Віцэ-прэм’ер і міністар нацыянальнай абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў пра стварэньне Кампанэнту памежнай абароны — новай вайсковай структуры, адказнай за ахову ўсходняй і паўночна-ўсходняй межаў Польшчы.
Фармаваньне зьвязана традыцыяй з Корпусам памежнай аховы часоў міжваеннай Польшчы. Задача новага падразьдзяленьня — змаганьне з сучаснымі пагрозамі, такімі як гібрыдныя апэрацыі, міграцыйны крызіс і небясьпекай, зьвязанай з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў, паведамляе Польскае радыё.
Структура будзе дзейнічаць у складзе Войскаў тэрытарыяльнай абароны і стане адной з элемэнтаў праграмы «Ўсходні шчыт», мэта якой — умацаваньне бясьпекі на межах з Беларусьсю і Расеяй. Праект прадугледжвае будаўніцтва абарончай інфраструктуры, разьвіцьцё сыстэм назіраньня і павышэньне здольнасьці краіны рэагаваць на крызісы.
Чым займаецца новае спэцпадразьдзяленьне
Кампанэнт памежнай абароны складаецца з чатырох брыгад, адказных за ахову ключавых участкаў усходняй мяжы Польшчы. Яны будуць уключаць часьці, разьмешчаныя ў памежных раёнах, у склад якіх увойдуць падразьдзяленьні лягістыкі, выведкі і спэцгрупы, адказныя за выкарыстаньне сучасных тэхналёгій, у тым ліку бесьпілётных сыстэм.
Новая структура будзе адказваць за падтрымку ў ахове дзяржаўнай мяжы, правядзеньне выведкі, забесьпячэньне бясьпекі інфраструктуры і хуткае рэагаваньне на пагрозы. Салдаты будуць супрацоўнічаць з Памежнай службай і іншымі службамі, адказнымі за нацыянальную бясьпеку.
Камандзірам Кампанэнту прызначаны брыгадны генэрал Мечыслаў Гургелевіч — камандзір 1-й Падляскай брыгады Войск тэрытарыяльнай абароны са штабам у Беластоку.
Чаму Польшча ўзмацняе ахову мяжы зь Беларусьсю
Неабходнасьць дадатковай абароны мяжы Польшчы з Беларусьсю абумоўлена гібрыднымі пагрозамі нацыянальнай бясьпецы, узмацненьнем ваеннай актыўнасьці і абаронай зьнешніх межаў ЭЗ і NATO.
Асноўнымі прычынамі ўзмацненьня абароны застаецца кіраваны зь Менска і Масквы мігранцкі крызіс, калі з 2021 году ўлады Беларусі выкарыстоўваюць плыні нелегальных мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі як інструмэнт гібрыднага ціску для дэстабілізацыі Польшчы і Эўразьвязу.
Нават пасьля пабудовы загароды на мяжы спробы прарыву польскай мяжы працягваюцца.
Застаецца таксама ваенная пагроза і ў тым ліку праводзяцца сумесныя вучэньні Беларусі з Расеяй, паколькі Менск зьяўляецца найважнейшым ваенным саюзьнікам Масквы і дапамагае ёй у вайне з Украінай.
Таксама апошнім часам рэгіструюцца выпадкі выкарыстаньня беларускім бокам мэтэазондаў і бесьпілётнікаў для кантрабанды і патэнцыйнай выведкі. Таксама існуе пагроза сабатажу на аб’ектах крытычнай інфраструктуры.
Польская стратэгія «Ўсходні шчыт» (Tarcza Wschód) прадугледжвае маштабную праграму коштам 10 мільярдаў злотых (больш за 2 мільярда эўра) для стварэньня комплексных фартыфікацый, сыстэм раньняга выяўленьня, супрацьдронавай абароны і лягістычных вузлоў уздоўж усходняга флянгу.
Форум