Пра гэта сьведчыць аналіз ад агенцтва «Позірк».
Фактычна вучэньні ў краіне ідуць хвалямі, адны пераходзяць у другія. Калі да 2022 году манэўры насілі цыклічны, сэзонны характар, то да 2026 году яны ператварыліся ў бесьперапынны працэс. Пры гэтым баявая падрыхтоўка праходзіць з улікам досьведу вайны ўва Ўкраіне, у некаторых вучэньнях робяць акцэнт на супрацьдзеяньні бесьпілётным лятучым апаратам.
У 2026 годзе на тэрыторыі Беларусі правялі каля двух дзясяткаў зафіксаваных у адкрытых крыніцах захадаў, зьвязаных з камандна-штабнымі вучэньнямі, зборамі тэрытарыяльнай абароны і праверкай боегатоўнасьці.
Напрыклад, зафіксаваныя ня менш за чатыры буйныя этапы праверкі боегатоўнасьці. Найбольш працяглая праверка году, раптоўна абвешчаная Аляксандрам Лукашэнкам у абыход Міністэрства абароны і Генэральнага штабу «для ацэнкі рэальнага стану войскаў», праходзіла зь сярэдзіны студзеня па сакавік.
У траўні Беларусь супольна з Расеяй правяла інспэкцыю гатоўнасьці ўжываць нестратэгічную ядзерную зброю: практыкаваліся ў пакрыёмым разгортваньні, вялі падрыхтоўку асабовага складу ракетных войскаў і авіяцыі, а таксама ўмоўныя тактычныя пускі зь няплянавых раёнаў.
24 жніўня ў Асіповічах пачалася раптоўная праверка 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады з улікам «досьведу ваенных канфліктаў ува Ўкраіне і Іране», што суправаджалася мабілізацыяй вайсковаабавязаных.
2 верасьня стала вядома пра раптоўную праверку ўнутраных войскаў МУС у Віцебску.
У 2026 годзе прайшлі ня менш за сем буйных камандна-штабных вучэньняў: з войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня (19–25 сакавіка), органаў тылавога забесьпячэньня Ўзброеных сілаў (26–28 траўня), МУС у Берасьці (26 сакавіка), Віцебску (24 красавіка), Магілёве (27 траўня), Горадзенскай вобласьці (29–30 ліпеня), УУС Менскага аблвыканкаму (26 жніўня). У вучэньнях з удзелам МУС сярод іншага практыкуюцца ў «пратэставых» сцэнарах: сілавікі «разганяюць мітынгі» і «спыняюць масавыя беспарадкі» з улікам досьведу 2020 году. Пры гэтым у Віцебску трэнаваліся нэўтралізаваць журналістаў.
Акрамя таго, у краіне прайшло ня менш за шэсьць хваляў збораў тэрытарыяльнай абароны: вясной і летам у Берасьцейскай і Віцебскай вобласьцях, у жніўні (з працягам у верасьні) у Менскай і Горадзенскай, у верасьні такія зборы арганізуюцца ў Гомельскай вобласьці і Менску.
З пачатку году ў краіне рэзка ўзрасла інтэнсіўнасьць мабілізацыйных захадаў. Да другой паловы лета з запасу на розныя зборы выклікалі больш за 9400 вайсковаабавязаных, адзначылі аналітыкі iSans ў ліпеньскім аглядзе вайсковай актыўнасьці.
Акрамя таго, адбылося ня менш за 26 плянавых і надзвычайных праверак сыстэмаў апавяшчэньня насельніцтва. Большасьць іх, а менавіта 22 — у дзьвюх вобласьцях, што мяжуюць з Украінай.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
Форум