Калі ў дзяцінстве мы прыязджалі да сваякоў у вёску і мой бацька бачыў занядбаную хаціну або нейкую калгасную развалюху, ён зазвычай скрушліва казаў: “Прышчэпава на іх няма”. Бацька працаваў пракурорам і, магчыма, таму я думаў, што Прышчэпаў — нейкі самы галоўны пракурор. Аднак, калі пытаўся, што гэта за Прышчэпаў, у адказ гучала ўніклівае: “Вырасьцеш, даведаесься”. Аднаго разу, яшчэ не пасьпеўшы падрасьці, я пачуў пра загадкавага Прышчэпава і нешта новае: як выявілася, каб ня ён, дык і наш Полацак і ўся Віцебская вобласьць знаходзіліся б не ў Беларусі, а ў Расеі. Я быў перакананы, што тут заўсёды была Беларусь, але бацька паказаў мне свой пашпарт, дзе было напісана, што ён нарадзіўся ў Віцебскай вобласьці РСФСР.
Праз шмат гадоў, калі таты ўжо даўно не было на сьвеце, я пераканаўся, што Зьміцер Прышчэпаў ня толькі ад імя губвыканкаму падпісаў у 1924-м акт пра вяртаньне Віцебскай губэрні (адарванай бальшавікамі ад Беларусі ўзімку 1919-га) у склад БССР, але і меў іншыя заслугі перад Бацькаўшчынай.
У 1920-я ён быў наркамам земляробства рэспублікі, прычым не сьпяшаўся выконваць маскоўскія дырэктывы, а вёў сваю незалежную палітыку, дзе стаўка рабілася на разьвіцьцё хутарской сыстэмы і абарону моцных сялянскіх гаспадарак пры абмежаваньні калгаснага ладу.
Справа “Саюзу вызваленьня Беларусі”, якая распачала ў рэспубліцы масавыя рэпрэсіі супроць “нацдэмаў”, прывяла і да арышту былога наркама. Пасьля страшных катаваньняў ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, але паўжывога яго выцягнулі зь пятлі, каб засудзіць на 10 гадоў лягераў. У чэрвені 1937-га Прышчэпава выпусьцілі на волю — відаць, бяз права вярнуцца на радзіму, бо ў дакумэнтах новага арышту, які адбыўся ўсяго праз два месяцы, ён фігураваў як жыхар Магадану. У Беларусь ён усё ж прыедзе — па этапу і, не дажыўшы да выкананьня сьмяротнага прысуду, памрэ ў турэмным шпіталі.