26 верасьня на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН выступіў міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў. Значную частку прамовы ён прысьвяціў крытыцы Эўразьвязу і Захаду, вайне Расеі супраць Украіны і супрацьстаяньню ўладаў Беларусі і Міжнароднай арганізацыі працы.
Рыжанкоў абвінаваціў кіраўніцтва Эўразьвязу ў тым, што яно нібыта ахвяруе дабрабытам сваіх грамадзянаў дзеля захаваньня «зьмізарнелага дамінаваньня». Ён таксама заявіў, што эўрапейскія палітыкі імкнуцца да «рэваншу над Расеяй» і могуць ператварыць жыхароў Эўропы ў «гарматнае мяса».
«У Брусэлі камусьці вельмі хочацца пагуляць у салдацікаў, замацаваць сваю веліч у гісторыі», — сказаў Рыжанкоў.
Гэтыя заявы прагучалі ў часе росту абаронных выдаткаў у Эўропе і рыхтаваньня краінаў NATO да магчымых пагрозаў ад Расеі. Аднак Эўразьвяз афіцыйна заяўляе, што падтрымлівае «ўсеабдымны, справядлівы і трывалы мір» ва Ўкраіне на аснове Статуту ААН і міжнароднага права. У чэрвені 2026 году Эўрапейская рада таксама заявіла, што падтрыманьне Ўкраіны і ўмацаваньне яе абароназдольнасьці маюць дапамагчы ёй стрымліваць новую агрэсію.
Наконт вайны ва Ўкраіне Рыжанкоў паўтарыў адзін з асноўных тэзісаў Масквы пра тое, што яе «першапрычынай» сталі пляны далучэньня Ўкраіны да NATO. Ён таксама абвінаваціў Захад у імкненьні «аслабіць, прынізіць, зламаць» Расею і заявіў, што пастаўкі зброі Кіеву «вядуць толькі да зьнішчэньня самой Украіны і яе народу».
Пры гэтым поўнамаштабную вайну супраць Украіны ў лютым 2022 году пачала Расея.
Украіна не была і дагэтуль ня ёсьць сябрам NATO. Альянс заяўляе, што вайсковая дапамога Ўкраіне мае на мэце падтрымаць яе права на самаабарону. Эўразьвяз таксама тлумачыць пастаўкі зброі неабходнасьцю даць Украіне магчымасьць абараняцца ад расейскай агрэсіі; на чэрвень 2026 году вайсковая дапамога Ўкраіне ад дзяржаваў ЭЗ і ад блёку ў цэлым складала прыкладна 93 мільярды эўра.
Рыжанкоў таксама заклікаў да «рэальных перамоваў» аб заканчэньні вайны.
У сваёй прамове ён не згадаў, што Беларусь дала Расеі сваю тэрыторыю для ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году і надалей аказвала Расеі вайсковую падтрымку. Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку ёю расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У чэрвені 2026 году, у прыватнасьці, Эўрапейская рада назвала Беларусь сярод краінаў, якія працягваюць падтрымліваць Расею ў вайне супраць Украіны.
Асобна Рыжанкоў раскрытыкаваў Міжнародную арганізацыю працы (МАП), параўнаўшы яе з Камуністычным Інтэрнацыяналам. Паводле беларускага міністра, арганізацыя спрабуе «выгадаваць з прафсаюзаў рэвалюцыйныя сілы», каб «разгойдваць сытуацыю» ў асобных краінах.
МАП, аднак, крытыкуе ўлады Беларусі не за іхную замежную палітыку, а за парушэньне міжнародных канвэнцыяў аб свабодзе прафсаюзаў, якія Беларусь сама ратыфікавала. Праблема разглядаецца ў МАП больш за два дзесяцігодзьдзі: яшчэ ў 2004 годзе камісія арганізацыі прыйшла да высновы аб сур’ёзных парушэньнях правоў незалежных прафсаюзаў.
У 2022 годзе ўлады Беларусі зьліквідавалі ўсе незалежныя прафсаюзы, а многія іхныя кіраўнікі й актывісты былі зьняволеныя. У сакавіку 2026 году Адміністрацыйная рада МАП зноў заявіла, што ўлады Беларусі не падалі новых зьвестак пра выкананьне ранейшых рэкамэндацыяў, і запатрабавала дапусьціць у краіну місію МАП і незалежных лекараў да зьняволеных прафсаюзных актывістаў.
Такім чынам, патрабаваньні МАП датычаць свабоды аб’яднаньняў, дзейнасьці незалежных прафсаюзаў і правоў іхных сяброў, а не падтрымкі нейкіх «рэвалюцыйных сілаў», як гэта падаў Рыжанкоў.
Форум