Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі — пра маўчаньне беларусаў у люстэрку нацыянальнай літаратуры


Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі

Беларусы — маўклівы народ. Ён лішняга на людзях ня скажа: ні пра сябе, ні пра бліжніх, ні пра начальства, ні пра законы ў краіне, дакладней, беззаконьне. Славутае куляшоўскае «Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе, тоячы словы і думкі свае» — гэта пра нацыянальную рысу характару, а не пра нейкія там вайсковыя таямніцы. А хто яшчэ з беларускіх літаратараў і ў якіх творах распавёў пра маўклівы характар народа, высьвятляў Яраш Малішэўскі.


Васіль Зуёнак. Маўчаньне травы

Выбраныя творы. Менск, «Беларускі кнігазбор», 2010

Невялікая вёсачка Узбор’е, дзе разгортваюцца падзеі паэмы — як міні-сусьвет, са сваімі радасьцямі, бедамі, лёсамі людзей. Ці як кніга. А на ейных старонках — нібы нашая Беларусь у мініятуры. На скрыжаваньні.

Хто ваўком,а хто гадзюкай лез, —
Як ты выжыў, адкажы,народзе?

Параўнаньні з травой тутака дужа трапныя. Гэтая самая трава, што ўсімі сіламі — праз сьнег і мароз, сквар і сьцюжу, не зважаючы ні на якія перашкоды, упарта лезе з-пад зямлі, цягнецца да сонца і гіне, ападае пад лязом касы. Лёс чалавека, лёс цэлага народу... І як тут не ўзгадаць часы — далёкія і блізкія, калі Беларусь пазбаўлялася сваіх найлепшых сыноў і дачок: тых, хто ўздымаў галаву, каб узьняць край. Хто адкажа, каго пазбавілі нас — якіх талентаў і геніяў? Маўчаньне травы... Сапраўды, «марных выпрабаваньняў не бывае» і пакуты даюцца на тое, каб пра іх памяталі, каб не паўтаралі памылак. Калі ж толькі тое ўсьвядомяць беларусы? Няўжо пакаленьне за пакаленьнем будзе працягваць гэтую вусьцішную завядзёнку — класьціся травою пад лязо?

«Мы заўжды на пачатку дарог, мы заўжды на пачатку эпох». Дарога чакае. Свая, што вядзе да ўласнага дому, а не кірункам крывой сьцежкі, пакінутай прыблудамі.

Гэта ўжо ня мы, а пакаленьні
Выклікаюць з будучыні нас,
Каб не абрываліся карэньні,
Каб агонь сьвяшчэнны не пагас.


Анатоль Вярцінскі. Маўчаньне бывае рознае... Хлопчык глядзіць...

Выбраныя вершы і паэмы. Менск, «Мастацкая літаратура», 1992

Міні-дасьледаваньне прыроды маўчаньня вельмі добра стасуецца да акрэсьліваньня сёньняшняе сытуацыі. Маўчаньне Беларусі, маўчаньне беларусаў, тое, што ператварыла краіну ў суцэльную маўклівую прастору — што яно? Ці тое, што канчаткова заваліць вусны народу, які змоўкне і сыдзе ў нябыт? Ці гэта тая цішыня, якая патрэбная, каб працьверазець і сярод д’ябальскага тлуму ўрэшце ўсьвядоміць: што ж гэта такое робіцца, людцы вы мае?! У гэтай падборцы таксама — розныя маўчаньні. І ў нашым выпадку хочацца думаць пра апошняе з прыгаданых у творы — «маўчаньне грознае». Гэта тое, што сёньня ёсьць, бадай адзіным выйсьцем — асабліва тое, чым яно сканчаецца: калі больш змыкаць вуснаў нельга, каб канчаткова не анямяць.

Маўчыць чалавек, трывае,
Маўчыць, як і побач маўчаць.
І раптам рашуча зрывае
З вуснаў сваіх пячаць.
І раптам сябе ўзрывае:
«Я больш не магу маўчаць!»


Эрнст Ляўкоў. Маўклівыя сьведкі мінуўшчыны

Менск, «Навука і тэхніка», 1992

Каменьню маўчаць лягчэй, камень на тое і створаны, каб не прамаўляючы ані слова, ляжаць і назіраць за падзеямі, што разгортваюцца на гэтай зямлі. Ах, каб камяні маглі размаўляць — колькі б мы маглі пачуць, даведацца! Хаця б пра тое, для чаго ж усё-ткі выбіваліся надпісы на Барысавых камянях, хто ж пакінуў сьлед на валуне ля Белае Грэблі — чорт ці Маці Божая. А пра каханьне Зьмея да дзяўчыны-прыгажуні, а як ахвяры на камянях прыносілі, а што было на вячэру ў вялікага князя шэсьць стагодзьдзяў таму, там, ля Вітаўтавых талерак...

