На ягоную думку, беларусы за мяжой апынуліся ў сытуацыі, калі «ўсе плывуць у адным чаўне», а таму ня варта «разгойдваць гэты човен»: «Калі пачынаеш зьневажаць апанэнта, гэта азначае, што ты сам сябе не паважаеш».
На думку Фядуты, галоўная праблема цяперашняга канфлікту — ня толькі ў сутнасьці прэтэнзіяў, але і ў рыторыцы, якую выкарыстоўваюць бакі.
«Я заўжды быў прыхільнікам таго, каб ставіцца да сваіх апанэнтаў з пэўнай павагай. Бо калі ты пачынаеш іх зьневажаць, называць мразямі і гэтак далей, гэта значыць, што ты сам сябе не паважаеш», — сказаў Фядута.
Першапачаткова дыскусія пра ролю незалежных СМІ ў грамадзтве, а таксама пра іх фінансаваньне міжнароднымі донарамі пачалася паміж былым палітзьняволеным, блогерам Сяргеем Ціханоўскім і выданьнем «Наша ніва». Ціханоўскі ў рэзкай форме выступіў супраць фармулёвак, якімі апісваецца і аналізуецца яго жыцьцё. Незалежныя мэдыя настойваюць на сваім праве крытычна ацэньваць дзейнасць Ціханоўскага і іншых палітыкаў.
Фядута таксама крытыкуе спробу дыскрэдытаваць Ціханоўскага празь ягонае мінулае і асабістыя абставіны. Ён зьвяртае ўвагу на выпадак, калі былая палітзьняволеная і блогерка Вольга Такарчук публічна выказалася пра Ціханоўскага, выкарыстоўваючы зьняважлівыя ацэнкі. Пазьней яна папрасіла ў яго прабачэньня.
«Калі вы скарыстоўваеце тое, што распаўсюджвалі пра яго спэцслужбы і тое, што распаўсюджвалі пра яго былыя зьняволеныя, нават не палітычныя зьняволеныя, — прабачце, а што пра вас могуць казаць?» — кажа Фядута.
Паводле яго, нельга спачатку выкарыстоўваць сумнеўныя аргумэнты, каб прынізіць апанэнта, а потым шкадаваць пра наступствы.
«Вы зараз не на рынгу»
Але крытыкуе Фядута і незалежныя мэдыя, якія ўступаюць у публічную вайну з Ціханоўскім.
«Вы зараз не на боксе і не на рынгу, дзе можаце проста набіць твар свайму апанэнту. Вы ў публічнай інфармацыйнай прасторы», — кажа ён.
Паводле Фядуты, атакі на Сяргея Ціханоўскага непазьбежна закранаюць і Сьвятлану Ціханоўскую, а празь яе — і ўсю сыстэму беларускай дэмакратычнай прадстаўнічасьці.
Ён згадвае таксама словы Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца, якія заклікаюць спыніць унутраную барацьбу.
«Зараз няма мэханізму, каб мяняць Ціханоўскую. Ну скончыце барацьбу з Ціханоўскай. Усё роўна ніхто нічога не даб’ецца, апроч таго, што наогул зьменшыць дапамогу ўсім беларусам, якія апынуліся за мяжой», — лічыць Фядута.
«Мы плывём у адным чаўне»
Фядута праводзіць прынцыповую розьніцу паміж палітычнай барацьбой у Беларусі і канфліктамі беларускай эміграцыі.
«Ёсьць розьніца паміж сытуацыяй, калі ты знаходзісься ўнутры Беларусі, і калі ты знаходзісься па-за межамі. Па-за межамі мы плывём у адным, у адным чаўне. І гэты човен разгойдваць ня трэба», — кажа ён.
У Беларусі, на ягоную думку, палітычныя канкурэнты маюць хоць нейкую магчымасьць апэляваць да грамадзтва і выбарцаў. За мяжой сытуацыя іншая: беларуская дэмакратычная супольнасьць фактычна пазбаўленая нармальнага палітычнага мэханізму, які дазваляў бы вырашаць унутраныя канфлікты.
«Тут не тыя часы, трэба ўсім плысьці ў адзін бок. У адзіным кірунку».
«Мы вернемся альбо разам, альбо ніхто»
Фядута прызнае: чакаць ідэальнай дысцыпліны ад людзей, якія перажылі рэпрэсіі, турмы і эміграцыю, немагчыма.
Але ён лічыць, што цяперашняя сытуацыя патрабуе ад беларусаў асаблівай адказнасьці за свае словы. Ён параўноўвае мяжу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам з ракой Стыкс у старажытнагрэцкай міталёгіі, празь якую Харон перавозіць памерлых.
«Без Радзімы мы ўсё роўна як у тым самым пекле, у той самай апраметнай», — кажа ён.
Таму, на яго думку, беларусам ня варта «падкідваць адзін аднаму палена ў вогнішча».
«Ня трэба, бо ў рэшце рэшт усіх нас спаляць на гэтым вогнішчы. І трэба зрабіць усё, каб вярнуцца, а не тое, каб вярнуўся я і не вярнуўся той, каго я не люблю».
Галоўная мэта, паводле Фядуты, павінна быць агульнай — вяртаньне ў Беларусь: «Мы вернемся альбо разам, альбо ніхто».
Форум