Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў міжнародны аналіз катаваньняў у калёніі ў Віцьбе: цяперашнія палітвязьні праходзяць тыя ж выпрабаваньні, што іхныя папярэднікі

Калёнія «Віцьба-3»
Калёнія «Віцьба-3»

Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі 23 чэрвеня выпусьціў грамадзкае расьсьледаваньне «Катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў папраўчай калёніі № 3 Віцебскай вобласьці». Гэтая калёнія месьціцца ў пасёлку Віцьбе.

Дакумэнт падрыхтавалі на падставе 29 размоваў з былымі палітвязьнямі, якія сядзелі ў гэтай калёніі, дзеля спрашчэньня названай «Віцьба-3», зь лістапада 2020 да лістапада 2023 году. Расшыфроўка тэкстаў размоў заняла агулам 1836 старонак звычайным шрыфтам, непасрэдна ў спавешчаньні 87 старонак.

Сваім досведам і высновамі на прэзэнтацыі падзяліўся Дзьмітрыйс Міхайлаўс — грамадзянін Латвіі, які правёў у калёніі 1190 дзён і трапіў у першую партыю вызваленых намаганьнямі ЗША 21 чэрвеня 2025 году, піша «Позірк».

«Надзвычайны ўзровень стукацтва»

«Віцьба-3» ад іншых беларускіх калёніяў адрозьніваецца тым, што туды адпраўляюць «элітны кантынгент»: былых чыноўнікаў, сілавікоў. Тут, напрыклад, сядзеў Андрэй Уцюрын — былы намесьнік дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі, начальнік службы бясьпекі Лукашэнкі. Адпаведна ў нейкіх момантах ёсьць паслабленьні, аднак выкананьню ўнутраных правілаў надаюць пільную ўвагу, у калёніі «надзвычайны ўзровень стукацтва», сыстэма даносаў выбудаваная старанна, адзначыў на прэзэнтацыі расьсьледаваньня прадстаўнік камітэту расьсьледаваньня катаваньняў, чыё імя не раскрываецца дзеля бясьпекі.

Сярод вязьняў новай хвалі арганізатар прэзэнтацыі назваў Максіма Знака, Андрэя Дзьмітрыева, Сяргея Пятрухіна, Дзьмітрыя Наважылава (апошні яшчэ ў няволі). Паводле яго, сыстэма спагнаньняў эфэктыўна выкарыстоўваецца для перасьледу палітвязьняў. Калі яны нічога не парушаюць, парушэньні ім прыдумляюць. У многіх статус «злосных парушальнікаў рэжыму». Гэта цягне за сабой ня толькі перавод у штрафны ізалятар (ШЫЗА) і памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ), але й дае падставы для павелічэньня тэрміну паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі»).

Былыя палітвязні, гаворачы пра дзеяньні начальніка калёніі Піліпа Стурчанкі і ягонага папярэдніка Аляксея Старавойтава, адзначылі, што тыя «стварылі падкрэсьлена жорсткія ўмовы знаходжаньня для палітвязьняў», таму «іхныя дзеяньні падлягаюць праўнай ацэнцы і не павінны застацца беспакаранымі».

Дарэчы, Старавойтаў памёр у лютым 2024 году ва ўзросьце 47 гадоў; неафіцыйна гучалі здагадкі пра самагубства. Пасьля прызначэньня Стурчанкі начальнікам калёніі «ва ўсёй установе ўсталявалі сыстэму відэаназіраньня, уключаючы жылыя баракі, што пазбавіла зьняволеных апошніх магчымасьцяў некантраляванага адпачынку ці проста адзіноты».

Іншаземцам — расейская мова, каталікам — праваслаўе

У гэтую ж калёнію этапуюць іншаземцаў. Зьняволеных не сартуюць паводле нацыянальнасьці або веравызнаньня. Яны вымушаныя суседзіць у цэладзённым рэжыме пад пагрозай трапіць у крытую турму, калі хтосьці паб’ецца, адзначыў Дзьмітрыйс Міхайлаўс.

У расьсьледаваньні паведамляюць, што многія іншаземцы не разумелі расейскай мовы, аднак «усе рэжымныя патрабаваньні, уключна з абавязковым вусным спавешчаньнем пры шыхтаваньні, павінны давацца выключна на расейскай мове, незалежна ад таго, ці разумее чалавек хоць слова».

«Людзі проста сядалі, яму дыктавалі, ён пісаў на сваёй кітайскай і вучыў. Ён нават не разумее, што вучыць. Вучыць проста набор гукаў, які яму абавязкова трэба сказаць начальніку калёніі», — расказаў адзін з былых палітвязьняў.

На тэрыторыі калёніі ёсьць праваслаўная царква, аднак зьняволеным іншых канфэсіяў доступ да рэлігійнай практыкі фактычна закрыты.

«Каталікі не дапускаюцца да набажэнстваў, іх пісьмовыя заявы з просьбай зарганізаваць набажэнствы засталіся без адказу, просьбы запрасіць каталіцкага сьвятара адхіляліся пад рознымі падставамі. Пры гэтым адміністрацыя калёніі, паводле наяўных сьведчаньняў, мэтанакіравана выкарыстоўвала праваслаўнага сьвятара для ціску на вернікаў іншых канфэсіяў з мэтай іх пераходу ў праваслаўе. Каталікі былі вымушаныя арганізоўваць малітвы самастойна, дамаўляючыся з асобнымі супрацоўнікамі ў сьвяточныя дні», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Сваім — «праграма ляяльнасьці», палітычным — сыстэма «папраўчых захадаў»

Як адзначаюць сьведкі, былым судзьдзям, пракурорам і міліцыянтам умовы ўтрыманьня ў «Віцьбе-3» ніхто ня робіць больш жорсткімі — звычайна яны разьбіраюць сабе найбольш «сытыя» пасады загадчыкаў гаспадаркі, днявальных і іншых набліжаных да адміністрацыі асобаў. Аднак палітвязьні на прафіляктычным уліку — тыя, каго пазначаюць жоўтымі (схільны да «экстрэмізму», «тэрарызму») і чырвонымі (схільны да ўцёкаў, нападу, суіцыду) біркамі — цярпяць ад усемагчымых «папраўчых захадаў».

«Іх штодзённасьць складаецца зь бесьперапыннага ціску і абмежаваньняў: неабгрунтаваныя спагнаньні ідуць адно за адным, цяжкая фізычная праца становіцца абавязковай і зьнясільвае, а доступ да пасылак, мэдычных перадачаў і зносінаў з блізкімі сыстэматычна абмяжоўваецца», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Органы нагляду, а гэта дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, пракуратура, аблвыканкам, грамадзкая назіральная камісія, правяралі калёнію рэгулярна. Эфэктыўнасьць нулявая.

«Напярэдадні кожнай праверкі начальнік атраду зьбіраў зьняволеных і мэтанакіравана інструктаваў іх маўчаць. Падняць скаргу перад правяральнікамі азначала гарантавана вырачы сябе на ШЫЗА і пазбавіцца ўсіх пэрспэктываў на зьмякчэньне пакараньня. <…> Усякія лісты ў дзяржаўныя органы, у тым ліку з скаргамі, адпраўляліся праз спэцыяльны аддзел, які вырашаў, ці пойдзе твой ліст з калёніі».

Пакараньне за параўнаньне з гітлераўцамі

Дзьмітрыйс Міхайлаўс расказаў пра асаблівае разуменьне «захаваньня гістарычнай памяці» супрацоўнікамі калёніі, якія пры трактоўцы гістарычных злачынстваў фактычна «выйшлі на самых сябе». У карантыне, дзе трымаюць новапрыбылых у калёнію вязьняў, паказвалі фільм Рамана Паланскі «Піяніст» пра пакуты габрэяў у акупаванай гітлераўцамі Варшаве. Габрэі хадзілі з прымусова нашытымі жоўтымі зоркамі Давыда.

«У мяне была такая ж жоўтая бірка, толькі прастакутная», — адзначыў Міхайлаўс.

Ён публічна абурыўся, праз гадзіну пра гэта далажылі начальству, пасьля чаго яго вывелі на двор, дзе пратрымалі шэсьць гадзін без пальчатак, шаліка, у цеснай целагрэйцы, турэмных чаравіках на тонкую шкарпэтку. Гэта было 30 студзеня або 1 лютага 2023 году, паведаміў былы палітвязень. На наступны дзень яго шпіталізавалі з тэмпэратурай 39,3.

Прагляд перадач дзяржаўнай тэлевізіі ў ПК-3, як і ў іншых калёніях, абавязковы. Пасьля вячэры зьняволеныя абавязаныя глядзець навіны ў «ленінскім пакоі». Па выходных — наведваць клюб для прагляду «патрыятычных» савецкіх ваенных фільмаў і прапагандысцкіх матэрыялаў. У дадатак — індывідуальныя «гутаркі» з палітвязьнямі наконт усьведамленьня «памылкі».

49 капеек за тры гады працы

У дакумэнце адзначаюць, што, акрамя асноўнай працы ў цэхах, зьняволеных вымушалі рабіць «дадатковую прымусовую працу, не прадугледжаную іх фармальнымі абавязкамі». Зьняволеных «таксама прымушалі перавозіць цяжкія грузы на вазках, уручную цягнуць будаўнічае сьмецьце».

Паводле даведак, якія ўдалося захаваць некаторым былым палітвязьням, заробак быў мізэрны. Адзін зь сьведкаў за тры гады працы зарабіў 49 капеек. Пры гэтым паводле дакумэнтаў калёнія налічвала зьняволеным 150-200 рублёў на месяц, «аднак паказвалася, што ўся сума ідзе на „ўтрыманьне“ — харчаваньне і камунальныя паслугі».

«Яшчэ кантралёры жартавалі, што грашовае забесьпячэньне іхнага вартавога сабакі ў 8 разоў большае, чым зьняволенага», — сказаў адзін сьведка.

Пры гэтым у «Віцьбе-3» паралельна існуе «сыстэма нефармальных пабораў». Асабліва ўразьлівыя пэнсіянэры, у якіх, адрозна ад большасьці зьняволеных, ёсьць грошы дзякуючы пералічэньню пэнсіяў. Адміністрацыя прымушае іх пісаць заявы аб «добраахвотным пералічэньні»: на рамонт лядоўні, на куплю фарбы, новых шпалераў.

Нічога новага, нічога не мяняецца

Як падкрэсьлілі на прэзэнтацыі, нічога новага ў калёніі ў параўнаньні з ранейшымі часамі няма.

Удзел амэрыканцаў, вызваленьне часткі палітвязьняў не зьмяніла сыстэмы. Людзі, якія знаходзяцца там цяпер, праходзяць тыя ж выпрабаваньні, што й іхныя папярэднікі.

Колькі вызвалілі агулам?

Споўніўся год з пачатку першых масавых вызваленьняў беларускіх палітвязьняў у межах перамоваў паміж уладамі Беларусі і ЗША. 21 чэрвеня 2025 году зь беларускіх вязьніц былы вызваленыя і вывезеныя з Беларусі 14 чалавек, зь іх 6 беларусаў, у тым ліку лідэр ініцыятывы «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі, а таксама 8 іншаземцаў — двое грамадзян Японіі, трое — Польшчы, двое — Латвіі, а таксама грамадзяне Эстоніі, Швэцыі і ЗША.

З таго часу, паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», былі вызваленыя 440 палітвязьняў, паводле зьвестак Радыё Свабода — сама меней 447 грамадзян Беларусі і 31 грамадзянін Украіны.

Для многіх беларускіх палітвязьняў вызваленьне стала не вяртаньнем дадому, а пачаткам жыцьця ў вымушанай эміграцыі і сутыкненьнем з новымі выклікамі. Паводле «Вясны», тых, каго прымусова выправадзілі зь Беларусі, ужо 205 чалавек.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG