Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа думае пра Беларусь


Заўтра сытуацыя ў Беларусі будзе разглядацца на пасяджэньнях палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і на пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў Эўразьвязу.

Для ўдзелу ў дыскусіі запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі і экспэрты АБСЭ. Удзел у пасяджэньні таксама возьме дакладчык ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі Сініка Хурскайнэн.

Слуханьні па Беларусі адбываюцца ў рамках веснавой сэсіі ПАРЭ, якая пачалася сёньня і працягне працу да 15 красавіка.

Як паведамляе БелаПАН, адным з асноўных момантаў сэсіі стануць «спрэчкі па рэлігійным вымярэньні міжкультурнага дыялёгу», падчас якіх перад парлямэнтарыямі выступяць патрыярх Румыніі Данііл, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялёгу Ватыкану кардынал Жан-Люі Тора, старшыня ўпраўленьня ў справах рэлігіі Турцыі Мэхмэт Гермэз, галоўны рабін Расеі Бэрліё Лазар і паўнамоцны прадстаўнік Рады эвангелісцкай царквы ў Нямеччыне і ЭЗ пралат Бэрнгард Фэлмбэрг.

Таксама ў межах сэсіі адбудуцца дэбаты пра сьмяротнае пакараньне ў краінах-сябрах і краінах-назіральніцах пры Радзе Эўропы, падчас дэбатаў выступіць старшыня міжнароднай камісіі супраць сьмяротнага пакараньня Фэдэрыка Маёр Сарагоса.

На пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў краін ЭЗ, якое пройдзе пад старшыняваньнем вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, чакаюцца дыскусіі па сытуацыі ў Лібіі, а таксама на Блізкім Усходзе, Паўднёвым Каўказе і Беларусі. Нагадаем, што ўчора сп-ня Эштан выступіла з заявай у абарону беларускага журналіста Андрэя Пачобута, супраць якога распачатая крымінальная справа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG