У новую ініцыятыву ўвайшлі 35 парлямэнтарыяў з 18 дзяржаваў, сярод якіх Швэцыя, Украіна, Нямеччына, Польшча, Латвія, Ісьляндыя, Нарвэгія, Славенія, Чэхія, Харватыя, Фінляндыя, Італія, Малдова, Вялікабрытанія, Літва, Нідэрлянды, Данія і ЗША.
Паводле Офісу Ціханоўскай, група будзе каардынаваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і трымаць беларускае пытаньне ў цэнтры ўвагі АБСЭ.
Выступаючы перад удзельнікамі сэсіі, Ціханоўская падзякавала парлямэнтарам за падтрымку Беларусі і адзначыла, што падобныя групы ўжо дзейнічаюць у 22 нацыянальных парлямэнтах.
Яна таксама заявіла, што пытаньне свабоднай Беларусі наўпрост зьвязанае з бясьпекай Эўропы, і заклікала не дапускаць нармалізацыі адносінаў з рэжымам Лукашэнкі без вызваленьня палітвязьняў і сыстэмных дэмакратычных зьменаў.
«Я цьвёрда веру, што свабодная Беларусь зьмяніла б бясьпеку ўсяго нашага рэгіёну. Яна больш не была б вайсковым фарпостам Расеі, не пагражала б Украіне ці Эўрапейскаму Зьвязу. Замест гэтага яна стала б надзейным суседам, правераным эўрапейскім партнэрам і важным удзельнікам эўрапейскай бясьпекі», — сказала Ціханоўская.
Форум