Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Грушавы: “Мы зноў вярнуліся ў 1986 год”


Аляксандар Уліцёнак, Менск У разгары – сэзон летняга адпачынку. Чарговы госьць слухачоў Радыё Свабода Генадзь Грушавы адказвае на пытаньні пра тое, якія магчымасьці маюць для аздараўленьня дзеці з чарнобыльскай зоны.

“Для сёньняшніх чыноўнікаў як не дзяржава, тады – ніхто!”

(Ірына Качарава, Магілёў: ) “Няўрадавыя нашыя арганізацыі пазбаўленыя дзейнасьці аздараўленьня дзяцей. Гэта – плён сьвядомай практыкі ўладаў, скіраванай на дзяржаўную манаполію нават у гэтай сфэры. Што рабіць у такіх вось жорсткіх умовах кантролю і татальных абмежаваньняў?”

(Грушавы: ) “Тое, што адбываецца апошнія тры-чатыры гады, цяжка зразумець. Лічбы пра аздараўленьне, якімі апэлюе ўрад, адлюстроўваюць фактычна адпачынак дзяцей на іхных школьных пляцоўках. Хіба тое ёсьць аздараўленьне? Пры гэтым сапраўды фактычна разбураецца грамадзкая дабрачынная дзейнасьць. Для сёньняшніх чыноўнікаў як не дзяржава, тады – ніхто!

Дзе выйсьце? Грамада мусіць актыўна далучацца да гуманітарных ініцыятываў кшталту нашай арганізацыі “Дзецям Чарнобыля”, якія яшчэ засталіся на Беларусі”.

(Качарава: ) “Як гэта зрабіць на практыцы? У каго менавіта шукаць падтрымку?”

“Адзін у аднаго. Людзям трэба пачаць ізноў зьвязвацца паміж сабой. Як вы, напрыклад, ведаеце пра яшчэ жывую суполку, зьвяжыце яе хоць бы з намі. Гарантую сустрэчную зацікаўленасьць: будзем зноў адбудоўваць тое, што ўлады разбурылі. Як ізноў не дзясяткі, а тысячы далучацца да гэтай справы, тады дзяржаве не застанецца нічога, акрамя сацыяльнага дыялёгу”.

(Валянціна Новік, Баранавічы: ) “Шаноўны спадар Грушавы, як паўплывалі дзяржаўныя абмежаваньні замежнай дапамогі на грамадзкія чарнобыльскія ініцыятывы – гуманітарнай дапамогі ў розных яе праявах паменела?”

“Засталіся адзінкі зь ліку арганізацыяў, якія займаюцца гэтым. Іх папросту абклалі невыноснымі абмежаваньнямі. Акрамя таго, два гады таму дзяржава вырашыла: людзі, якія атрымліваюць сацыяльную дапамогу з боку дзяржавы, ня маюць права мець дадатковую падтрымку ад нас. Як усё ж яны прымаюць нешта ад няўрадавых арганізацыяў, дык чыноўнікі пералічваюць грошы, атрыманыя імі па сацыяльных праграмах, і далей фактычна вылічваецца адпаведная сума – абсурд!

А што датычыцца аздараўленьня дзяцей, то колькасьць тых, хто выяжджае цяпер за мяжу, паменшылася фактычна ўдвая. Гэта справакавалі рэзкія заявы кіраўніцтва краіны на наш адрас. Было 45-46 тысяч, а стала 22-23 тысячы”.

“Беларускія школьныя лягеры – гэта пародыя на аздараўленьне, рэабілітацыю чарнобыльцаў і нават здаровых дзетак”

(Спадарыня, Віцебск: ) “Замежжа-замежжам, але чаму не бяруць чарнобыльскіх дзетак заможныя людзі з чыстых беларускіх рэгіёнаў?”

“Калісьці мы думалі пра такую магчымасьць. Аднак паступова стала вядома: фактычна ўся тэрыторыя краіны забруджаная радыёнуклідамі. Гэта рэзка звужвае магчымасьці пошуку сапраўдных рэабілітацыйных магчымасьцяў. Справа тут не ў катэгорыях багаты-бедны, маральны-амаральны – проста нашым дзецям лепш за мяжой”.

(Спадарыня: ) “А я ўсё ж лічу, што ўсе туды ня змогуць выехаць, таму трэба нешта рабіць у сябе, дома”.

“У сярэдзіне 1990-х некаторыя буйныя грамадзкія ініцыятывы пачалі шукаць тут піянэрскія лягеры, каб утварыць базы адпачынку, аздараўленьня, рэабілітацыі. Але дзяржава нічога з гэтага ня хоча аддаваць. Яна жадае ўсё трымаць у сваіх руках. Таму нашыя намаганьні выбудаваць тут, на Беларусі, моцную сыстэму аздараўленьня, адпачынку дзяцей, аказаліся марнымі”.

(Кастусь Бойка: ) “На прэзэнтацыі апошняй кніжкі Алеся Адамовіча вы назвалі сябе ягоным вучнем. Якія ўрокі вялікага Беларуса вы лічыце для сябе галоўнымі?”

“Галоўнае – ягоная грамадзянская пазыцыя. Гэта чалавек, якога нам не хапае – ну, як ня ведаю каго... Бо ў сёньняшніх умовах здольныя ўплываць на беларускую мэнтальнасьць менавіта такія, як Адамовіч. А таленавіты наш зямляк умеў тое рабіць ня толькі словам, але й справай. Асабістымі паводзінамі. Усім яскравым жыцьцём сваім”.

