Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наладжваецца грамадзкі суд над газэтай ЦК ЛКСМБ “Чырвоная Зьмена”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты ў розныя гады 22 студзеня.

“Звезда” ў 1927 годзе на адной паласе зьмясьціла дзьве аб’явы. Першая: “У нядзелю, 30-га студзеня, а 7 гадзіне вечара, у памяшканьні Дома Рабасьвет (Камуністычная, былая Юр’еўская, №19) наладжваецца грамадзкі суд над газэтай ЦК ЛКСМБ “Чырвоная Зьмена”. Уваход па білетах, якія распаўсюджвае юнсэкцыя… Пасьля суда — канцэрт”. Другая аб’ява: “У пятніцу 28-га студзеня рэдакцыя газэты ЦК ЛКСМБ “Чырвоная Зьмена” ладзіць грамадзкі суд над клюбам імя КІМ (разбор формаў клюбнай працы). Білеты разьмяркоўваюцца праўленьнем клюбу КІМ”.

“ЛіМ” у 1937 годзе піша: “Газета “Советское искусство” у фельетоне “Вернись, я всё прощу…” адзначала рвацкія тэндэнцыі некаторых артыстаў, у тым ліку і Ізабелы Юр’евай. Такія-ж факты і з боку той-жа Ізабелы Юр’евай мелі месца гэтымі днямі ў Менску. “Папулярная” спявачка псеўдацыганскіх, шантанных рамансаў, мусіць, вельмі высока расцэньвае сваё “мастацтва”… Юр’ева, не палічыўшыся з гледачом, свой другі канцэрт закончыла ў 10 гадзін 30 мінут замест 11 гадзін, матывуючы тым, што яе “чакаюць у Маскве”… Час ужо пошлы рэпертуар былога “Яра”, якім з’яўляецца ўвесь рэпертуар Ізабелы Юр’евай, здаць у архіў. Рвацтву, халтуры і мяшчанскаму рэпертуару не месца на советскай эстрадзе”.

“Ніва” ў 1967 годзе паведамляе з БССР: “Недалёка ад вёскі Замошша на Палессі ёсць участак зямлі, дзе расце так званая панційская азалія. Яе ўзрост, як сцвярджаюць вучоныя, мільён год. Яе вышыня 50-60 см. Гэта расліна амаль невядомая на зямным шары, вымерла яна вельмі даўно, а на Палессі захавалася. Цікава, што перасадка яе ў іншае месца не дае вынікаў, яна хутка гіне. Расце толькі вось на тым участку зямлі каля Замошша. Цвіце буйнымі аранжавымі кветкамі, якія маюць рэзкі пах. Галінкі яе гнуткія, як парасткі прыбярэжных вербалозаў, не ламаюцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG