрку-гінэколяга Міністэрства аховы здароўя Сьвятлану Шылаву. Менавіта яна рыхтавала нарматыўныя дакумэнты аб сурагатным мацярынстве, якія летась знайшлі адлюстраваньне ў новай рэдакцыі Кодэксу аб шлюбе і сям’і. Але спадарыня Шылава імкнулася дыстанцыявацца ад тэмы – адчувалася, што такі від мацярынства ёй не пасуе:

“Ня думаю, што ён першы, гэты выпадак, але ў мяне такой інфармацыі няма, я не вяду такой статыстыкі. Гэта юрыдычная таямніца, і пра гэта зьвестак ні ў кога ня будзе, тым больш у мяне”.

Карэспандэнт: “Ва Ўкраіне, у Расеі існуюць цэнтры для падбору кандыдатак...”

“Гэта камэрцыйныя цэнтры, якія зарабляюць грошы. А мы жывём у дзяржаве, – сказала Сьвятлана Шылава. – І мая пазыцыя – супраць я ці не – тут ні пры чым. Я ведаю, што такое сурагатнае мацярынства і якія могуць быць праблемы з гэтым. А ёсьць самі выпадкі, падпісваў хтосьці нешта – гэта не мэдычны аспэкт. У нас ёсьць паказаньні ці супрацьпаказаньні і пералік мэдычнага абсьледаваньня для сурагатнай і генэтычнай маці. І тое, калі яны заключаюць дамову аб сурагатным мацярынстве. Істотныя ўмовы гэтай дамовы вызначаныя пастановай Саўміну”.

Ва Ўкраіне сурагатным мацяркам плацяць да 30 тысяч даляраў

Кошт паслуг за сурагатнае мацярынства залежыць ад дамоўленасьці паміж бакамі і для Беларусі не акрэсьлены з-за адсутнасьці ранейшых прэцэдэнтаў. А вось у суседняй Украіне існуюць абсталяваныя камэрцыйныя цэнтры, якія спэцыялізуюцца на падборы і “зводніцтве” мацярок усіх гатункаў. Так, з інтэрнэт-сайтаў установаў вядома, што стартуе паслуга ад 1000 даляраў (пошук адпаведнай кандыдатуры ў базе зьвестак) і да 30 тысяч (VIP-пакет з поўным утрыманьнем “аб’екта”). У Расеі, дзе ўзровень запатрабаваньняў паступова перавышае нават усясьветныя нормы, гэтыя сумы ў шмат разоў большыя.

Асабліва пільна кантралюецца пункт, які прадугледжвае ўзаемныя абавязкі сурагатнай маці перадаць немаўля, а генэтычнай – прыняць яго пасьля нараджэньня. Як паказвае ўсясьветная практыка, нярэдка ў працэсе цяжарнасьці ў “камэрцыйнай мамкі” абвастрацца пачуцьцё мацярынства і яна папросту адмаўляецца аддаваць дзіця ў “чужыя рукі”. Зрэшты, аналягічнае можа адбыцца і з генэтычнай маці, якая пераглядае свае пляны адносна дзяцей.

У Беларусі зарабляюць бескантрольным нараджэньнем

Між тым, у Беларусі тысячы сіротаў, якіх ніхто не сьпяшаецца ашчасьлівіць. Намесьнік дырэктара ў навучальна-выхаваўчай працы сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру з прытулкам Ленінскага раёну Аксана Говен апавядае, што ёсьць сем’і, якія гатовыя зарабляць практычна бескантрольным нараджэньнем. Праўда, у дадзеным выпадку не выношваючы дзяцей для іншых, а рэгулярна “пладаносячы” дзеля дзяржаўнай выплаты. А атрымаўшы дапамогу, тут жа яе прапіваюць. Доказам таму – выхаванцы прытулку, якія трапляюць туды пераважна зь сем’яў п’яніц і алькаголікаў:

“Так, ёсьць праблемныя бацькі. Але дзеці цудоўныя. Адзінае што, вядома, ім не хапала цяпла, пяшчоты, увагі, клопату. То бок, калі яны трапляюць сюды да нас, мы іх настолькі адаграваем, мы іх ахутваем клопатам, любоўю, і яны атрымліваюць магчымасьць проста быць дзецьмі. Іншымі словамі, у іх зьяўляецца гэтае дзяцінства, якога яны, на жаль, былі пазбаўленыя ў сваіх родных сем’ях. Але яны ўсе – цудоўныя”.

• У Польшчы тэма сурагатных маці выклікае бурныя спрэчкі, 21.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG