Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Здаецца, ня так даўно і бачыліся». Пуцін прыняў Лукашэнку ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі. ФОТА

абноўлена

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыняў Аляксандра Лукашэнку ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі ў Нова-Агарова на захад ад Масквы. Ён сказаў, што вельмі рады новай сустрэчы.

«Здаецца, ня так даўно і бачыліся, але, як я заўсёды кажу ў такіх выпадках, дынаміка нашых адносінаў такая, што ўвесь час зьяўляюцца ўсё новыя і новыя моманты, на якія трэба зьвярнуць увагу, якія трэба ўзгадніць, урэгуляваць», — цытуе Пуціна kremlin.ru.

Ён прыгадаў леташнюю статыстыку пра 52 мільярды даляраў таваразвароту. Адзначыў, што сёлета за паўгоду дадалося 12,5 працэнта расейскіх інвэстыцый у Беларусь і 2,5 тысячы прадпрыемстваў з расейскім удзелам. Сказаў, што самае важнае — узаемадзеяньне ў сфэры высокіх тэхналёгій.

«І працягваем актыўна працаваць на міжнароднай арэне, працягваем умацоўваць Саюзную дзяржаву», — дадаў Пуцін.

Аляксандар Лукашэнка ў сваю чаргу сказаў, што «практычна пытаньняў няма, урад добра працуе».

Ён паведаміў, што напярэдадні з прэм’ер-міністрам Расеі размаўляў наконт «аб’яднаньня высілкаў у электроніцы».

«Мы тут абсалютна не застанёмся „голымі“ і бяз гэтых тавараў мікраэлектронікі. Мы сёньня разам ствараем абсалютна ўсё, што трэба. Заўтра мы выйдзем на вельмі высокі ўзровень», — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што нагодай для сустрэчы з Пуціным стала і «дынаміка міжнародных адносінаў».

Карбалевіч: Магчыма, можна казаць пра эканамічны шантаж

Аналітык Радыё Свабода Валер Карбалевіч лічыць, што за вонкава звычайным візытам можа стаяць нейкае напружаньне ў дачыненьнях Беларусі і Расеі.

Ён зьвяртае ўвагу на тое, што актывізаваліся ўзаеміны з расейскім урадам. Напярэдадні прайшла асобная сустрэча Лукашэнкі зь прэм’ер-міністрам Расеі Міхаілам Мішусьціным, што адбываецца даволі рэдка. Лукашэнка і падчас перамоваў зь Мішусьціным, і падчас перамоваў з Пуціным казаў пра праблемы і цяжкасьці.

Таксама наўрад ці была выпадковай фраза Лукашэнкі падчас сустрэчы зь Мішусьціным, што ёсьць праблема, зьвязаная з падзеямі, якія адбываюцца на поўдні Беларусі і захадзе ад Расеі — то бок яўны намёк на Ўкраіну.

«Навошта Лукашэнка абмяркоўвае зь Мішусьціным праблемы Ўкраіны? Гэта дзіўна, бо прэм’ер у Расеі не займаецца вонкавай палітыкай», — задаецца пытаньнем Валер Карбалевіч.

І выказвае гіпотэзу, што «нейкім чынам праблема вайны супраць Украіны ўвязваецца з праблемай эканамічных узаемадачыненьняў Беларусі і Расеі».

«Якім чынам гэтая ўвязка адбываецца? Можна толькі гадаць. Магчыма, тут Расея спрабуе нейкім чынам увязаць гэтыя пытаньні. Магчыма, тут можна казаць нават пра нейкі эканамічны шантаж. Ну, але гэта ўжо пачынаецца чыстая кансьпіралёгія, і далей разьвіваць гэтую тэму я б ня стаў», — адзначае Валер Карбалевіч.

Папярэдні раз Аляксандар Лукшэнка сустракаўся з Уладзімірам Пуціным 26 чэрвеня на Валдаі. Як і цяперашні, гэта быў рабочы візыт, у Расеі яго яшчэ называюць «неафіцыйным».

Гэта ўжо пятая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным сёлета.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG