Статкевіч у тэлеграме прывёў заключны тэкст, разьмешчаны на апошняй старонцы вокладкі кнігі.
«Як людзі робяць маральны выбар у складаных сытуацыях, як яны робяцца героямі ці здраднікамі, як ператвараюцца ў падонкаў ці застаюцца сумленнымі людзьмі? Каб даць адказ на гэтыя пытаньні, я мусіў разьбірацца з чалавечай псыхалёгіяй. Аж да інстынктаў. Але ў літаратуры па тэме ўцямнага вызначэньня чалавечых інстынктаў не знайшлося, а шмат дзе, увогуле, адмаўлялася іх наяўнасьць у нас, акрамя некалькіх відавочных прымітыўных, што цалкам пярэчыла майму веданьню чалавека. Таму, у галоўным тэксту гэтай кнігі, які і даў ёй назву, я мусіў прапанаваць сваё вызначэньне нашых інстынктаў ды іх пералік. А потым, на падставе гэтага, апісаць, як мы робім свой маральны выбар у складанай сытуацыі. Спадзяюся, што разуменьне гэтага дапаможа чытачу лепей зразумець чалавечую сутнасьць, сябе і ўсё, што адбылося і адбываецца з нашай краінай і намі», – гаворыцца ў кнізе.
Пра што кніга
Паводле Статкевіча яго зборнік складаецца зь дзьвюх частак: першая тычыцца этычнага боку супраціву, маральнага выбару чалавека ў складанай сытуацыі, а другая прысьвечаная пошуку стратэгіяў захаваньня і разьвіцьця невялікай краіны і нацыі, заціснутай паміж дзьвюма варожымі і культурна антаганістычнымі цывілізацыямі.
Статкевіч адзначыў, што ў турме ён кіраваўся парадай Марка Аўрэлія — каб разгадаць таямніцу душ людзей наўкол, дастаткова звароту да ўласнага розуму.
«Я афармляў свае меркаваньні ў выглядзе эсэ, якія лістамі (калі іх яшчэ прапускалі) адпраўляў маёй жонцы Марыне, якая публікавала іх у сеціве. Калі магчымасьцяў пісаць ці перадаваць на волю свае тэксты ў мяне не было, я добра прадумваў іх, каб аднавіць у памяці і запісаць ужо пасьля вызваленьня. У гэтым зборніку мае эсэ і іншыя тэксты, напісаныя ці падрыхтаваныя ў зьняволеньні, пачынаючы з 2005 году», — паведаміў палітык.
Палітык мяркуе, што пасьля ўстанаўленьня рэпрэсіўнага рэжыму ў людзей дэмакратычных перакананьняў ёсьць пяць гадоў, каб вярнуць краіне свабоду.
Мікола Статкевіч адзначыў, што рэжым у Беларусі забясьпечыў сябе неабмежаванымі рэсурсамі ад Масквы, якая аплочвае яго існаваньне за абяцаньні і дзеяньні, якія ў будучыні вядуць да амаль непазьбежнага паглынаньня Беларусі Расеяй.
Паводле палітыка, рэжым разумеў небясьпеку для сябе ад патрыятычнага супраціву і пастаянна падвышаў яго цану — спачатку адміністрацыйныя арышты, вялікія штрафы і канфіскацыя маёмасьці, потым «абмежаваньні волі», потым усё большыя і масавыя турэмныя тэрміны ўва ўсё больш жорсткіх умовах, ціск на блізкіх, а таксама выкраданьні і забойствы. «Будучыня свабоды і незалежнасьці залежала ад прыкладу лідэраў, гатовых плаціць за іх такую цану», — мяркуе Статкевіч.
Што трэба ведаць пра зьняволеньне і вызваленьне Статкевіча
Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года ў Менску на Камароўскім рынку. У сьнежні 2021 года палітыка пакаралі на 14 гадоў пазбаўленьня волі.
11 верасьня 2025 года беларускія ўлады вызвалілі і выправадзілі з краіны 52 зьняволеных. Мікола Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасек мяжу Беларусі і Літвы. Некаторы час палітыка можна было бачыць на здымках з камэраў на мяжы, пазьней яго ў невядомым накірунку павезьлі людзі ў масках. Пасьля гэтага Статкевіч працягваў адбываць пакараньне за кратамі.
19 лютага 2026 года стала вядома, што Мікола Статкевіч выйшаў на волю. У палітыка ў зьняволеньні здарыўся інсульт. У красавіку экс-вязень расказаў, што ня змог атрымаць даведку аб вызваленьні. Як заявіла яму кіраўніцтва СІЗА-1, такую паперу выдаць ня могуць, бо Статкевіча «не вызвалялі».
Хто такі Мікола Статкевіч
- 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
- 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
- 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
- Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
- Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
- 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
- 1995 Старшыня БСДП (НГ).
- 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
- 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
- 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
- Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
- 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
- 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
- 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
- 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!».
- У сьнежні 2021 году Мікалая Статкевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе.
- У верасьні 2025-га яго вызвалілі разам з іншымі вязьнямі, але пасьля адмовы пакідаць Беларусь яго даставілі ў тую ж Глыбоцкую калёнію, дзе ён адбываў тэрмін. Да свайго вызваленьня Статкевіча больш як 2,5 году трымалі ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.
- 19 лютага 2026 году стала вядома, што Статкевіч знаходзіцца ў сваім доме, дзе аднаўляецца пасьля перанесенага ў турме інсульту.
- 17 сакавіка 2026-га каля дому затрымалі жонку палітыка Марыну Адамовіч, але праз 4,5 гадзіны бяз допыту яе выпусьцілі з пастарунку міліцыі.