Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: рэпрэсіі ў Беларусі сталі «схаванымі», штогод заводзяць каля 5 000 палітычных крымінальных справаў

Сілавікі ў Менску. 2020 год
Сілавікі ў Менску. 2020 год

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прэзэнтаваў выніковы даклад «Схаваныя рэпрэсіі ў Беларусі. 2020–2026», у якім аналізуе, як за апошнія шэсьць гадоў кардынальна зьмяніўся характар перасьледу ў краіне.

Пра галоўныя вывады дакумэнту расказаў праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка.

Паводле яго, у 2020–2021 гадах улады дзейнічалі як мага паказальна — з масавымі затрыманьнямі на вуліцах і гучнымі судамі, каб запужаць грамадзтва. Але бліжэй да 2026 году сыстэма перайшла да тактыкі «схаваных рэпрэсіяў»: вонкава ўсё выглядае спакойна, аднак ціск застаецца ня менш глыбокім, толькі становіцца нябачным.

«Улады стварылі сапраўдную інфармацыйную блякаду: засакрэцілі статыстыку „экстрэмісцкіх“ справаў, масава праводзяць закрытыя суды, выкарыстоўваюць завочныя прысуды, затыкаюць рот адвакатам і сваякам праз падпіскі аб невыдаваньні і запалохваньне», — тлумачыць Сапелка.

Паводле праваабаронцаў, штогод у Беларусі фіксуецца каля 5 000 новых палітычных крымінальных справаў. Гэта, як адзначаецца ў дакладзе, гіганцкая «рэзэрва», якая дазваляе рэжыму трымаць краіну ў татальным страху.

У рэзюмэ дакладу «Вясна» заяўляе пра крызіс традыцыйных мэтадаў назіраньня: звыклыя інструмэнты — збор інфармацыі з адкрытых судоў і афіцыйных крыніцаў — у сытуацыі «схаваных рэпрэсіяў» больш не працуюць напоўніцу.

«Трэба цалкам перабудоўваць мэтады працы, каб фіксаваць тое, што рэжым так старанна спрабуе схаваць ад міжнародных арганізацыяў, каб не памыляцца ў ацэнцы», — падсумаваў Сапелка.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG