Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 верасьня: украінку асудзілі ў Менску за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

абноўлена
Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Двух палітвязьняў з Барысава асудзілі да пяці гадоў калёніі за арт-прастору

14 верасьня палітзьняволеных Сяргея Салаша і Дзьмітрыя Бабіцкага асудзілі да пяці гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведаміла «Вясна». Таксама суд пастанавіў кампэнсаваць «даход, атрыманы злачынным шляхам» у буйным памеры.

Апроч гэтага, кожнага аштрафавалі на 36 тысяч рублёў.

Грамадзкага дзеяча з Барысава Сяргея Салаша затрымалі 12 лістапада 2025 году. Раней ён удзельнічаў у выбарчых кампаніях, балятаваўся ў дэпутаты, зьбіраў подпісы за кандыдатаў ад апазыцыі. У 2010‑х адышоў ад палітыкі і займаўся толькі бізнэсам і грамадзкай дзейнасьцю. На пачатку сьнежня КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» ініцыятыву «Склад бутэлек» у Барысаве. Сярод тых, каго назвалі датычным да яе, былі Сяргей Салаш і Дзьмітры Бабіцкі. Апошняга затрымалі 12 сьнежня 2025 году. З таго часу іх трымалі пад вартай.

Сяргей Салаш, 2010 год
Сяргей Салаш, 2010 год

Украінку з Марыюпаля асудзілі ў Менску за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»

Аксана Дзячук, якая нарадзілася ў Марыюпалі і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны выехала з Украіны, апынулася ў Беларусі. У Менску яе асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Пры якіх абставінах яна прыехала ў Беларусь, дакладна не вядома, піша «Наша Ніва».

Напрыканцы 2025 года Дзячук пісала пра праблемы, з якімі сутыкнулася ў Польшчы. Яна згадвала хваробу, складанасьці з працаўладкаваньнем і нявырашаныя побытавыя пытаньні. Тады ж яна дапускала вяртаньне ў родны Марыюпаль, які на той момант знаходзіўся пад расейскай акупацыяй.

Яе прозьвішча ўжо ўнесьлі ў так званы сьпіс экстрэмістаў, які вядзе МУС Беларусі, у ім пазначана, што яна адбывае пакараньне.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агулам рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году ня менш за 500 тысяч. BelPol уключае ў лік рэпрэсаваных і тых людзей, якія вымушана пакінулі Беларусь і апасаюцца вярнуцца на Радзіму, баючыся крымінальнага перасьледу паводле палітычных матываў.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG