Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы ўрад Літвы крытыкуюць за мякчэйшае стаўленьне да ўладаў Беларусі

Прэм'ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус. Архіўнае фота
Прэм'ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус. Архіўнае фота

Дарадца прэзыдэнта Літвы заявіла, што Вільня працягне ранейшую палітыку ў дачыненьні да афіцыйнага Менска. Раней Сейм Літвы падтрымаў кандыдатуру Міндаўгаса Сінкявічуса на пасаду новага прэм’ер-міністра дзяржавы.

Як паведамляе выданьне Delfi са спасылкай на літоўскае інфармацыйнае агенцтва ELTA, дарадца прэзыдэнта Літвы Аста Скайсгірыце заявіла, што ранейшая пазыцыя Літвы ў дачыненьні да Менска ня зьменіцца.

Заява прагучала на фоне крытыкі з боку апазыцыі на адрас праграмы новага ўраду, якую агучыў прызначаны прэм’ер-міністар Міндаўнас Сінкявічус — з-за зьмены тону ў дачыненьні да ўладаў Беларусі.

Пры гэтым, паводле яе слоў, тэхнічныя ці дыпляматычныя кантакты могуць падтрымлівацца.

«Калі не чапляцца за канкрэтныя фармулёўкі або асобныя словы, можна сказаць, што палітыка, якая да гэтага часу праводзілася ў дачыненьні да Беларусі, будзе захаваная, а пэўныя тэхнічныя і дыпляматычныя кантакты могуць падтрымлівацца — дарэчы, гэта маглі рабіць і папярэднія ўрады», — заявіла Скайсгірыце 14 ліпеня.

«Гэта (праграма ўраду) не стратэгія нацыянальнай бясьпекі, не нацыянальная ацэнка пагроз і не якая-небудзь справаздача. Гэта канкрэтныя, арыентаваныя на будучае захады, якія можна было б рэалізаваць за не такі ўжо працяглы тэрмін, які застаўся гэтаму ўраду», — сказала дарадца прэзыдэнта Літвы.

Паводле Скайсгірыце, у гэтым аспэкце новая праграма ўраду «не надае вялікіх сюрпрызаў».

«Мы бачым, што пераемнасьць зьнешняй палітыкі захоўваецца. Веру, што так і будзе», — заявіла яна.

Што крытыкуюць у праграме новага ўраду

Праект праграмы новага ўраду Літвы трапіў пад крытыку з-за нібыта больш мяккага тону ў дачыненьні да беларускага рэжыму ў параўнаньні з праграмай Кабінэта міністраў Інгі Ругінене.

Яе ўрад у сваёй праграме называў менскі рэжым пагрозай. У праекце праграмы ўраду Сінкявічуса палажэньня аб пагрозе з боку Беларусі ўжо няма. Акрамя таго, у праграме ўрада Ругінене было заяўлена, што міжнародная ізаляцыя Расеі і Беларусі будзе і надалей захоўвацца. Між тым урад Сінкявічуса абяцае ўзмацняць міжнародную ізаляцыю Беларусі толькі ў тым выпадку, калі Менск працягне падтрымліваць расейскую агрэсію супраць Украіны ці ажыцьцяўляць гібрыдныя атакі супраць Літвы альбо Эўрапейскага зьвязу.

Кадравыя зьмены ва ўрадзе Літвы адбываюцца ў выніку распаду парлямэнцкай кааліцыі — сацыял-дэмакраты, лідэр якіх Міндаўгас Сінкявічус, скасавалі кааліцыйнае пагадненьне з партыяй «Зара Нёмана».

Новую кааліцыйную дамову падпісалі кіраўнікі трох фракцыяў — Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, Дэмакратычнага зьвязу «Ў імя Літвы» і Літоўскага зьвязу сялян, «зялёных» і хрысьціянскіх сем’яў. Новая кааліцыя мае 75 галасоў у Сейме.

Якую пазыцыю адносна Беларусі мае новы прэм’ер Літвы

Новы прэм’ер Літвы Міндаўгас Сінкявічус раней ачольваў Міністэрства эканомікі Літвы. Ён ня раз выказваўся аб праблемных пытаньнях у дачыненьнях зь Беларусьсю.

Палітыка санкцыяў і ізаляцыі

16 чэрвеня ў інтэрвію літоўскаму выданьню BNS Міндаўгас Сінкявічус выказаў сумнеў у эфэктыўнасьці санкцыяў і ізаляцыі для зьмены паводзінаў уладаў Беларусі, але пакуль гэтая палітыка не падлягае перагляду.

«Яе варта перагледзець, калі надыдзе час, разам з нашымі стратэгічнымі партнэрамі», — сказаў ён.

Новы кіраўнік ураду мяркуе, што пры ўхваленьні рашэньняў трэба ўлічваць думкі ўсіх хаўрусьнікаў.

«Мы не павінны дзейнічаць спантанна, а працаваць супольна з ЭЗ, улічваць усе аспэкты і слухаць нашых партнэраў за акіянам. Мы таксама чакаем ад іх падтрымкі і стратэгічнага партнэрства», — дадаў Сінкявічус.

Раней ён заклікаў урад і прэзыдэнта Гітанаса Наўседу дамовіцца аб тым, як Літва будзе далей размаўляць зь Беларусьсю. Ён выказваў думку, што дачыненьні могуць стаць «цяплейшымі», калі сустрэчы, няхай і не на найвышэйшым узроўні, будуць арганізоўваць амэрыканцы.

Мяжа і кантрабандныя балёны

Падчас найбольшага крызісу паміж Беларусьсю і Літвой, справакаванага запускамі кантрабандных балёнаў зь беларускага боку, Міндаўгас Сінкявічус выступаў за найхутчэйшае адкрыцьцё мяжы, але казаў, што ключавым пытаньнем мае быць бясьпека.

«А эканамічныя пытаньні — угнаеньні, транзыт і ўсё іншае — гэта ўжо другасны плян. Кампанэнт бясьпекі ключавы, бо санкцыі былі ўведзеныя за ўдзел Менску ў агрэсіі супраць Украіны. Пытаньне ў тым, як гэтыя санкцыі зьмянілі функцыянаваньне Беларусі, як не зьмянілі, трэба іх узмацняць або замяняць дыялёгам», — казаў ён сёлета ў лютым.

Паводле яго, палітыку, якую вёў папярэдні ўрад кансэрватараў датычна Менску, трэба пераглядаць.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG