Тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі «Пул первого» анансаваў выпуск саколак з цытатай гэтага дзеяча пра жанчын. У перакладзе на беларускую мову яна гучыць так: «Жанчына — галоўнае! Як яна скажа, так і мае быць!»
Таксама канал паведамляе, што гэта толькі пачатак новай сэрыі сувэнірнай прадукцыі.
Некалькі гадоў таму прэс-служба Лукашэнкі ўжо запускала сувэнірную прадукцыі зь ягонымі цытатамі і дзеля ягонай папулярызацыі. Тады адкрылі нават краму адпаведных тавараў, куды часта наведваліся розныя чыноўнікі, каб сфатаграфавацца і паказаць адданасьць дзяржаўнаму курсу. Асабліва папулярнай стала прадукцыя з выказваньнем «разьдзявайся і працуй». У асяродку праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі гэтае выказваньне стала мэмам для кпінаў.
Раней улады абвясьцілі 2026 год «Годам жанчыны». Сам Лукашэнка, гаворачы пра гэтую акцыю, заявіў, што [за жанчыну] «нічога больш дасканалага прыродай ня створана». Улады шмат гавораць пра патрэбу падвысіць нараджальнасьць у краіне, а нядаўна заканадаўчым чынам забаранілі так званую «прапаганду бязьдзетнасьці».
Беларускія чыноўнікі часта спасылаюцца на працэнт жанчын у беларускай Палаце прадстаўнікоў. У цяперашнім скліканьні іх 32,4%. Паказьнік вышэйшы за сусьветны (26,5%).
Пры гэтым у выканаўчай уладзе, а гэта міністры, намесьнікі міністраў, кіраўніцтва дзяржаўных камітэтаў, Нацыянальны банк, Генэральная пракуратура — доля жанчын складае толькі 17%. А ў цяперашнім складзе Кабінэту міністраў увогуе няма ніводнай жанчыны.
Што ня так з годам жанчыны?
Ужо на самым пачатку «Году жанчыны» ў Камітэце ААН у пытаньнях ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын зарэгістравалі скаргу журналісткі Ларысы Шчыраковай. Яна паскардзілася на зьдзекі ў калёніі і прымусовы вываз за мяжу пасьля вызваленьня.
Ад Шчыраковай і іншых былых палітзьняволеных беларускае грамадзтва давелалася новыя падрабязнасьці абыходжаньня з жанчынамі за кратамі. На ліпень 2026 году ў турмах Беларусі знаходзяцца 856 чалавек, прызнаных уладамі палітыячнымі зьняволенымі. Сярод іх мноства жанчынаў, некаторыя маюць дзяцей.
Сярод праблемаў і выклікаў, зь якімі сутыкаюцца зьняволеныя з палітычных матываў жанчыны, — мацярынства як інструмэнт ціску, вуаерызм. У лютым шэраг гэтых і іншых фактаў катаваньняў і зьдзекаў быў пералічаны ў адмысловай справаздачы, якую падрыхтавала праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill. У дакумэнтах пра дыскрымінацыю жанчын ва ўмовах несвабоды зафіксаваныя сьведчаньні 12 былых палітзьняволеных жанчын, якія дзяліліся сваімі гісторыямі.
Нягледзячы на высокія словы пра прыгажосьць і пяшчоту жанчыны, патрэбу падвышаць нараджальнасьць, рэжым Лукашэнкі працягвае трымаць многіх жанчын у нечалавечых умовах, катаваць холадам, карміць ежай безь вітамінаў, пазбаўляць спатканьняў і прагулак, надоўга зьнявольваць у штрафных ізалятарах і прымушаць да цяжкой працы за кратамі.
Форум