Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: Мы ў даўгу перад загінулымі абаронцамі за будучыню, у якой Украіна пераможа, а Беларусь нарэшце будзе вольнай

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

«Мы ўшаноўваем усіх, хто аддаў сваё жыцьцё за свабоду Ўкраіны, у тым ліку беларусаў, якія змагаліся і загінулі, абараняючы яе», — адзначыла беларускі дэмакратычны лідар Сьвятлана Ціханоўская ў Дзень памяці загінулых абаронцаў Украіны, які адзначаецца 29 жніўня.

«Мы ў даўгу перад імі за будучыню, у якой Украіна пераможа, а Беларусь нарэшце будзе вольнай», — напісала яна.

29 жніўня ва Ўкраіне — Дзень памяці абаронцаў. Гэтае сьвята ўвялі ў 2019 годзе, прымеркаваўшы яго да гадавіны расстрэлу расейскай арміяй 29 жніўня 2014 году ўкраінскіх добраахвотнікаў пад Ілавайскам у так званым «зялёным калідоры».

«Тады расейскае кіраўніцтва — як гэта для яго звычайна — парушыла дамоўленасьці: украінскіх вайскоўцаў расстралялі, калі яны калёнамі рухаліся па тым, што мелася быць „зялёным калідорам“. Іхні шлях пралягаў цераз палі сланечніка. Таму традыцыйным сымбалем памятнага дня 29 жніўня стаў сланечнік», — гаворыцца на старонцы Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці.

На сустрэчы зь Ціханоўскай 25 траўня 2026 году ў Кіеве ўкраінскі міністар замежных спраў Андрэй Сыбіга заявіў, што «больш за 90 грамадзян Рэспублікі Беларусь аддалі сваё жыцьцё, змагаючыся плячо ў плячо з украінцамі супраць агульнага ворага — імпэрскай Расеі».

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» 8 жніўня ў Варшаве прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Вадзім Кабанчук заявіў, што, паводле ягонай інфармацыі, у вайне Расеі супраць Украіны загінула больш за 500 беларусаў, якія ваявалі на баку РФ, піша «Позірк».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG