Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў, Някляеў і Бандарэнка закончылі азнаямленьне са справамі


Аляксандр Фядута сустрэўся з калегамі з «Гавары праўду». Андрэй Саньнікаў назваў крымінальную справу супраць сябе «абсурдным сачыненьнем на дадзеную тэму». Меру стрыманьня для Ўладзімера Някляева мяняць не зьбіраюцца. У кіраўніцтве Беларускай праваслаўнай царквы зноў адмовілі Паўлу Севярынцу.

9 красавіка актывіст штабу Някляева Аляксандар Фядута, якога напярэдадні вызвалілі зь СІЗА КДБ, сустрэўся са сваім калегамі з кампаніі «Гавары праўду». З журналістамі Аляксандр Фядута пакуль не кантактуе, папрасіў не турбаваць яго да панядзелка. Удалося пагутарыць толькі з жонкай Фядуты Марынай.

Карэспандэнт: «Што вы адчувалі, калі яго ўбачылі? »

Аляксандар Фядута
Андрэй Саньнікаў
Уладзімер Някляеў
Павал Севярынец
Зьміцер Бандарэнка
«Што ж я магла адчуваць? Канечне, толькі радасьць. Прасьпявала яму: „Глазам не верю, неужели, в самом деле ты пришел, милый мой? Моя потеря, приходи ко мне скорее в дом родной“ (Сьмяецца). Прывезьлі яго ў пачатку на дзявятую гадзіну вечара. Выглядае, канечне, схуднелым, стомленым. Зразумела, не санаторый. Але бадзёры, жартуе. Прывёз новыя вершы».

Палітоляг і літаратар Аляксандр Фядута быў вызвалены 8 красавіка, а арыштаваны 20 сьнежня. Фядуту абвінавачваюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле ў іх.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, якому выстаўленае больш сур’ёзнае абвінавачаньне — у арганізацыі масавых беспарадкаў, увечары 8 красавіка закончыў азнаямленьне з справай. Ала Саньнікава цытуе камэнтар сына адносна сабранага сьледчымі матэрыялу:

«Ён не прызнае сваёй віны і кажа, што гэта „абсурднае сачыненьне на дадзеную тэму“. Мяркую, што гэта дакладна сфармулявана».

Паводле адвакатаў Саньнікава, ён трымаецца ўпэўнена і бадзёра.

Раніцай 9 красавіка, восьмы дзень запар, Уладзімера Някляева павезьлі ў КДБ чытаць крымінальную справу. Паводле жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Вольгі Някляевай, сёньня мусяць закончыць азнаямленьне, бо «прысьпешваюць». Ці будзе пасьля гэтага зьменена мера стрыманьня для Ўладзімера — з хатняга арышту хаця б на падпіску пра нявыезд?

«Здаецца, там сказалі, што хатні арышт ня будзе адменены».

Уладзімера Някляева вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Такое ж абвінавачаньне выстаўленае і сузаснавальніку БХД Паўлу Севярынцу. Маці Паўла Тацяна паведаміла, што яе сын з адвакатам увесь тыдзень знаёміліся з справай, але ці закончылі, ёй невядома. Маці спадзяецца, што сына вызваляць пад падпіску, як учора Аляксандра Фядуту, у якога такое ж абвінавачаньне, як і ў Паўла Севярынца.

«Няхай бы, як бы я была рада! Я б на яго хоць нагледзелася, калі б ён колькі ў доме пажыў».

Таксама Тацяна Севярынец паведаміла: з кіраўніцтва праваслаўнай царквы ёй перадалі, што наведаць Паўла Севярынца ў вязьніцы КДБ для споведзі, як ён жадае, не атрымаецца.

«Сёньня мне патэлефанавалі з канцылярыі ўладыкі Веніяміна і коратка сказалі, што не атрымліваецца наведаць Паўла. А калі я запытала пра другую частку нашай гутаркі, пра дамову япархіі зь СІЗА КДБ аб наведваньні вязьняў, сказалі, што нічога пра гэта ня ведаюць».

Закончыў азнаямленьне з справай актывіст штабу Саньнікава Зьміцер Бандарэнка. Паводле зьвестак, справу Бандарэнкі будуць разглядаць у судзе асобна ад іншых спраў. Мяркуюць, гэта адбудзецца ў канцы красавіка — пачатку траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG