Аляксандар «Жэрар» Красоўскі, які некалькі месяцаў знаходзіўся пад вартай ува Ўкраіне, выйшаў на волю. Пра гэта паведаміў у сваім Telegram-канале Сяргей Бяспалаў:
«Сёньня ён выйшаў на волю пад заклад. Пры гэтым афіцыйных абвінавачаньняў яму так і ня выставілі».
Паводле ўкраінскага заканадаўства, абвінавачаньне выстаўляюць толькі пасьля завяршэньня дасудовага расьсьледаваньня, а сам абвінаваўчы акт перадаюць у суд, які павінен дасьледаваць, ці адпавядае ён закону, і толькі пасьля гэтага можа пачаць разглядаць справу. На цяперашні момант сьледчыя не зьмянілі тэкст падазрэньня, які падпісаў Аляксандар Красоўскі. Яму інкрымінуюць тыя ж злачынствы, што ў пачатку справы.
Як стала вядома Свабодзе, Красоўскі выйшаў на волю пад фінансавы заклад у памеры 266 240 грыўняў (амаль 6 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС). Ён здаў усе дакумэнты, на падставе якіх можа выехаць за мяжу.
Згодна з рашэньнем суда, расьсьледаваньне прадоўжылі да 14 верасьня 2026 году. Да гэтай даты Красоўскі абавязаны зьяўляцца да сьледчага, пракурора ці суда па першым жа выкліку. У выпадку парушэньня абавязкаў заставу пералічаць у дзяржаўны бюджэт.
У чым падазраюць
Аляксандра «Жэрара» Красоўскага затрымалі ў канцы 2025 году. Ураджэнца Менску падазраюць у самавольным пакіданьні вайсковай часткі (згодна з ч. 5 артыкулу 407 караецца пазбаўленьнем волі ад 5 да 10 гадоў) і ў нашэньні, захоўваньні, набыцьці, перадачы і збыце без законнага дазволу зброі і баявых прыпасаў (згодна з ч. 1 артыкулу 263 караецца пазбаўленьнем волі ад 3 да 7 гадоў).
Аднак сам добраахвотнік віны не прызнае, а ягоны адвакат назваў справу сфабрыкаванай.
Раней суд некалькі разоў працягваў тэрмін утрыманьня яго пад вартай. Плянавалася, што сьледчыя будуць працаваць да 14 жніўня, а далейшая хада справы высьветліцца пазьней. Аднак Красоўскі выйшаў на волю на паўмесяца раней за тую дату.
Хто такі «Жэрар»
Беларус Аляксандар Красоўскі ваяваў спачатку ў палку імя Кастуся Каліноўскага, а потым — у падразьдзеле «Тур» у складзе 225-га асобнага штурмавога батальёну, удзельнічаў у курскай апэрацыі.
Красоўскі мае вышэйшую адукацыю, разам з жонкай, якая служыць у Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны, выхоўваюць дачку, якая мае другую групу інваліднасьці.
Аляксандар Красоўскі зьяўляецца поўным кавалерам ордэну «За мужнасьць». Апроч таго, яго ўзнагародзілі адзнакай прэзыдэнта Ўкраіны «За абарону Ўкраіны», адзнакай Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны «За мужнасьць пры выкананьні спэцыяльных заданьняў», знакам дэпартамэнту контрвыведкі СБУ, нагрудным знакам камандуючага аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны.
Форум