Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імша папы Рымскага ў Мадрыдзе сабрала 1,2 млн чалавек

Прыбыцьцё папы Рымскага на пляц Сыбэлес у Мадрыдзе. 7 чэрвеня 2026 году
Прыбыцьцё папы Рымскага на пляц Сыбэлес у Мадрыдзе. 7 чэрвеня 2026 году

Грандыёзная багаслужба пад адкрытым небам у цэнтры Мадрыду сабрала 1,2 млн чалавек. Гэтая падзея з удзелам папы Рымскага Лява XIV стала самай маштабнай з моманту яго абраньня ў траўні летась, піша dpa.

Як паведамляецца, Леў XIV прыбыў на месца набажэнства на пляцы Сыбэлес у белым «папамабілі», па дарозе яго віталі натоўпы людзей. У сваёй казані пантыфік заклікаў прысутных увасабляць сваю веру ў жыцьцё, дапамагаючы блізкім. Бог «атаясамляе сябе зь беднымі, прыгнечанымі, адзінокімі і пакінутымі», падкрэсьліў ён.

Тыднёвы візыт папы Рымскага ў Гішпанію пачаўся ў суботу, 6 чэрвеня, калі пантыфік сустрэўся з мігрантамі і бяздомнымі, а таксама прыняў удзел у малітоўным чуваньні, якое сабрала каля 600 тысяч маладых людзей. Раней папа выступіў з крытыкай глябальных тэндэнцыяў правага папулізму, заклікаўшы пакласьці канец «наратывам, якія расколваюць грамадзтва», і выказаў надзею, што яго візыт у Гішпанію паслужыць прыкладам павагі «да кожнага чалавека».

Чакаецца, што Леў XIV таксама наведае Барсэлёну і Канарскія астравы, дзе правядзе набажэнствы і сустрэнецца зь мігрантамі, якія прыбылі з Заходняй Афрыкі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG