Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне прызначылі Сяргея Карэцкага новым прэм’ерам — трэцім з пачатку поўнамаштабнай вайны

Сяргей Карэцкі ў Вярхоўнай Радзе, Кіеў, 16 ліпеня 2026 году
Сяргей Карэцкі ў Вярхоўнай Радзе, Кіеў, 16 ліпеня 2026 году

Бізнэсовец Сяргей Карэцкі стаў новым прэмʼер-міністрам Ўкраіны на пятым годзе поўнамаштабнай вайны.

Вярхоўная Рада 16 ліпеня зацьвердзіла Сяргея Карэцкага новым прэмʼер-міністрам Украіны. 289 парлямэнтароў прагаласавалі «за».

Сяргей Карэцкі ў сваім выступе ў Вярхоўнай Радзе заявіў, што хоча ўнесьці ў працу Кабінэту міністраў прынцыпы «адказнасьці, прафэсіяналізму і справядлівых правілаў». Ён хоча, каб новы Кабінэт міністраў стаў урадам «абароны, эканамічнага разьвіцьця і эўрапейскай інтэграцыі», піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Увечары 15 ліпеня Вярхоўная Рада атрымала прапанову ад прэзыдэнта Зяленскага прызначыць Сяргея Карэцкага прэмʼер-міністрам Украіны. Паводле Зяленскага, Сяргей Карэцкі падрыхтаваны да пасады.

«Калі мы ўступаем у зіму, то мы павінны рыхтавацца. Мы рыхтаваліся даўно, але прыярытэты зразумелыя — падрыхтоўка да зімы. Таму Сяргей Карэцкі, пасьля ўсіх кансультацыяў, напэўна, найбольш падрыхтаваны да пасады прэмʼер-міністра Украіны чалавек», — заявіў ён журналістам 15 ліпеня падчас сумеснага брыфінгу з прэзыдэнткай Эўрапейскай камісіі Урзуляй фон дэр Ляен.

14 ліпеня Вярхоўная Рада падтрымала адстаўку прэмʼер-міністаркі Юліі Сьвірыдзенкі і ўсяго ўраду. Яна адпрацавала на пасадзе каля аднаго году. Да яе ўрадам Украіны кіраваў Дзяніс Шмыгаль, у час прэм’ерства якога пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі. Такім чынам, Карэцкі стаў трэцім прэмʼерам падчас вайны.

Хто такі Сяргей Карэцкі

Сяргей Карэцкі ўзначальваў назіральную раду дзяржаўнай кампаніі «Нафтагаз Украіны» і працаваў генэральным дырэктарам кампаніі «Нафтагаз», піша пра яго Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Працаваў топ-мэнэджарам у розных галінах бізнэсу, а перад вайной пачаў разьвіваць уласную кававую кампанію, на дзяржаўных пасадах не працаваў ніколі.

Карэцкі далучыўся да ўкраінскай дэлегацыі на саміце NATO ў Анкары і ўдзельнічаў у сустрэчах з эўрапейскімі лідэрамі і прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. А на сустрэчы з прэзыдэнткай Эўрапейскай камісіі Урзуляй фон дэр Ляен Карэцкі абмяркоўваў далейшую падтрымку ўкраінскага энэргетычнага сэктару.

Палітоляг Уладзімір Фясенка ўважае, што Карэцкі ня будзе проста выканаўцам, як Сьвірыдзенка, яго пазыцыя можа быць больш збалянсаванай, але ён ня будзе прэтэндаваць на ролю «цэнтру ўлады».

«Ён стане прэмʼер-міністрам, але прэмʼер-міністрам без сваёй каманды. Гэта будзе ўрад Зяленскага, як і цяпер. Стыль ураду абавязкова зьменіцца, можа быць менш папулісцкіх рашэньняў. Больш увагі будзе надавацца эканамічным і тэхналягічным пытаньням. Гэта будзе ўрад на чале з антыкрызісным мэнэджарам», — падсумаваў Фясенка.

Сяргею Карэцкаму 48 гадоў, ён паходзіць з Луцку, ягоны бацька працаваў інжынэрам на мясцовым заводзе, а маці — у гандлі.

Адукацыю Сяргей Карэцкі атрымаў у тэхнічнай і эканамічнай галінах. У 2001 годзе скончыў Луцкі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «Аўтамабілі і аўтамабільная прамысловасьць», а ў 2005 годзе — у спэцыяльнасьці «Эканоміка прадпрыемства».

Ён таксама атрымаў дыплём спэцыяліста нафтагазавай прамысловасьці ў Івана-Франкоўскім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце нафты і газу ў спэцыяльнасьці «Здабыча нафты і газу». У 2019 годзе ў Кіева-Магілянскай бізнэс-школе скончыў праграму Executive MBA — мэнэджмэнту для бізнэс-лідэраў і ўласьнікаў кампаніяў, сканцэнтраваную на стратэгічным кіраваньні, лідэрстве і разьвіцьці кампаніяў.

Сяргей Карэцкі і колішні прэм’ер Украіны Дзяніс Шмыгаль
Сяргей Карэцкі і колішні прэм’ер Украіны Дзяніс Шмыгаль

Сяргей Карэцкі стаў старшынём праўленьня «Нафтагазу Ўкраіны» 28 красавіка 2025 году, назіральная рада абрала яго ў выніку адкрытага конкурсу сярод 62 кандыдатаў. Ён кіраваў кампаніяй у складаны пэрыяд пасьля зімы 2025 году, калі Ўкраіна выйшла з ацяпляльнага сэзону з рэкордна нізкімі запасамі газу. Урад паставіў перад Карэцкім задачу падрыхтавацца да наступнага ацяпляльнага сэзону, назапасіць газу і аднавіць інфраструктуру пасьля расейскіх абстрэлаў.

Пад кіраўніцтвам Карэцкага стратная «Укрнафта» ператварылася ў адну з самых прыбытковых кампаніяў у краіне.

За сваю карʼеру Карэцкі даваў мала інтэрвію, але ў адным зь іх сказаў, што вайна прымусіла яго зьмяніць свой уласны бізнэс на дзяржаўную дзейнасьць. Да поўнамаштабнага ўварваньня ён быў уладальнікам кававай кампаніі поўнага цыклю Idealist Coffee Co.

«Калі дзяржава кажа, што трэба быць карысным тут і цяпер, то гэта адзіна правільнае рашэньне ў такі момант», — сказаў Карэцкі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG