Алесь Гаўрон нарадзіўся 19 лютага 1952 году ў мястэчку Глуск на Магілёўшчыне. Пасьля заканчэньня дзесяцігодкі паступіў на фізычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, а праз два гады стаў студэнтам журфаку.
Шмат розных выданьняў засталіся ў ягонай творчай біяграфіі. Апошнім быў тыднёвік “Літаратура і мастацтва”. Гаворыць калега Алеся Гаўрона па “ЛіМе” паэт Леанід Галубовіч:
Галубовіч: “Ён пісаў добрую публіцыстыку і эсэістыку, і нават вершы друкаваў у свой час у “Полымі”, але ня выдаў ні аднаго зборніка. Рыхтаваў да 50-годзьдзя так самапальна ў “ЛіМе” тут — помню, выдалі яны зь Пятровічам і Шніпам у адным экзэмпляры, а пасьля ён усё перапытваў: маўляў, добрыя вершы, нядобрыя… Нешта ўсё сумняваўся, хаця вершы такія даволі прыстойныя”.
Шмат гадоў Алесь Гаўрон быў загадчыкам аддзелу нарысу і публіцыстыкі часопісу “Маладосць”. Слова разьвітаньня былога галоўнага рэдактара часопісу Генрыха Далідовіча:
Далідовіч: “Ён мяне ўражваў глыбокай эрудыцыяй. Ад яго, маладзейшага, я шмат чуў нейкіх такіх рэчаў, якія ў курсе гісторыі Беларусі, якую нам чытаў Абэцэдарскі, не вывучаліся. Верылася, што ён будзе па-ранейшаму пісаць паэзію, і будзе далей гучаць яго публіцыстычнае слова зь яго вельмі добрым веданьнем беларускай мовы, з уменьнем карыстацца дэталямі, удалымі цытатамі. Ну і галоўнае, што ў яго было сваё мысьленьне”.
А вось якім запомніўся Алесь Гаўрон дырэктару Беларускай службы нашага радыё Аляксандру Лукашуку:
Лукашук: “Гэта было, здаецца, напрыканцы 1988-га — Алесь Гаўрон пазваніў з дрэннай навіной: загадана ўдвая скараціць наклад маёй першай кнігі “Зьдзек”. Кніга дакумэнтальных дасьледаваньняў і публіцыстыкі пра злачынствы сталінізму ў Беларусі рыхтавалася да выхаду ў сэрыі бібліятэчкі часопісу “Маладосць”. Загад быў з ЦК.
Алесь загадваў аддзелам публіцыстыкі і нарысу й друкаваў некаторыя мае дасьледаваньні. Спрыяньне рэдактара, яго зацікаўленьне, падштурхоўваньне заўсёды важнае. Аўтары не заўсёды прызнаюцца, а літаразнаўцы не заўсёды гэта ацэньваюць, але без рэдактараў шмат якіх твораў папросту ніколі не было б.
Першапачатковая назва майго зборніка была “Сталін цэліцца ў нас”. На вокладку я прапанаваў вынесьці сымбаль таварыства “Мартыралёг Беларусі”, беларускую мадонну зь дзіцем у калючым дроце, на фоне мішэні зь дзіркамі ад стрэлаў. Гаўрон прапанову прыняў і арганізаваў выкананьне, кніга так і выйшла з сымбалем антысталінскай арганізацыі.
Навіна пра праблемы з накладам, якую я пачуў ад Алеся, была сур’ёзнай — сытуацыя ў Менску хутка мянялася, галоснасьць нагадвала траву, якая прабівалася праз асфальт. Асфальт у Беларусі быў тоўсты. Алесь сказаў, што трэба аўтарытэтную прадмову. У рэдкалегіі “Маладосці” значылася і прозьвішча хіба самай аўтарытэтнай асобы Беларусі — Васіля Быкава. Здаецца, Алесь дамаўляўся з Быкавым, той адразу пагадзіўся, узяў рукапіс, празь дзень напісаў прадмову. З гэтага тэксту, які Быкаў уключаў пазьней у свой збор твораў і іншыя зборнікі, пачалося маё сяброўства з Васілём Уладзімеравічам. Я памятаю, што напачатку яго, як і напачатку маёй першай кнігі, стаяў Алесь Гаўрон”.
Пахаваны Алесь Гаўрон у вёсцы Калодзішчы Менскага раёну.