(Тацяна, Горадня: ) “У Беларусі не будуюцца новыя дзіцячыя санаторыі, а ці задавальняе старая савецкая база адпачынку і аздараўленьня маленькіх і маладых чарнобыльцаў?”

“Яна задавальняе толькі ў тым сэнсе, што бацькі супакоеныя: дзеці хоць пад нейкім наглядам падчас школьных вакацыяў. Іншага сэнсу ў гэтых лягерах проста няма. Гэта не аздараўленьне, не рэабілітацыя... Нават здаровыя дзеці – а на Беларусі такіх амаль не засталося, паводле дзяржаўнай статыстыкі іх толькі 18 працэнтаў, маюць патрэбу ў зусім іншым.

На жаль, дзяржава будуе сабе помнікі – вялізныя бібліятэкі, палацы, дзе гуляюць дзьве-тры сотні добрых малайцоў... А для чарнобыльскіх дзяцей проста пераарыентуюцца звычайныя прафілякторыі – адзнака такой дзейнасьці ўраду можа быць толькі нездавальняючай. Ня дзіва, што ўлада афіцыйна прызнае пагаршэньне стану здароўя нацыі. Трэба думаць не пра тое, дзе і як узводзіць атамныя станцыі, а – адмысловыя дзіцячыя санаторыі”.

“Дзякуючы афіцыйнай прапагандзе правінцыйная Беларусь фактычна забылася пра чарнобыльскую бяду”

(Фёдара Дабук, Берасьце: ) “Чаму абмежаваньне дзяржавай дзіцячага чарнобыльскага адпачынку ня выклікала магутнага сацыяльнага пратэсту ў зоне?”

“Сёньня ў большай ступені дзякуючы афіцыйнай прапагандзе правінцыйная Беларусь фактычна забылася пра чарнобыльскую бяду. Не, у памяці гэта дзесьці сядзіць, але актуаліяй для большасьці простых людзей ужо не ўспрымаецца. Тым больш, з 2000 году афіцыйная прапаганда канстатуе: наступствы аварыі ўжо пераадоленыя. Маўляў, ідзе рэабілітацыя зоны, туды можна вяртацца і працаваць спакойна, вырошчваць усё неабходнае... У выніку людзі фактычна адмаўляюць самі сабе ў асэнсаваньні таго, што адбываецца зь імі, што робіць дзяржава зь іхнымі дзецьмі”.

(Галіна Лухверава, Менск: ) “Што скажаце пра высілкі беларускіх навукоўцаў у постчарнобыльскай бясьпецы?”

“Напачатку яны зрабілі шмат важнага, каб прыцягнуць увагу да Беларусі. Пераканаць міжнародную супольнасьць – краіне патрэбная дапамога. Ім апаніруе магутнае лобі ядзернай энэргетыкі, МАГАТЭ. Разоў зь пяць заходнікі праводзілі ў нас так званыя дасьледаваньні, і кожны раз вынікі былі проста неверагодныя: маўляў, літаральна пару чалавек пацярпелых, крыху ў дзяцей праблемы з залозамі, але тое нібыта не сьмяротна!

На жаль, апошнім часам беларускі ўрад пераарыентаваўся менавіта на гэтыя лічбы. На афіцыйным узроўні падтрымліваюць тых айчынных дасьледчыкаў, якія пацьвярджаюць, што самае страшнае засталося ззаду. Да 1998 году Акадэмія навук на рашэньне ўраду друкавала велізарную кніжку з абагульненьнем усіх дасьледаваньняў па чарнобыльскай тэматыцы. Затым прэзыдэнт загадаў тую кніжку прыбраць. І з пачатку 2000 году я нават не магу запрасіць на гутарку сапраўднага дасьведчанага навукоўца – хіба ці ня ўсе палохаюцца шчырых размоваў, бо хочуць працаваць і мець кавалак хлеба.

Такая дазіраванасьць навуковай інфармацыі, засакрэчваньне рэальных зьвестак сёньня надзвычай небясьпечнае –мы ізноў вярнуліся ў 1986 год.

Складанасьць сытуацыі і ў тым, што міжнародная супольнасьць пачынае ўсё больш актыўна рэагаваць на афіцыйную пазытыўную інфармацыю пра Чарнобыль. Маю лёгіку бясконца абвяргаюць дадзенымі беларускіх навукоўцаў і ўраду – у нас, маўляў, праблемаў няма... Гэта страшна”.

(Галіна: ) “Я шмат чула пра беларускую распрацоўку пад назвай вітапект, сродак, які ачышчае нібыта арганізм ад радыёнуклідаў. Што скажаце?”

“Гэта плён высілкаў прафэсара Несьцярэнкі. Ёсьць шмат такіх прэпаратаў, але – дарагіх. Гэты ж зусім танны, па кішэні кожнаму беларусу: на месячны курс каля 8-10 тысячаў рублёў. Замеры па цэзію, якія адмыслова праводзіліся, сьведчаць пра эфэктыўнасьць вітапекту. Але тут адной панацэі няма. Патрэбна камбінацыя лекаў, трэба раіцца са спэцыялістамі. Сытуацыя са здароўем у нас, паўтару, па-ранейшаму вельмі сур’ёзная”.
XS
SM
MD
LG