Кніга Ляўкова акурат і прысьвечана ім — камяням, безь якіх і Беларусь уявіць немагчыма. Тут — камяні ўва ўсіх, так бы мовіць, іпастасях: гістарычныя, чарадзейныя, легендарныя... Камяні са сваімі ўласнымі імёнамі й паданьнямі. Хочаш уявіць, што такое каменьне ў Беларусі — бяз гэтае кнігі не абысьціся.

Камяням прасьцей, бо іхнае маўчаньне закладзена ад пачатку. Ім не пагражае звар’яцець ад векавой несправядлівасьці, яны ня могуць здрадзіць. Ім наканавана быць адно маўклівымі сьведкамі. А як быць людзям?


Уладзімер Някляеў. Маўклівы мітынг

Выбраныя творы. Менск, «Беларускі кнігазбор», 2009

Гледзячы на пазалеташні, пяцьдзясят другі том Кнігазбору, у якім ёсьцека верш «Маўклівы мітынг», чарговы раз усьведамляеш, як зьмянілася ўсё ў Беларусі за апошнія месяцы. Штораз думаеш: куды ўжо далей? Ды штораз высьвятляецца — ёсьць, ёсьць куды, і гэта не мяжа. «Заўтра» становіцца шчэ тым адкрыцьцём — да прыкладу, як і зьнікненьне твораў Уладзімера Някляева ў кнігарнях.

Ёсьць мы на нашай зямлі. Мы жывем сваім жыцьцём — кахаем, змагаемся, ненавідзім, памыляемся, здраджваем. Але мы тутака не самотныя. За намі тыя, хто жыў да нас. Тыя, хто ваяваў, будаваў храмы, нараджаў дзяцей, ствараў геніяльныя творы. Тыя, хто пачаткаваў беларушчыну, тыя, хто запальваў і перахоўваў агонь. Яны прыйшлі, яны стаяць побач з намі.

З кожным, хто прыйшоў,
З’явіліся і сталі побач продкі...
Маўклівыя стаялі цені родных,
Маўклівыя стаялі цені блізкіх.

Ці перахаваем мы цяпельца, ці разгарыцца зь яго полымя, што сагрэе нас, сагрэе край і асьветліць яго пасьля сьлізкай ночы? Пра што скажа маўклівы мітынг? Мо, пра тое, што

I ўпершыню, маўкліва сьцяўшы рот,
З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.


Сяргей Грахоўскі. Зона маўчаньня

Менск, «Мастацкая літаратура», 2008

У дакумэнтальнай аповесьці, якую часта параўноўваюць з «Архіпэлягам» Салжаніцына — клясычны лёс беларускага пісьменьніка трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. Ды што пісьменьніка — чалавека культуры, якая ўжо як мінімум, паўтара стагодзьдзя муляла акупантам. Што заставалася пасьля чарговага пагрому? Хто заставаўся? Дый тыя мусілі зламаць сябе, стаіцца — гэта ў лепшым выпадку. «Зона маўчаньня» — зрэз той трагедыі, якая прайшла праз усю беларушчыну, дый праз жыцьцё аўтара. Бясконцыя гады на сталінскай зоне — сапраўднай... Чытаючы «Зону», ловіш сябе на думцы: а гэта ж, як ні парадаксальна — нягледзячы на ўвесь гэты перажыты жах, — аўтару пашанцавала, у адрозьненьне ад тых, хто лёг у зямлю пасьля выраку вылюдкаў.

Як вытрываць, вынесьці выпрабаваньні і застацца чалавекам, калі тое амаль немагчыма? Мноства пытаньняў задае аўтар — ды ня так, каб самому даць адказ, а каб кожны чытач даў на іх свой. Што такое дабро і зло? Як застацца самім сабою ў пекле на зямлі? Як ставіцца да тых, хто страціў чалавечае аблічча — ненавідзець ці спачуваць? Усё вяртаецца, і важна быць гатовым да таго, што гэтыя пытаньні могуць стацца для цябе найгалоўнымі., бо зона маўчаньня — гэта ўся сёньняшняя краіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG