Палітвязьня асудзілі за «непадпарадкаваньне адміністрацыі» калёніі
Як стала вядома «Вясьне», на 26-гадовага палітзьняволенага, фігуранта справы «Аддзелаў грамадзянскай самаабароны» Кірылу Ашурка ў зьняволеньні ціснуць. У магілёўскай калёніі № 15, дзе ён адбывае 13-гадовы тэрмін, яго пэрыядычна зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, пасьля яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, цяпер палітвязьня асудзілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі»). Тэрмін ён будзе адбываць у калёніі строгага рэжыму № 9 у Горках.
Вядома, што Кірыла мае шэраг сур’ёзных захворваньняў, а ў канцы 2025 году ў палітвязьня здарыўся мікраінсульт. Паводле інфармацыі «Вясны», Кірыла ня бачыўся з роднымі ўжо тры гады.
Палітзьняволеную Навумаву будуць судзіць паводле 10 крымінальных артыкулаў
Грамадзкая актывістка Валянціна Навумава амаль дзевяць месяцаў застаецца за кратамі. Як стала вядома «Горадзенскай Праваабароне», палітзьняволенай выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці».
Валянціна Навумава была сяброўкаю Партыі левых «Справядлівы сьвет». У 2017 годзе яе аштрафавалі на 15 базавых велічыняў у адміністрацыйнай справе за ўдзел у акцыі «недармаедаў».
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 16 чалавек
Іхны перасьлед зьвязаны з узаемадзеяньнем з «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» і свабодай слова, піша «Вясна».
- Аляксандар Баранаў
- Ягор Бужылаў
- Максім Вайцяховіч
- Віталь Галубоўскі
- Глеб Герасімовіч
- Павел Каберда
- Ільля Карпаў
- Аляксандар Карнееў
- Віктар Келер
- Уладзіслаў Краскоўскі
- Дзьмітры Луговіч
- Аляксандар Мількамановіч
- Уладзімір Падабед
- Андрэй Спасаў
- Уладзімір Стрыжыч
- Аляксандар Фамін
Цяпер у Беларусі 854 палітычныя вязьні, пра якіх ведаюць праваабаронцы «Вясны». Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў 925. Розныя ініцыятывы выкарыстоўваюць розныя крытэры ўлучэньня ў сьпіс.
У экстрэмісцкія сьпісы ўлады Беларусі дадалі 10 рэсурсаў
- baj.media.by — старонка Беларускай асацыяцыі журналістаў (Threads)
- FreeBY (TikTok)
- i_am_the_motherland_ (Instagram)
- kc_bel_2020 (Kansas City for Free Belarus) (Instagram)
- l.sudaiehka — верагодна, меўся на ўвазе канал Леаніда Судаленкі, але ў сьпісе ён зь дзьвюма памылкамі (TikTok)
- Radix Belarus — канал Міколы Дзядка (TikTok)
- yebyBlati (Telegram)
- Аляксей Субатовiч (Threads)
- Зелёный телефон (Instagram, Telegram, TikTok, ВКонтакте, Facebook, Сайт, Telegram-бот)
- прыгону.het (TikTok)