Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ельцын: роспуск КПСС, Віскулі, Чачня, “саюзная дзяржава”


Сяргей Навумчык, Прага Некаторыя эпізоды палітычнай біяграфіі Барыса Ельцына былі зьвязаныя з Беларусьсю і паўплывалі на найноўшую беларускую гісторыю.

Барыс Ельцын (нарадзіўся у 1931 г.) зрабіў кар’еру ў камуністычнай партыі, быў першым сакратаром Свярдлоўскага абкаму і Маскоўскага гаркаму КПСС, кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС. У 1987 годзе, пасьля канфлікту з Генэральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым, быў выведзены са складу Палітбюро.

Увесну 1989 г. трыюмфальна перамог на выбарах народных дэпутатаў СССР, быў сустаршынём (разам з Андрэем Сахаравым) Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, якая дамагалася дэмакратызацыі СССР. Ад Беларусі ў склад групы ўваходзілі Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Аляксандар Дабравольскі, Віктар Карняенка, Сяргей Габрусеў, Юры Варонежцаў, Станіслаў Шушкевіч.

Пазьней будзе шмат сказана пра ролю Ельцына ў распадзе СССР. Але бясспрэчна, што і палітычнае сьветаўспрыманьне Ельцына ў тыя часы, у значнай ступені, фармавалася з улікам нацыянальна-вызвольных рухаў, якія набывалі моц у Прыбалтыцы, Беларусі, Малдове, Грузіі...

У траўні 1989 году Ельцын быў абраны старшынём Вярхоўнага Савету РСФСР. У чэрвені таго ж году Расея прыняла дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. На чарговым з’ездзе КПСС Ельцын заявіў пра выхад з кампартыі. У 1991 годзе быў абраны прэзыдэнтам РСФСР.

19 жніўня 1991 Ельцын выступіў супраць ГКЧП, узначаліўшы ў маскоўскім Белым доме супраціў пракамуністычным сілам. У тыя дні кантактаваў з дэпутатамі Апазыцыі БНФ у ВС Беларусі. Праз некалькі дзён дамогся ад Гарбачова падпісаньня ўказу аб спыненьні дзейнасьці КПСС.

У сьнежні 1991 году Барыс Ельцын прыехаў у Менск, прамаўляў на пасяджэньні Вярхоўнага Савету, і ў Віскулях, разам са Станіславам Шушкевічам і Леанідам Краўчуком, падпісаў пагадненьне аб ліквідацыі СССР.

У кастрычніку 1993 году сілавым спосабам вырашыў канфлікт з пракамуністычным Вярхоўным Саветам Расеі. Праз некалькі месяцаў, у сьнежні 1993 года паводле ягонай ініцыятывы была прынятая дзейная Канстытуцыя Расейскай Фэдэрацыі.

У тым жа 1993 годзе выказаўся за аб’яданьне грашовых сыстэмаў Беларусі і Расеі.

Барыс Ельцын неаднаразова публічна падкрэсьліваў свае добрыя адносіны да Старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. У студзені 1994 году дарадцы Шушкевіча лічылі, што адно толькі слова Ельцына ў абарону Шушкевіча, сказанае па тэлефоне прэмьер-міністру Кебічу, здольнае прадухіліць адстаўку Шушкевіча. Аднак Ельцын не патэлефанаваў Кебічу; Шушкевіча адправілі ў адстаўку.

У 1994 Барыс Ельцын годзе распачаў вайну ў Чачні.

У красавіку 1996 году падпісаў з Лукашэнкам пагадненьне аб стварэньні “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі, што выклікала шматтысячныя пратэсты ў Менску, жорстка падаўленыя ўладамі. У лістападзе таго ж году Ельцын накіраваў у Менск сваіх прадстаўнікоў, якія фактычна падтрымалі Лукашэнку ў ягоным канфлікце з парлямэнтам і прадухілілі ягоны імпічмант.

У 1997 годзе Ельцын забараніў прымаць на тэрыторыі Расеі самалёт Аляксандра Лукашэнкі. Фармальнай прычынай назвалі арышт у Беларусі супрацоўнікаў расейскай тэлекампаніі, аднак аглядальнікі выказвалі меркаваньне, што тым самым Ельцын пажадаў спыніць агітацыйныя паездкі Лукашэнкі па расейскіх рэгіёнах.

У сьнежні 1999 году Барыс Ельцын падаў у адстаўку, перадаўшы паўнамоцтвы прэм’ер-міністру, кадраваму афіцэру КДБ Уладзімеру Пуціну.
XS
SM
MD
LG