Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: бел-чырвона-белы сьцяг стаў дзяржаўным у БНР

Беларускі нацыянальны штандар. Фрагмэнт паштоўкі часоў Беларускай Народнай Рэспублікі
Беларускі нацыянальны штандар. Фрагмэнт паштоўкі часоў Беларускай Народнай Рэспублікі

Падзеі 5 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

1506 — Клецкая бітва. Пад Клецкам сышліся 7-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага і 12-тысячная армія татараў. Літвінамі кіраваў Міхал Глінскі. У выніку бліскучае перамогі амаль усё татарскае войска зьнішчылі і вызвалілі з палону 40 тысячаў землякоў, якіх татары гналі ў Крым.

1772 — Адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй.

1917 — на 1-й сэсіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня.

1918 — бел-чырвона-белы сьцяг быў зацьверджаны Дзяржаўным сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

1940 — Латвія ўключаная ў склад СССР.

2018 — паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы ў Лідзкім раёне адбылося ганаровае адкрыцьцё помніку паўстанцам 1863 году.

У гэты дзень нарадзіліся

1461 — Аляксандар Ягелёнчык, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

1753 — Лаўрын Гуцэвіч, архітэктар, аўтар архітэктурных шэдэўраў у Вільні і на Віленшчыне.

1850 — Гі дэ Мапасан, францускі пісьменьнік.

1924 — Аркадзь Жураўскі, мовазнавец, доктар філялягічных навук, прафэсар.

1930 — Ніл Армстранг, амэрыканскі астранаўт, першы чалавек, які ступіў на Месяц.

1947 — Віталь Скалабан, гісторык, літаратар, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Віталь Скалабан
Віталь Скалабан

1947 — Віктар Маркавец, мастак, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Віктар Маркавец. «Свята ў Докшыцах»
Віктар Маркавец. «Свята ў Докшыцах»

1958 — Уладзімер Макей, дзяржаўны дзяяч РБ і дыплямат, 7-ы міністар замежных справаў (2012–2022).

1962 — Юлія Чарняўская, культуроляг, пісьменьніца, былая палітычная зьняволеная.

У памяці

1815 — Геранім Страйноўскі, асьветнік, праўнік, рэлігійны дзяяч. Рэктар Галоўнай школы ВКЛ, якую ператварыў ува ўнівэрсытэт. Віленскі біскуп.

1816 — Тамаш Ваўжэцкі, дзяржаўны дзяяч ВКЛ, пасьля таго, як Тадэвуш Касьцюшка патрапіў у палон, узначаліў паўстаньне 1794 году.

1864 — у Варшаўскай цытадэлі павешаны Рамуальд Траўгут, генэрал, камандзір Кобрынскага паўстанцкага атраду, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году. Сёньня ў мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне, дзе ён вучыўся ў гімназіі, герою пастаўлены помнік.

1895 — Фрыдрых Энгельс, нямецкі філёзаф і эканаміст, адзін з родапачынальнікаў марксізму.

1900 — Юзаф Вольф, дасьледнік гісторыі ВКЛ.

1908 — Валеры Ўрублеўскі, дзеяч польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху, удзельнік паўстаньня 1863-1864 гадоў і Парыскай камуны 1871 году. Пахаваны ў Парыжы.

Пётра Сергіевіч . Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў
Пётра Сергіевіч . Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў

1941 — загінуў на фронце Алесь Пруднікаў, паэт, вязень ГУЛАГу.

2001— Вячаслаў Адамчык, пісьменьнік.

Ніна Глобус і Вячаслаў Адамчык. Менск, 1986. Фота Алены Адамчык. Зь сямейнага архіву Адамчыкаў
Ніна Глобус і Вячаслаў Адамчык. Менск, 1986. Фота Алены Адамчык. Зь сямейнага архіву Адамчыкаў


Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG