Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Тарас: “Веру, што літаратура можа можа зрабіць полымем іскаркі сумленьня чалавечай душы”


Радыё Свабода Валянцін Тарас — удзельнік перадачы “У што я веру”.

Пытаньне на першы погляд зусім простае, і адказ на яго, здавалася б, ляжыць пад рукой, бо ёсьць пэўны сьпіс таго, аб чым кожны нармальны чалавек скажа вам, што ён у гэта верыць. Ніхто ж ня скажа, што верыць у нешта брыдкае, пачварнае, нялюдзкае. Усе кажуць, што вераць у дабро, у справядлівасьць, у Бога, у каханьне, у дружбу і г.д. Я — ня выключэньне, і мне адразу прыйшлі ў галаву гэтыя стэрэатыпы. Але калі крыху падумаць, то, відаць, трэба зазначыць, што верыць можна ў тое, што для цябе ня проста высокае паняцьце, а нешта канкрэтнае, у існаваньні чаго ты пераканаўся. Скажам, каханьне.

Я веру ў каханьне, бо яно ў мяне было і ёсьць. Мы з жонкай згулялі тры вясельлі — у далёкай маладосьці звычайнае, праз 25 гадоў срэбранае, а тры гады таму залатое. Былі ў нашым жыцьці, дый цяпер набягаюць хмары, часам бываюць звады, але ніколі нам не было нудна, цягамотна. Як сказана ў польскай прымаўцы: “З укохана дзівчына і век хвіліна, а з обцым чловекем і хвіліна векем”. Вольна перакладаю, памяняўшы “дзяўчыну” на “жанчыну”: “ З каханай жанчынай і век ляціць хвілінай, а зь нялюбым чалавекам і хвіліна цягнецца векам”.

Была і ёсьць у мяне і сапраўды братэрская дружба, і хоць амаль усе найбліжэйшыя мае сябры пайшлі з жыцьця, яны і сёньня дапамагаюць мне жыць, як і тыя, хто застаўся.

Гэта мой адказ.

Ёсьць і больш глыбокія. Прыкладам, вялікі расейскі клясык Леў Талстой цэлы філязофскі трактат напісаў “У чым мая вера”, і напісанае ў гэтым трактаце зрабілася веравызнаньнем мільёнаў людзей, якіх назвалі талстоўцамі. У нас у Беларусі, дарэчы, талстоўцам у маладыя гады быў Янка Брыль, дый да канца свайго жыцьця ў многім заставаўся талстоўцам, асабліва ў пытаньнях маралі і этыкі. А для мяне Іван Антонавіч, як і для вельмі многіх, быў адным з тых людзей, па якіх імкнесься вызначаць свае жыцьцёвыя арыентыры.

І ў дадатак да таго, што сказаў вышэй, магу сказаць, што веру і ў тое, ува што верыў Брыль: у чалавечую годнасьць і сумленьне, якія жывуць у кожным чалавеку, — хай сабе ў вялізнай большасьці людзей яны толькі маленькія іскаркі ў прыцемках іхняй душы, зьнявечанай нялюдзкімі варункамі, таталітарнай дзяржавай.

Заўсёды верыў і веру, што літаратура можа ня даць зусім згаснуць гэтым іскаркам, можа зрабіць іх полымем. Хай гэта неймаверна цяжка.

***

Валянцін Тарас — адзін з старэйшых беларускіх пісьменьнікаў, аўтар каля двух дзясяткаў кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі і мэмуараў, віцэ-старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG