Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адваката Лаеўскага асудзілі на 3 гады. У яго падтрымку выступілі Бабарыка, Бяляцкі і Знак, якіх ён раней бараніў

абноўлена
Дзьмітры Лаеўскі, архіўнае фота
Дзьмітры Лаеўскі, архіўнае фота

У Менскім гарадзкім судзе 9 верасьня вынесьлі прысуд аднаму з найвядомейшых адвакатаў Беларусі.

Дзьмітрыя Лаеўскага асудзілі да трох гадоў пазбаўленьня волі і ўзялі пад варту ў залі суду. Пра гэта праваабарончаму цэнтру «Вясна» паведаміў сябар і былы калега Лаеўскага Яўген Пыльчанка.

Адваката Лаеўскага абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

Падставай для абвінавачаньняў, паводле якіх Лаеўскаму вынесьлі прысуд, сталі ягоныя інтэрвію розным незалежным беларускім мэдыя.

У 2020–2021 гадах Дзьмітры Лаеўскі абараняў палітыка Віктара Бабарыку і адваката Максіма Знака. Адразу пасьля вынясеньня прысуду Бабарыку Лаеўскага выключылі з калегіі адвакатаў. Падставай для гэтага стала яго выступленьне ў судовых спрэчках у гэтай гучнай справе, якую праваабаронцы на самым пачатку паводле шэрагу прыкметаў назвалі палітычна матываванай.

Тады, паводле дысцыплінарнай камісіі, Лаеўскі «публічна даў ацэнку выступам і прававым пазыцыям абаронцаў іншых абвінавачаных у крымінальным працэсе».

Бабарыка назваў прысуд «жахлівай несправядлівасьцю»

«Нават разумеючы, што ў нас у краіне прававы дэфолт і што гэта далёка ня першы прысуд сумленным людзям, усё адно не магу паверыць, што гэта здарылася зь Дзімам. Яго асудзілі проста за выкананьне свайго прафэсійнага абавязку — за строгае захаваньне адвакатскай і чалавечай этыкі», — напісаў у фэйсбуку былы палітвязень і прэтэндэнт у прэзыдэнты на выбарах 2020 году Віктар Бабарыка, калі даведаўся пра прысуд Дзьмітрыю Лаеўскаму.

Знак: Лаеўскага асудзілі за праўду

Максім Знак напісаў, што прыклад Лаеўскага паказвае, наколькі небясьпечна цяпер быць у краіне для сумленных і людзей.

«Мой сябра і адвакат Зьміцер Лаеўскі— за кратамі. Згодна прысуду — на тры гады. За тое што сумленна рабіў сваю працу і казаў праўду. Артыкулы з КК ня маюць ніякага значэньня — там няма такіх „за праўду“, „за сумленнасьць“, але насамрэч асуджаюць за гэта. Ён ня зьехаў зь Беларусі, рабіў сваю працу да апошняга і паказаў сёньня для ўсіх, хто хоць на імгненьне пачаў сумнявацца, наколькі „бясьпечна“ знаходзіцца ў краіне», — напісаў у фэйсбуку юрыст і былы палітвязень Максім Знак.

У 2011–2012 гадах Лаеўскі быў адвакатам праваабаронцы, кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага. Пасьля гэтай справы пад ціскам ён быў вымушаны на некалькі гадоў пакінуць адвакатуру.

У жніўні 2025 году ўлады дадалі ў сьпіс экстрэмістаў арганізацыю «Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека». Паводле сілавікоў, дачыненьне да яе меў і Лаеўскі. Акрамя яго, у пераліку асобаў, нібыта датычных да ініцыятывы, называліся Натальля Мацкевіч, Тацьцяна Лішанкова, Марыя Колесава-Гудзіліна, Уладзімер Пыльчанка, Дзьмітры Лепрэтар.

Бяляцкі пра прысуд Лаеўскаму: «Яго пакаралі за любоў да Радзімы»

Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі пракамэнтаваў прысуд свайму былому адвакату Дзьмітрыю Лаеўскаму, якога 9 верасьня асудзілі да трох гадоў зьняволеньня.

«9 верасьня былы адвакат Дзьмітры Лаеўскі, якога два разы звальнялі з адвакатуры, першы раз за абарону мяне ў 2011 годзе, другі — за абарону Віктара Бабарыкі, урэшце сам быў несправядліва асуджаны да трох гадоў няволі.

У Дзьмітрыя — выдатная юрыдычная падрыхтоўка, сьветлая галава і бліскучая аргумэнтацыя, падмацаваная ягонай працавітасьцю. У іншым грамадзтве ён быў бы высока ацэнены. Але не ў сыстэме пастаяннага тэрору і зьдзеку з чалавечай годнасьці. Ён любіць Беларусь, ён упарта трымаўся за Радзіму і быў пакараны за любоў да яе. Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца».

За кратамі знаходзіцца і Віталь Брагінец — адвакат, які раней абараняў Алеся Бяляцкага. Яго затрымалі ў 2022 годзе, а пазьней асудзілі па палітычна матываванай справе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG