Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ісьляндыя сказала «не» перамовам з ЭЗ. Чым гэта цікава для Беларусі

Урна для галасаваньня на рэфэрэндуме
Урна для галасаваньня на рэфэрэндуме

Ісьляндцы на рэфэрэндуме не пагадзіліся з прапановай аднавіць перамовы аб уступленьні краіны ў Эўрапейскі Зьвяз. Супраць прагаласавалі 52,8% выбарцаў, за — 47,2%. Яўка склала 82,5%.

Гаворка ішла менавіта пра аднаўленьне перамоваў, а не пра непасрэднае ўступленьне ў ЭЗ. Ісьляндыя падала заяўку на сяброўства ў 2009 годзе, але перамовы былі спыненыя ў 2013-м, калі на парлямэнцкіх выбарах перамаглі эўраскептычныя партыі.

Чаму перамаглі праціўнікі перамоваў

  • Рыбалоўства застаецца адной з ключавых галін ісьляндзкай эканомікі — на яго прыпадае каля 40% экспарту тавараў. Праціўнікі ЭЗ баяліся, што агульная рыбалоўная палітыка Зьвязу можа абмежаваць кантроль краіны над уласнымі рыбнымі рэсурсамі. Прафэсар паліталёгіі Эйрыкур Бэргман адзначае, што для Ісьляндыі гэта «адзін з фундамэнтальных слупоў» эканомікі.
  • Краіна ўваходзіць у Эўрапейскую эканамічную прастору і Шэнгенскую зону, але не зьяўляецца сябрам ЭЗ. Таму частка выбарцаў ня бачыла неабходнасьці ў поўным сяброўстве. Аналітыкі таксама зьвярталі ўвагу на тое, што Ісьляндыя ўжо карыстаецца многімі перавагамі адзінага рынку, захоўваючы пры гэтым большую самастойнасьць у ключавых пытаньнях.


Пры гэтым прыхільнікі перамоваў рабілі акцэнт на эканоміцы і бясьпецы. Яны лічаць, што сяброўства ў ЭЗ магло б дапамагчы Ісьляндыі з высокай інфляцыяй і працэнтнымі стаўкамі, а таксама ўзмацніць яе пазыцыі на тле росту напружанасьці ў Арктыцы.

На вынік таксама паўплывала зьмена геапалітычнай сытуацыі, у тым ліку пагрозы Дональда Трампа адносна Грэнляндыі. Аднак прафэсар Бэргман лічыць, што геапалітыка хутчэй паўплывала на кантэкст дыскусіі, чым стала яе галоўнай прычынай: рэфэрэндум быў ініцыяваны яшчэ да апошняга абвастрэньня сытуацыі вакол Грэнляндыі.

Прэм’ер-міністарка Ісьляндыі заявіла, што пры яе ўрадзе пытаньне аднаўленьня перамоваў больш ня будзе вяртацца ў парадак дня.

  • Нягледзячы на тое, што Ісьляндыя не ўваходзіць у Эўразьвяз, яна далучаецца да эўрапейскіх санкцый супраць беларускіх уладаў. Ісьляндзкія ўлады ўжываюць тыя ж санкцыйныя меры супраць Беларусі, што і ЭЗ; у жніўні 2026 году Ісьляндыя таксама далучылася да новага пакету эўрапейскіх абмежаваньняў.
  • Вынік галасаваньня важны ня толькі для будучых адносінаў Ісьляндыі з Эўразьвязам, але і для больш шырокага пытаньня: наколькі эўрапейскія краіны па-за ЭЗ будуць і надалей узгадняць зь Брусэлем сваю зьнешнюю палітыку і санкцыі, у тым ліку адносна Беларусі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG