Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўзмацніла захады бясьпекі на мяжы зь Беларусьсю, там зьявіліся аўтаматнікі

Мяжа Беларусі і Расеі. Архіўнае фота
Мяжа Беларусі і Расеі. Архіўнае фота

Афіцыйна на беларуска-расейскай мяжы няма пашпартнага і мытнага кантролю з 1995 году, але час ад часу Расея вяртае на яе свае кантрольна-прапускныя пункты (КПП).

Як паведамляе тэлеграм-канал магілёўскіх праваабаронцаў, беларуска-расейскую мяжу на некаторых участках пачалі ахоўваць аўтаматнікі, на іншых узмацнілі кантроль.

«Да канца траўня праверкі па-ранейшаму суцэльна праводзяцца. Больш таго, зараз на некаторых КПП, акрамя рэгістрацыі пашпартоў у часовых памежных памяшканьнях (дзе зьвесткі ўводзяць у адмысловую табліцу ў кампутары), пачалі правяраць тэхнічны пашпарт аўтамабіля і страхоўку — такі варыянт кантролю назіраўся на трасе Віцебск – Смаленск», — паведамляе тэлеграм-канал праваабаронцаў.

Агульных правілаў кантролю, як сьцьвярджаюць праваабаронцы, пры гэтым пакуль няма. На магістралі М1 Менск – Масква памежнікі па-ранейшаму фатаграфуюць пашпарты, каб працэс кантролю адбываўся хутчэй, але неканечне запрашаюць у сваё часовае памяшканьне. Іх больш цікавяць грамадзяне Расіі, якія перасякаюць мяжу. Расейскія памежнікі, як правіла, зазіраюць у багажнік аўта.

А на выезьдзе ў Беларусь з боку Санкт-Пецярбургу (Пскоўская вобласьць) памежнікам выдалі аўтаматы. Раней вайскоўцы, якія правяралі аўтатранспарт, былі бяз зброі або толькі зь пісталетамі.

Таксама кантроль увялі пры выхадзе з рэгіянальных цягнікоў, якія ад 3 красавіка гэтага году пачалі курсаваць зь Віцебску і Воршы ў Смаленск. На станцыі прызначэньня ў пасажыраў пачалі правяраць пашпарты.

Расея зрабіла стражэйшым рэжым перасячэньня беларуска-расейскай мяжы з канца красавіка.

Што адбываецца на расейска-беларускай мяжы

Расейскія памежнікі працягваюць фіксаваць пашпартныя зьвесткі ўсіх, хто перасякае мяжу Беларусі і Расеі. Праваабаронцы заўважылі гэтую практыку 30 красавіка, апублікаваўшы фатаграфіі перасоўнага КПП.

Расейскія памежнікі ўносяць зьвесткі кіроўцаў і пасажыраў у спэцыяльную Excel-табліцу, таму ля КПП час ад часу зьбіраюцца чэргі. Раней памежнікі проста фатаграфавалі пашпарты, каб пазьней перанесьці зьвесткі ў табліцу.

Расейскія кантралёры не прыхоўваюць, што ім далі ўказаньне весьці пастаянны кантроль іншаземцаў, якія скіроўваюцца ў Расею, і расейцаў, якія выяжджаюць з краіны. Гэтыя катэгорыі падарожнікаў абавязаныя асабіста падыходзіць да акенцаў на КПП і паказваць дакумэнты.

Пры гэтым грамадзяне Беларусі, якія выяжджаюць з Расеі, памежнікаў цікавяць менш за ўсё, іх часта выпускаюць з РФ без унясеньня ў табліцу.

Чаму гэта важна

Фармальна на мяжы Беларусі й Расеі зьнялі кантроль 30 год таму. Афіцыйна на беларуска-расейскай мяжы няма пашпартнага і мытнага кантролю з 1995 году.

Але грамадзянам Расеі і Беларусі пры паездках церазь мяжу трэба мець пры сабе пашпарт, а грамадзяне трэціх краін павінны перасякаць мяжу толькі ва ўстаноўленых пунктах пропуску, маючы візы абедзьвюх краін.

Хоць фармальна мяжа Беларусі і Расеі адкрытая, фактычная праверка пашпартоў і іншых дакумэнтаў стала рэгулярнай працэдурай, расейскі бок час ад часу вяртае перасоўныя КПП на мяжу зь Беларусьсю.

Расея ня першы год аднаўляе праверку дакумэнтаў на мяжы зь Беларусьсю перад травеньскімі сьвятамі.

Раней сёлета памежны камітэт Беларусі пацьвердзіў, што перастаў выпускаць за мяжу расейцаў-прызыўнікоў. На пятым годзе расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны Беларусь і Расея пачалі абменьвацца зьвесткамі з электроннага рэестру вайсковага ўліку і рэестру позваў. Расея нясе вялікія людзкія страты на фронце, што абвастрае праблему прызыву і мабілізацыі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG