Як паведаміла Беларуская служба vaticannews.va, спачатку ў базыліцы Саграда Фамілья адбылася сьвятая імша, а потым на вонкавай пляцоўцы ў прысутнасьці шматлікіх вернікаў, караля і каралевы Гішпаніі Філіпа VI і каралевы Летыцыі, Пантыфік узначаліў урачыстае адкрыцьцё і дабраслаўленьне цэнтральнай вежы Ісуса Хрыста.
Асьвяцілі вежу ў дзень 100-й гадавіны сьмерці архітэктара Антоні Гаўдзі, паводле праекту якога храм будуецца больш за сто гадоў.
Вышыня храму 172,5 мэтра. Дзякуючы гэтаму Саграда Фамілья стала найвышэйшым хрысьціянскім храмам у сьвеце. Узьвядзеньне сакральнага будынка, цяпер уключанага ў сьпіс усясьветнай спадчыны UNESCO, распачалося яшчэ ў 1882 годзе.
Базыліка справядліва ўважаецца за галоўны твор жыцьця выбітнага архітэктара Антоні Гаўдзі. Верны каталік пакінуў пасьля сябе ня проста мастацкі шэдэўр, але і сьведчаньне глыбокай веры, у Касьцёле працягваецца яго бэатыфікацыйны працэс.
Пасьля гэтай цырымоніі Леў XIV разам з каралеўскай парай і вернікамі з спэцыяльнага подыюму назіраў за захапляльным сьветлавым шоў і сьвяточнымі фаервэркамі.
У канцы сустрэчы, перад тым як разьвітацца з гішпанскім манархам, папа Рымскі ўрачыста адкрыў памятную дошку ў гонар гістарычнай падзеі.
Форум