Дата дня
2 кастрычніка 1961 году нарадзіўся Сяргей Шупа — рэдактар, выдавец, журналіст, дасьледнік і адзін з самых плённых беларускіх перакладнікаў. Удзельнічаў у незалежным беларускім культурным руху 1980-х («Майстроўня», «Тутэйшыя»). Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у Скарынаўскім цэнтры ў Менску, у адноўленай «Нашай Ніве» і больш за чвэрць стагодзьдзя — на Радыё Свабода.
Ён уклаў і выдаў два тамы «Архіваў БНР», напісаў кнігу «Падарожжа ў БНР». Пераклаў на беларускую з розных моваў творы Джорджа Орўэла, Джэймса Джойса, Міларада Павіча, Хорхэ Люіса Борхэса, Эдгара По, Міленкі Ергавіча, Мойшэ Кульбака, Крысьціны Сабаляўскайце і іншых аўтараў.
За літаратурныя пераклады яго чатыры разы ўзнагародзілі прэміяй імя Карласа Шэрмана.
Неўзабаве пабачаць сьвет перакладзеныя ім зь ідышу мэмуары Марка Шагала.
У гэты дзень
1413 — заключаная Гарадзельская унія Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім, якая пашырыла польскія прывілеі на беларуска-літоўскую шляхту, але толькі каталіцкага веравызнаньня.
1523 — у кастрычніку ў кракаўскай друкарні на лацінскай мове выйшаў зборнік Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра», які складаўся з прысьвячэньня каралеве Боне Сфорцы, уласна паэмы і некалькіх вершаў.
1930 — у Горадні надрукаваны першы нумар часопіса «Беларуская думка».
1990 — выйшаў першы нумар «Народнай газеты».
У гэты дзень нарадзіліся
1810 — Пляцыд Янкоўскі, уніяцкі і праваслаўны сьвятар, празаік, паэт, публіцыст і перакладнік (20 верасьня старога стылю). У 1839 годзе ён падпісаў акт ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў Расейскай імпэрыі.
1819 — Аляксандар Незабытоўскі, беларускі і польскі пісьменьнік.
1828 — Міхаіл Каяловіч, гісторык, грамадзкі дзяяч, адзін з галоўных ідэолягаў «заходнерусізму».
1869 — Магатма Гандзі, ідэоляг і адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху Індыі.
1904 — Грэм Грын, ангельскі пісьменьнік, драматург і літаратурны крытык.
1934 — Тамара Чарняўская, архітэктар, гісторык архітэктуры.
1945 — Тамара Габрусь, гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца.
1948 — Сямён Дамарад, мастак.
1951 — Стынг, брытанскі рок-музыкант.
1965 — Зьміцер Сідаровіч, беларускі музыка, дудар, лідэр гурту «Камэлёт», аўтар і выканаўца песень, зьбіральнік фальклёру, навуковец. Памёр 17 траўня 2014 году.
У памяці
1892 — Эрнэст Рэнан, францускі пісьменьнік, гісторык і філёляг.
1924 — Аляксей Сапуноў, гісторык, археограф, краязнаўца.
1968 — Аляксей Глебаў, беларускі скульптар.