Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 ліпеня: пінскага сьвятара пакаралі на 2 гады «хатняй хіміі»

Суд у Горадні, архіўнае фота
Суд у Горадні, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Пінскага сьвятара пакаралі на 2 гады «хатняй хіміі»

Берасьцейскі абласны суд вынес вырак Аляксею Пыцько — 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Як паведаміла «Берасьцейская вясна». Паводле праваабаронцаў, верагодна, яго судзілі па «справе Гаюна». 24 ліпеня яго дадалі ў «сьпіс экстрэмістаў», куды ўлады дадаюць людзей, якіх рэпрэсавалі па крымінальных справах. Там указана, што судзімасьць ягоная не пагашаная.

Паводле ініцыятывы «Хрысьціянская візія», Аляксей Пыцько — праваслаўны сьвятар, родам з Лепеля, служыць у пінскай эпархіі, разам з жонкай гадуе 5 дзяцей.

КДБ прызнаў «тэрарыстамі» стваральнікаў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі»

Стваральнікаў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі» прызналі «тэрарыстамі», як вынікае з абноўленага сьпісу КДБ.

Ідзецца пра Алену Жываглод (Жылачкіну), Зарыну Сарокіну, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага. 22 студзеня Віцебскі абласны суд завочна прысудзіў стваральнікам і ўдзельнікам ініцыятывы ад 8 да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Іх абвінавацілі паводле артыкулаў аб «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (частка 3 артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу), «абразе Лукашэнкі» (артыкул 368 КК), «распальваньні варожасьці» (артыкул 130 КК), «паклёпе на Лукашэнку» (артыкул 367 КК), «шкодзе нацыянальнай бясьпецы» (артыкул 361 КК).

У «сьпіс тэрарыстаў» таксама трапіла 57-гадовая ўраджэнка Віньніцы Аксана Вальвачова, якую ў Беларусі асудзілі за камэнтары ў тэлеграме. Раней яе прызналі «экстрэмісткай».

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG