Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнікаюць бязь сьледу. Чаму ААН прыраўняла беларускія турмы да выкраданьняў

Фрагмэнт фотавыставы «Мяжа», прысьвечанай беларусам, якія пад ціскам былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Лукіская турма, Вільня, 2021
Фрагмэнт фотавыставы «Мяжа», прысьвечанай беларусам, якія пад ціскам былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Лукіская турма, Вільня, 2021

30 жніўня — Міжнародны дзень ахвяр гвалтоўных зьнікненьняў.

У Беларусі гэтая тэма мае два вымярэньні: выкраданьні палітычных апанэнтаў на мяжы 1990–2000-х гадоў і сучасная практыка поўнай ізаляцыі палітвязьняў — рэжым інкамунікада, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі

У 2004 годзе кіпрскі юрыст і дэпутат Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс падрыхтаваў даклад «Зьніклыя асобы ў Беларусі» — дэталёвае расьсьледаваньне выкраданьняў чатырох апанэнтаў улады ў 1999–2000 гадах. Ён расьсьледаваў справы:

  • Юрыя Захаранкі — былога міністра ўнутраных спраў Беларусі,
  • Віктара Ганчара — былога віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету,
  • Анатоля Красоўскага — бізнэсоўца і блізкага сябра Ганчара,
  • Дьзмітрыя Завадскага — журналіста ГРТ.

Пургурыдэс прыйшоў да высновы, што гэта былі не «крымінальныя разборкі», а сплянаваныя спэцапэрацыі па ўхіленьні палітычных апанэнтаў.

«Пургурыдэс прыйшоў да высновы, што ёсьць шэраг высокапастаўленых асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да гэтых зьнікненьняў, вызначаных як менавіта палітычна матываваныя. Гэта зьнікненьні, зьдзейсьненыя дзяржаўнымі спэцслужбамі для ліквідацыі апанэнтаў улады», — узгадвае праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч.

Даклад стаў падставай для санкцый ЭЗ супраць:

  • Уладзіміра Навумава — былога міністра ўнутраных спраў,
  • Дзьмітрыя Паўлючэнкі — былога камандзіра Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня,
  • Віктара Шэймана — былога генэральнага пракурора і кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта,
  • і іншых асоб.

Целы зьніклых да гэтага часу ня знойдзены. Вінаватыя да адказнасьці не прыцягнутыя.

«Мы заўсёды расцэньвалі гэтыя факты як найгоршыя, самыя жорсткія віды парушэньняў правоў чалавека ў краіне. Ёсьць падазрэньні, што яны былі спалучаныя з пазасудовымі пакараньнямі сьмерцю. Гэта ўтварае склад злачынства супраць чалавечнасьці, па якім няма тэрміну даўніны», — падкрэсьлівае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Стэфановіч нагадвае: доказная база да сёньня захавалася — рапарт генэрала Лапаціка (намесьніка міністра ўнутраных спраў), які ўказваў на Паўлючэнку, пастанова КДБ аб яго затрыманьні «па падазрэньні ў арганізацыі зьнікненьняў», сьведчаньні Алкаева (былога начальніка мінскага СІЗА), які паказаў, што выдаваў расстрэльны пісталет у даты, якія супадаюць са зьнікненьнямі. У верасьні 2026 году ў Швайцарыі ў межах працэдуры ўнівэрсальнай юрысдыкцыі адбудзецца апэляцыя ў справе Гараўскага — былога супрацоўніка беларускіх сілавых структур, які асабіста прызнаўся ва ўдзеле ў выкраданьні Захаранкі.

Рэжым інкамунікада пасьля 2020 году

Другое вымярэньне — масавае ўжываньне рэжыму інкамунікада ў дачыненьні да палітвязьняў пасьля 2020 году. Да верасьнёўскай сэсіі Рады ААН у правах чалавека выйшаў даклад Працоўнай групы ААН, у якім сказана: «Працяглае ўтрыманьне пад вартай бяз сувязі са зьнешнім сьветам можа быць раўнасільнае гвалтоўнаму зьнікненьню». Сэсія адбудзецца 7 верасьня — 9 кастрычніка 2026 году.

Валянцін Стэфановіч, які сам прайшоў праз інкамунікада ў зьняволеньні, тлумачыць яго мэханіку: чалавека зьмяшчаюць у ШІЗА або ПКТ, дзе ліставаньне і тэлефонныя званкі забароненыя, і сваякі на працягу месяцаў ня ведаюць, ці жывы ён увогуле. Паводле Стэфановіча, мэты такой практыкі — ціск на вязьня, помста за палітычную дзейнасьць і хаваньне парушэньняў.

  • 2026 год — 20-я гадавіна прыняцьця Міжнароднай канвэнцыі аб абароне ад гвалтоўных зьнікненьняў. Беларусь гэтую Канвэнцыю не падпісала. Тым часам практыка ізаляцыі працягваецца, а справы 1999–2000 гадоў застаюцца нерасьсьледаванымі.
  • 22 верасьня ў Швайцарыі суд будзе разглядаць апэляцыю на вырак экс-байцу САХР Гараўскаму, які абскардзілі сваякі зьніклых Захаранкі і Красоўскага. Юрый Гараўскі ўцёк у Швайцарыю, дзе публічна прызнаўся, што ўдзельнічаў у выкраданьні зьніклых палітыкаў у траўні і верасьні 1999 году. Справа разглядалася ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі, паколькі гвалтоўнае зьнікненьне класыфікуецца як злачынства супраць чалавечнасьці. У выніку суд прызнаў Гараўскага невінаватым, паколькі не было прадстаўлена дастаткова доказаў яго віны. Юрысты міжнародных праваабарончых арганізацый ад імя пацярпелых сваякоў падалі апэляцыйную скаргу на апраздаўчае рашэньне суду.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG