Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спэцпасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам, перадае БелТА.
«Паважаны Джон, далёка жывем, таму рэдка бачымся. Але я вас вітаю ў Беларусі. Пра тое, што вы прыедзеце да нас, мы нічога не хавалі. Ды і вы асабліва нічога не хавалі, нам пра гэта вядома. Нашы людзі ведалі пра тое, што вы прыедзеце, — сказаў Лукашэнка. — Як вы бачыце, наша кампанія крыху пашырылася. Я папрасіў прыехаць прэм’ер-міністра, каб ён падрабязна мог далажыць аб выніках нашых мінулых кантактаў на практыцы (як рэалізуюцца папярэднія дамоўленасьці.
Разам з Коўлам на перамовы прыбыў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту Крыстафэр Паніка. Ён замяніў Крыстафэра Сьміта, які ў жніўні ачоліў місію АБСЭ ў Малдове.
Трэцяя ўдзельніца перамоваў з амэрыканскага боку — Сара Раян, дарадца ў стратэгічных камунікацыях Офісу спэцпасланьнікаў па Беларусі і Ўкраіне ў Белым доме.
Удзел у перамовах зь беларускага боку таксама бяруць прэмʼер-міністар Аляксандар Турчын, старшыня КДБ Іван Тэртэль і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.
Як вынікае з апублікаваных прэс-службай відэазапісаў з сустрэчы, Аляксандар Турчын агучыў праблему з замарожанымі 43–44 мільёнамі даляраў «Беларуськалію» ў амэрыканскім Citibank. Джон Коўл адказаў яму, што амэрыканскі бок ужо зьвярнуўся да банку па размарожваньне рахунку. «Зараз выпрацоўваем мэханізм, як гэта зрабіць. Як толькі мы атрымаем адказ ад банку, мы адразу вам паведамім», — сказаў ён.
Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка заклікаў амэрыканскі бок «няўхільна» выконваць дасягнутыя дамоўленасьці.
«Адзінае, гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас, каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.
Калі размова зайшла аб вызваленьні палітвязньняў, Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што ў Беларусі няма палітычнага перасьледу. Апроч таго, ён заявіў, што «беглыя» хлусяць пра тое, што рэпрэсіі працягваюцца і замест вызваленых у межах амэрыканскіх дамоўленасьцяў затрымліваюць і судзяць у два разы больш іншых грамадзян.
«Я адчуваю, што і вас яны пераканалі. [...] Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда. У нас няма такой мэты, замест вызваленых людзей адпраўляць новых людзей у папраўчыя калёніі. Такой у нас праблемы няма. Мы гэтага ня робім і рабіць ня будзем. Гэта нашы беларусы. Але калі нехта з грамадзян Беларусь і прысутных тут неграмадзян парушаць беларускія законы, мы абавязкова будзем рэагаваць па законе», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, ва ўладаў Беларусі «абсалютна няма неабходнасьці палітычнага перасьледаваць, таму што ўсе працэсы ў Беларусі знаходзяцца пад кантролем».
А 14:23 прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла, што перамовы працягваліся тры гадзіны.
Па стане на 15 верасьня ў Беларусі 912 чалавек прызнаныя палітычнымі вязьнямі. Праводле праваабаронцаў, рэпрэсіі працягваюцца: людзей па-ранейшаму затрымліваюць і судзяць паводле палітычна матываваных спраў.
Ціханоўская: «Наша мэта — спыніць машыну рэпрэсіяў»
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала візыт дэлегацыі ЗША ў Менск.
«Спэцыяльны пасланьнік ЗША ў справах Беларусі сёньня знаходзіцца ў Менску і дамагаецца вызваленьня палітычных зьняволеных. Я глыбока ўдзячная яму, прэзыдэнту Трампу і адміністрацыі ЗША. Гаворка ідзе пра выратаваньне людзей. Кожнага зьняволенага чакаюць блізкія. Кожнае жыцьцё мае значэньне», — напісала яна ў сацсетках.
«Мы спадзяёмся, што на волю выйдзе шмат людзей. Яны самі павінны вырашаць, дзе ім жыць. Свабода ніколі не павінна азначаць выгнаньне. Калі каго-небудзь прымусяць пакінуць Беларусь, наша каманда і партнэры гатовыя іх прыняць. У нас ужо створаная інфраструктура дапамогі», — зазначыла Ціханоўская.
Разам з тым яна заклікала да сыстэмных рашэньняў, якія прывялі б да спыненьня рэпрэсій у Беларусі.
«Адчыніць дзьверы турмаў — толькі першы крок. Патрэбныя палітычная амністыя, спыненьне новых арыштаў і палітычна матываванага перасьледу. Толькі тады можна будзе гаварыць пра сыстэмныя зьмены».
Што папярэднічала
14 верасьня Джон Коўл у Вільні сустрэўся з міністрам замежных спраў Літвы Кястуцісам Будрысам. Бакі абмеркавалі вызваленьне беларускіх палітвязьняў, рэпрэсіі, якія працягваюцца, і падтрымку Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны, паведамляў МЗС Літвы.
Будрыс падкрэсьліў, што Літва працягне аказваць усю неабходную падтрымку гуманітарным намаганьням ЗША і вызваленым палітвязьням. Будрыс таксама падкрэсьліў, што Літва вітае кожны выпадак вызваленьня палітвязьня, але адзначыў, што агульная колькасьць палітвязьняў у краіне застаецца высокай, а рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці працягваюцца.
Будрыс апрача таго адзначыў, што Беларусь застаецца цесна інтэграванай у ваенную архітэктуру і сыстэму бясьпекі Расеі, працягвае падтрымліваць расейскую агрэсію супраць Украіны і спрыяе аказаньню ціску на Захад.
У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.
«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.
Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.
Дакладна вядома пра 646 вызваленых за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.
Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.
Дагэтуль некаторых палітвязьняў вызвалялі адмысловымі указамі Лукашэнкі (гэтак званымі памілаваньнямі), прымеркаванымі да пэўных датаў. Напрыклад, да афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.
Палітычныя вязьні таксама выходзілі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны зьняволеньня. У 2024 годзе ў выніку некалькіх хваляў памілаваньняў на свабоду выйшлі 227 чалавек. Пры гэтым па ўсёй краіне адбываліся новыя затрыманьні і прысуды з палітычных прычын.