Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Такога мы яшчэ не перажывалі»: катастрофа ля Кіпру. ВІДЭА

Уратаваных эвакууюць на гэлікоптэрах
Уратаваных эвакууюць на гэлікоптэрах

Ля берагоў Паўночнага Кіпру перавярнуўся пасажырскі катамаран Filo Jet з 267 людзьмі на борце. Паводле апошніх зьвестак, загінулі ня менш як 7 чалавек, яшчэ 23 лічацца зьніклымі. Выратавалі 237 чалавек.

Вадаплаў адплыў з партовага гораду Кірэнія а 12:30 і накіраваўся ў турэцкі порт Ташуджу. Адразу пасьля адплыцьця катамаран пачаў набіраць ваду — прычына пакуль невядомая. Паказальная дэталь: рэйс перанесьлі з наступнага дня з прычыны прагнозу непагадзі, аднак гэта не дапамагло. За чатыры морскія мілі ад берагу вадаплаў накрыла хваля і ён перавярнулася.

Напярэдадні, у суботу, Кіпр перажыў магутны шторм — у выніку непагадзі на паўднёвым усходзе вострава загінуў адзін чалавек, чыя яхта разьбілася аб скалы. Лідэр турэцкіх кіпрыётаў Туфан Эрхюрман зазначыў, што пра шторм было вядома, аднак надвор’е ў момант адплыцьця ўважалася за прыдатнае для выхаду ў мора.

Кірэнія — папулярны курорт, а катамаран Filo Jet хадзіў па адным зь некалькіх рэгулярных паромных маршрутаў, якія штодзень зьвязваюць Паўночны Кіпр з Турэччынай.

На відэа зь месца здарэньня можна пабачыць людзей у чырвоных ратавальных камізэльках, якія сядзяць і стаяць на перавернутым корпусе вадаплаву. Эрхюрман у жывым этэры CNN Turk паведаміў: «Мы выратавалі 237 чалавек жывымі. Аднак таксама знайшлі сем загінулых. Нас гэта глыбока засмучае».

Пошук 23 зьніклых працягваецца. «Калі ўнутры вадаплаву яшчэ ёсьць людзі, дабрацца да іх у гэты момант няпроста. Ужываюцца і іншыя тэхналёгіі», — сказаў ён.

У апэрацыю залучаныя чатыры караблі берагавой аховы Паўночнага Кіпру, пяць турэцкіх караблёў берагавой аховы, два верталёты і некалькі прыватных лодак.

Прэмʼер-міністар Паўночнага Кіпру Унал Устэль, які ўзначаліў антыкрызісны штаб, заявіў: «Адзіны прыярытэт цяпер — чалавечыя жыцьці. Усе структуры дзяржавы, сілы бясьпекі, мэдычныя каманды і ратаўнікі каардынуюць сваю працу».

Эрхюрман назваў катастрофу беспрэцэдэнтнай: «Тут вялікае адчуваньне шоку. Такога мы яшчэ не перажывалі».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG