Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забітаму ў Польшчы Сямёну Скрапецкаму пагражалі за некалькі дзён да забойства

Сямён Скрапецкі на акцыі ў Бэрліне 12 чэрвеня 2026 году
Сямён Скрапецкі на акцыі ў Бэрліне 12 чэрвеня 2026 году

Расейскі мастак, які вельмі востра крытыкаваў Пуціна, Кадырава і частку расейскай апазыцыі, рэгулярна атрымліваў пагрозы. Польская пракуратура, якая вядзе справу, прымае гэта да ўвагі.

Сямён Скрапецкі (сапраўднае імя Роберт Кузаўкоў) атрымліваў у інтэрнэце шмат гнеўных камэнтароў, звычайна ад прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна і Рамзана Кадырава, ад «троляў» расейскіх спэцслужбаў, расейскіх шавіністаў і праўладных актывістаў. Але выкладаў здымкі свайго экрану з гэтымі пагрозамі і не падаваў заяваў у паліцыю, піша польскае выданьне RMF FM.

Вядома, што ў справе забойства Скрапецкага ў Белай Падляскай затрымалі двух беларусаў. Але да афіцыйных абвінавачаньняў пакуль не дайшло, іх яшчэ толькі зьбіраюцца выставіць. Мужчынам ад 30 да 40 гадоў.

Як піша крыніца, польская паліцыя бачыла пагрозы расправы над Сямёнам Скрапецкім, яшчэ калі ён быў жывы. Паліцыянты зьвярталіся да мастака, але той не ўважаў пагрозы за істотныя і рэальныя, а таму адмовіўся пісаць заяву ў сілавыя структуры. Празь некалькі дзён Скрапецкага забілі на вуліцы.

Сямён Скрапецкі жыў у Польшчы з 2022 году, атрымаўшы ад польскіх уладаў статус уцекача.

Цяпер паліцыя Белай Падляскай просіць кіроўцаў пашукаць запісы зь відэарэгістратараў на сваіх аўтамабілях, асабліва з раёну вакол месца злачынства і шашы нацыянальнага значэньня № 2.

Што яшчэ вядома

Мастак-карыкатурыст Сямён Скрапецкі ў сваіх карцінах і пэрформансах крытыкаваў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, а таксама Аляксандра Лукашэнку. Ён падтрымаў беларускія пратэсты, далучаўся да беларускіх акцыяў салідарнасьці ў Польшчы.

Беларускі мастак Уладзіслаў Бохан, які ведаў Сямёна Скрапецкага, расказаў Свабодзе, што Сямёну рэгулярна слалі пагрозы.

«Ён быў ня тым чалавекам, які будзе скардзіцца на што-небудзь. Апошнія паўгоду, калі ён пачаў жорстка троліць і высьцёбваць кадыраўцаў, мне здаецца, яму былі штодзённа (пагрозы). Як правіла, гэта былі камэнтары ў інстаграме або на ютубе. Ён рабіў падборкі скрыншотаў. Гэта было ўжо нешта звыклае для яго. Ня ведаю, ці былі ў яго нейкія страхі на гэты конт. Мне здаецца, ён быў з тых людзей, якія мала чаго баяцца. Яго адрас ня раз зьлівалі ў сеткі. Хіба трэба было падумаць пра тое, каб зьмяніць месца жыхарства», — расказаў Уладзіслаў Бохан.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG