Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Польшчы пасьля размовы з кіраўніком NATO: «Мы ня можам выключаць правакацыі з боку Расеі»

Дональд Туск, архіўнае фота
Дональд Туск, архіўнае фота

«Як я і папярэджваў, эскаляцыя з боку Расеі нарастае», — напісаў польскі прэм’ер-міністар Дональд Туск у сацсетцы X пасьля размовы з генэральным сакратаром Паўночнаатлянтычнага альянсу Маркам Рутэ.

Туск адзначыў, што Рутэ перадаў яму сваю ацэнку сытуацыі ў рэгіёне і на ўкраінска-расейскім фронце.

«Украіне патрэбная большая падтрымка ў паветры, што мае значэньне і для нашай бясьпекі. Гэта задача для ўсёй Эўропы», — напісаў Туск.

Ён дадаў, што «найбліжэйшыя паўгоду будуць вырашальнымі», і Польшча і NATO «павінны быць гатовыя да розных сцэнароў».

«Мы ня можам выключаць правакацыі з боку Расеі супраць аднаго з чальцоў NATO», — адзначыў Туск.

Напярэдадні Дональд Туск зьвязаў візыт кіраўніка ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву 25 жніўня акурат з ростам пагрозы з боку Расеі.

«Шмат тыдняў таму я сказаў у інтэрвію Financial Times, што існуе рэальная пагроза, што Расея наважыцца на нейкую сур’ёзную правакацыю або нават напад — нейкі абмежаваны напад на адну з краінаў дамовы. І пачуў ад многіх камэнтатараў, што Туск звар’яцеў». «Я добра ведаў, што казаў», — адзначыў польскі прэм’ер-міністар.

«Сёньня ўжо ніхто ня мае сумневаў, бо гэта зьвязана ня толькі зь візытам кіраўніка ЦРУ ў Маскву. Ужо шмат тыдняў гэтыя сыгналы вядомыя і публічна. Вядома, што Расея вельмі сур’ёзна рыхтуецца да эскаляцыі напружаньня — як у вайне супраць Украіны, так і ва ўсім рэгіёне. І што для Расеі гэтая восень і зіма маюць быць ключавымі», — заявіў Туск.

Ён таксама патлумачыў, чаму адказ NATO на магчымую агрэсію павінен быць рашучым.

«Калі б Расея наважылася напасьці, ня ведаю, напрыклад, на Эстонію, мы былі б цалкам пазбаўленыя ўяўленьня пра рэальнасьць, калі б сказалі: „Слухайце, на ўсялякі выпадак не рэагуем“. Мы павінны быць сярод першых, хто будзе мабілізоўваць усіх на неадкладны і жорсткі адказ, бо інакш наступнымі ў чарзе будзем мы», — адзначыў Туск.

Чаму гэта важна

30 ліпеня эўракамісары ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Фінляндыі і Эстоніі накіравалі ліст прэзыдэнтцы Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен з інфармацыяй пра рост занепакоенасьці наконт магчымай агрэсіі Расеі супраць краінаў Балтыі. Яны адзначылі «пагаршэньне абставінаў з гледзішча бясьпекі» пры «часьцейшых парушэньнях паветранай прасторы і ўварваньнях дронаў».

6 жніўня Wall Street Journal напісала, што, паводле амэрыканскай выведкі, Расея можа праверыць рашучасьць NATO абмежаваным уварваньнем ужо сёлетняй восеньню.

Балтыйскія дыпляматы, якія пагаварылі з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, пацьвердзілі, што летам атрымалі зьвесткі выведкі аб расейскіх апэрацыях пад фальшывым сьцягам, але не было ніякіх прыкметаў падрыхтоўкі немінучай канвэнцыйнай атакі.

25 жніўня кіраўнік ЦРУ Джона Рэткліфа Рэткліф прыляцеў у Маскву. Паводле крыніц РСЭ/РС, ён заклікаў Крэмль не дапусьціць эскаляцыі канфліктаў з саюзьнікамі ЗША, асабліва з Латвіяй, Літвой і Эстоніяй.

Але прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Рэткліф не рабіў такога папярэджаньня.

«Рэткліф бачыць свайго расейскага калегу раз на шэсьць месяцаў або раз на год. У іх вельмі добрыя адносіны. Ніякага пасланьня не было і нічога незвычайнага не было», — цытуе Трампа Axios.

Але калі пазьней журналісты ў Авальным кабінэце спыталі яго пра гэта, Трамп, як выглядала, адступіў, сказаўшы:

«Я не хачу гэтага камэнтаваць, але яны не зьбіраюцца нападаць [на NATO]».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG