Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праграмісты адсачылі, як Расея ўмешвалася ў парлямэнцкія выбары ў Армэніі

Павал Лібер
Павал Лібер

На парлямэнцкіх выбарах у Армэніі каманда беларускіх праграмістаў на чале з Паўлам Ліберам адсочвала ўмяшаньне ў выбары Расеі праз сацыяльныя сеткі. Лібер патлумачыў Свабодзе, чаму гэта важна і для беларусаў.

«Наша каманда мае прадукт грамадзянскага сэктару, які называецца disint.ai. Гэта плятформа для вызначэньня скаардынаваных наратыўных апэрацый у сацыяльных сетках, калі які-небудзь вялікі актар накшталт Расеі, Кітаю, Ірану спрабуе выкарыстаць сацыяльныя сеткі, каб дыктаваць іншым краінам свой парадак дня. Зазвычай гэта асабліва актыўна адбываецца ў час выбараў або нешараговых падзеяў. Напрыклад, калі ў верасьні летась у Польшчу прыляцелі дроны, там была вялізная дэзынфармацыйная атака, мы таксама яе маніторылі. Таксама мы адсочвалі выбары ў Малдове, а зараз дапамагалі нашым армянскім партнэрам з Media Initiative Center маніторыць выбары ў Армэніі», — расказаў Павал Лібер.

Плятформа зьбірае зьмесьціва практычна ўсіх відэа, камэнтароў, «шортаў», жывых уключэньняў і камэнтары. Такім чынам зьяўляецца інфармацыя аб камэнтатарах, якія гэта ўсё распаўсюджваюць, і далей плятформа зьвязвае ўсе гэтыя зьвесткі паміж сабой.

Пры гэтым сачыць за падазронай актыўнасьцю беларускія праграмісты пачалі загадзя, калі яшчэ толькі рыхтавалася перадвыбарная кампанія. У выпадку Армэніі гэта адбывалася з 1 студзеня, а выбары былі прызначаныя на 7 чэрвеня.

«Можна зразумець, як выглядае інфармацыйная прастора ў сваёй норме, як яна ж выглядае перад выбарамі і, уласна, што новага там зьяўляецца. І мы якраз назіралі дзесяціразовы рост наратываў вакол антыўрадавых, антыэўрапейскіх тэмаў. Мы назіралі вялікую колькасьць новых камэнтатараў, якія зьяўляліся ў гэтай інфармацыйнай прасторы непасрэдна перад выбарамі. У сутнасьці мы будуем профіль камэнтатара за ўвесь гэты час і таксама фіксуем незвычайную актыўнасьць камэнтатараў», — дадае Лібер.

Напрыклад, пад увагу распрацоўкі беларусаў трапляюць тыя, хто ў суполках пастаянна публікуе камэнтары ў адзін і той жа час, ці людзі, якія камэнтуюць вельмі хутка, прыкладам, зьмяшчаюць два паўнатэкставыя камэнтары за 6-7 сэкундаў, ці людзі, якія актыўна выкарыстоўваюць скапіяваны тэкст, так званы «copy-paste».

«Мы зьбіраем усю гэтую інфармацыю, у нас сапраўды вельмі вялікія аб’ёмы дадзеных, і гэтыя аб’ёмы дапамагаюць нашым партнэрам зразумець, што супраць іх у гэты момант вядзецца паўнавартасная інфармацыйная вайна. Сабраныя зьвесткі дапамагаюць ім рэагаваць на такія выклікі, будаваць контранаратыўныя стратэгіі, мабілізаваць свае мэдыя і ўсе магутнасьці, каб гэтаму процідзейнічаць.

Мы, у сутнасьці, даем тэхнічную падтрымку. Ну і ў выпадку з Армэніяй гэта была відавочна выяўленая вялікая наратыўная атака, накіраваная на антыўрадавыя, антыэўрапейскія тэмы. Сутнасьць такой атакі — стварыць нейкую „новую нармальнасьць“, калі чалавек, заходзячы ў сацыяльныя сеткі, чытаючы камэнтары, бачыць толькі адну пазыцыю проста таму, што гэтая інфармацыйная прастора акупаваная. Гэта частка новай сучаснай гібрыднай вайны ў інфармацыйнай прасторы, калі на людзей спрабуюць узьдзейнічаць праз вось такія скаардынаваныя наратыўныя апэрацыі».

На гэтым палягае і высокая актуальнасьць праблемы для беларусаў, мяркуе Лібер. Адмыслоўцы бачаць вялікую колькасьць «ботаў», якія цяпер зьяўляюцца ў беларускіх сеткавых каналах, у Х, на YouTube, у тэлевізіі.

«Усе гэтыя боты спрабуюць ствараць перакручаную карціну сьвету, калі гаворка пра дзяржаўную палітыку, ствараць прарасейскую падачу, антыўкраінскія наратывы. І гэта робіцца вялікай стратэгіяй для буйных краін і гульцоў — кантроль над інфармацыйнай прасторай. Адпаведна, такім захадам трэба процістаяць».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG