«Сёньня мы ўшаноўваем вялікую краіну, якая абараніла сваю незалежнасьць і забясьпечыла сабе месца ў свабоднай Эўропе, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Беларусы таксама ведаюць, што свабода патрабуе мужнасьці і ахвяраў. Дзякуй, Харватыя, за тое, што вы падтрымліваеце нас на шляху да дэмакратыі».
Ціханоўская тройчы наведвала Харватыю. У межах першага афіцыйнага візыту ў студзені 2023 года яна сустракалася з прэм’ер-міністрам краіны, міністрам замежных спраў, сьпікерам парлямэнта; у ліпені 2025-га ўдзельнічала ў Дуброўніцкім форуме па запрашэньні кіраўніка МЗС; у красавіку 2026-га — у саміце Ініцыятывы трох мораў, на палях якога сустракалася з лідэрамі краін рэгіёну.
Харватыя падтрымлівае створаны беларускімі дэмакратычнымі сіламі Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі палітвязьням.
Аляксандар Лукашэнка 30 траўня 2026-га павіншаваў народ Харватыі, але не кіраўніцтва краіны. Такой практыкі ў дачыненьні да гэтай дзяржавы — недружалюбнай з пункту гледжаньня Менска — яна прытрымліваецца ўжо пяць гадоў запар, адзначае «Позірк».
«Упэўнены, што рух наперад па шляху канструктыўнага разьвіцьця двухбаковых сувязей адпавядае карэнным інтарэсам народаў Беларусі і Харватыі. Перакананы, узаемадзеяньне дзелавых колаў, культурны абмен і гуманітарныя кантакты будуць пашырацца і садзейнічаць дасягненьню плённых вынікаў на карысьць Менска і Заграба», — адзначыў віншавальнік у сваім пасланьні.
Форум